Ціханоўская: Швецыя прыняла і апрацоўвае спіс вайсковай дапамогі каліноўцам


Міністэрства абароны Швецыі прыняло спіс неабходнай вайсковай дапамогі для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Пра гэта падчас Варшаўскага форуму бяспекі распавяла «Белсату» абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Палітык адзначыла, што падчас працоўнага візіту ў Швецыю 11–12 верасня перадала міністру абароны Швецыі спіс магчымай тэхнічнай дапамогі беларускім добраахвотнікам, такім, як полк Каліноўскага. Таксама інфармацыя пра гэта была перададзеная шведскім уладам і праз іншыя міністэрствы.

«Гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай працы, каб свет перадусім ведаў, што нашыя добраахвотнікі ваююць. А па-другое, каб аказвалі нейкую пасільную дапамогу», – сказала Святлана Ціханоўская.

Hавiны
Нямеччына ў супрацы з Ціханоўскай перадала беларускім добраахвотнікам пяць пікапаў
2023.06.13 14:01

Паводле яе, у спіс перадусім увайшлі зімовыя рэчы, прылады для размінавання, трэнінгі ў размінаванні.

«На жаль, патрабуе часу, каб разгледзець прапановы, вырашыць нешта», – заявіла палітык.

Паводле яе, гэткія спісы перадаваліся і іншым краінам. Нямеччына, напрыклад, у выніку перадала беларускім добраахвотнікам мабільны шпіталь і некалькі пікапаў. Праўда, адзначыла Ціханоўская, некаторыя краіны адкладаюць такія спісы «на паліцу».

Знішчэнне помніку ў Кіеве – вандалізм

Закранула яна і пытанне знішчэння ў Кіеве мемарыялу памяці беларусам, якія загінулі за незалежнасць Украіны. Паводле яе, гэта вандалізм.

«Гэта вельмі сумна, што нейкія рэчы робяцца, як быццам у супрацьстаянне Лукашэнку, а насамрэч збіваюць баявы дух беларусаў. Бо гэты мемарыял за ўнёсак беларусаў у барацьбу супраць расейскай агрэсіі», – падкрэсліла Ціханоўская.

Hавiны
«Гэта ўжо край». У Кіеве разбурылі помнік беларусам, якія загінулі за Украіну
2023.10.01 11:19

Паводле яе, кіраўнік місіі Дэмакратычнай Беларусі ва Украіне Генадзь Манько неўзабаве наведае Кіеў. І будзе ў тым ліку спрабаваць развязаць і гэтае пытанне.

«На жаль, не ўсе ўкраінцы разумеюць, што беларускі рэжым і беларускі народ – гэта розныя рэчы», – сказала абраная прэзідэнтка.

Нагадаем, днямі стала вядома, што ў Кіеве пад выглядам змагання з краінай-агрэсарам дамагліся частковага разбурэння мемарыялу, пастаўленага ў памяць пра беларусаў, якія загінулі ў вайне за Украіну.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за Украіну
2023.10.01 15:50

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў