Лакальныя поспехі ЗСУ па ўсёй лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 558-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы. Крыніца: ok_pivnich1 / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што на купянскім кірунку Збройныя сілы Украіны адбіваюць па некалькі атак праціўніка за содні, не даючы яму прасунуцца ў бок аднайменнага райцэнтру.

Па інфармацыі Міністэрства абароны РФ, самыя ўкраінцы контратакавалі чатыры разы на поўначы ад сяла Свярдлоўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

Між тым тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» сцвярджае, што ЗСУ адкінулі расейцаў ад двух населеных пунктаў на купянскім кірунку на адлегласць да паўкіламетра.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што на ліманскім кірунку найцяжэйшыя баі ідуць каля сяла Новаягораўка. Тут расейцы намагаюцца заняць вышыню 190,8 метра. Паводле крыніцы, ЗСУ адкінулі праціўніка на ўсход ад важнай кропкі.

Таксама на ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць каля Белагораўкі ў Севераданецкім раёне Луганскай вобласці, але пакуль украінцы паспяхова трымаюць абарону.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

На поўначы ад Бахмуту УС РФ атакуюць у ваколіцах сяла Бярхоўка, але поспеху не маюць.

У гэты ж час на захадзе ад гораду актывізаваліся ўкраінскія вайскоўцы, якія контратакавалі на мясцовых лецішчах. Паводле тэлеграм-каналу «Бахмутський Балу», ЗСУ ўзялі ў палон 9 вайскоўцаў праціўніка.

На паўднёвым фланзе Бахмуту працягваюцца цяжкія баі ў ваколіцах сёлаў Клішчэеўка, Андрэеўка і Курдзюмаўка.

«Бахмутський Демон» піша, што УС РФ намагаюцца не пусціць ўкраінцаў да лініі мясцовай чыгункі, якая праходзіць на ўсходзе ад трох населеных пунктаў.

Пры гэтым адзначаецца, што ў Клішчэеўцы расейцы контратакавалі і дасягнулі частковых поспехаў. Але ўжо зранку 4 верасня ЗСУ ўдарылі ў адказ, у выніку чаго вярнулі раней страчаныя пазіцыі, а таксама прасунуліся наперад.

Hавiны
Расейскі пілот расказаў, як аддаў Украіне верталёт Мі-8: аперацыю рыхтавалі месяцамі
2023.09.04 12:02

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра няўдалыя наступальныя дзеянні праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Аўдзееўка і Мар’інка.

Тэлеграм-канал «Два майора» удакладняе, што каля апошняга населенага пункту расейцы актывізаваліся на флангах. Крыніца сцвярджае, што цягам содняў яны дасягнулі лакальных поспехаў каля Краснагораўкі і Новаміхайлаўкі.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

На так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў расейцы і ўкраінцы атакавалі каля сяла Прыютнае, але ніводны з бакоў не дасягнуў поспеху.

Пры гэтым агулам на бярдзянскім кірунку назіраецца адноснае зацішша, падчас якога бакі засяродзіліся на нанясенні артылерыйскіх удараў, а таксама на назапашванні рэзерваў.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку ініцыятывай валодаюць Збройныя сілы Украіны, якія наступаюць на поўдні ад сяла Работына, на паўночным усходзе ад Новапракопаўкі і на захадзе ад Вербавага. Паводле Deepstate, за содні ЗСУ ўдалося прасунуцца каля Новапракопаўкі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў пацвярджае прасоўванне ўкраінцаў каля Новапракопаўкі ў бок сяла Ачэрэтуватэ. Таксама фіксуюцца атакі ЗСУ ў ваколіцах Даражнянкі. Тут лінія фронту доўгі час заставалася стабільнай.

Hавiны
Расея абвясціла пра адмену сёлетніх вучэнняў «Захад» у Беларусі
2023.09.04 18:51

Акваторыя Чорнага мора

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра знішчэнне чатырох катараў амерыканскай вытворчасці Willard Sea Force у паўночна-заходняй частцы Чорнага мора. Паводле ведамства, на плавальных сродках знаходзіліся дэсантныя групы Сілаў спецыяльных аперацыяў ЗСУ, якія, імаверна, планавалі высадзіцца на захадзе аўтаномнай Рэспублікі Крым.

Украінскі бок пакуль ніяк не пракаментаваў гэтую заяву.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў