Як прайшоў суботнік у рэабілітацыйным цэнтры, які хутка адкрыецца для ветэранаў вайны


У Кіеўскай вобласці 5 красавіка пачне працу рэабілітацыйны цэнтр «Ланка», які ствараюць актывісты беларускага грамадскага аб’яднання «Звяно». Арганізатарка ініцыятывы – праваабаронца і былая палітзняволеная Таццяна Гацура-Яворская, якая разам з чальцамі сваёй каманды сабрала суботнік, каб падрыхтаваць дом для першых наведнікаў. Мы паразмаўлялі з будучымі куратарамі «Ланкі» і наведалі гэтую талаку.

Студэнт Аляксандр Казіцкі і кіраўніца цэнтру «Ланка» Таццяна Гацура-Яворская разам са сваім сабакам на мянушку Кайлас. Кіеўская вобласць, Украіна. 1 красавіка 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Рэабілітацыйны цэнтр «Ланка» размясціўся ў доме плошчай 500 м², гаспадары якога з’ехалі ў першыя дні поўнамаштабнай вайны ва Украіне, і больш за год будынак пуставаў. Паводле беларускі Таццяны Гацуры-Яворскай, агулам на рэабілітацыі, не улічваючы персаналу, які тут будзе жыць, адначасова зможа размясціцца 11 чалавек, аднак пры неабходнасці і дастатковых фінансавых сродках іх можа быць больш.

«Будзе дзве катэгорыі людзей: ветэраны і дзейныя добраахвотнікі пасля раненняў, тэрмін перабывання кліентаў у цэнтры будзе залежаць ад сітуацыі. Але пакуль што ад некалькіх тыдняў да двух месяцаў», – кажа Таццяна.

Кілімы «Вітаем дома!» і новыя кроксы ў вітальні рэабілітацыйнага цэнтру.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Хлопцы пераносяць стол з сутарэння ў працоўны кабінет цэнтру «Ланка».
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Першы і другі паверхі змяшчаюць прасторную гасцёўню, кухню, чатыры пакоі для кліентаў, працоўны кабінет і два ванныя пакоі. Трэці паверх плануюць зрабіць культурніцкай і спартовай пляцоўкай: размесціць трэнажоры, вылучыць тэрыторыю на лячэбную фізкультуру, ёгу і масаж, арганізаваць супольныя прагляды фільмаў, а таксама праводзіць лекцыі, групавую тэрапію з псіхолагам і заняткі замежнымі мовамі.

Агулам на суботнік прыехалі чатыры асобы, але ўвесь дзень у цэнтры кіпела праца: Таццяна давала ўказанні, куды і што трэба перанесці, Аляксандр парадкаваў тэрыторыю ля дому, Андрэй падмятаў і мыў падлогу, а яшчэ двое насілі буйнагабарытныя рэчы, а Кацярына (імя змененае на просьбу гераіні) мыла ванныя пакоі і працірала пыл з усіх паверхняў. Працу суправаджалі песні Віктара Цоя, а камунікацыя паміж валанцёрамі-куратарамі ішла на сумесі трасянкі і суржыку. Асобным забаўным фактарам выступіў сабака Таццяны на мянушку Кайлас, пароды аляскінскі маламут, які раз-пораз імкнуўся выкапаць ямы на заднім двары.

Гасцёўня ў рэабілітацыйным цэнтры «Ланка» пад Кіевам.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Андрэй Кушняроў і Таццяна Гацура-Яворская абмяркоўваюць расліны для дому.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Памочнік цэнтру і былы добраахвотнік батальёну «Волат» палка Кастуся Каліноўскага беларус Андрэй Кушняроў распавёў, што будзе адным з куратараў наведнікаў.

«Патрэбны нехта, хто будзе разумець людзей, якія прайшлі фронт», – дадаў Андрэй.

Ён кажа, што ёсць хлопцы, якія сапраўды маюць патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, але большай частцы хутчэй патрэбныя рэсацыялізацыя, спрыянне з даведкамі, медычнай і юрыдычнай дапамогаю.

«Ёсць розніца паміж людзьмі, якім неабходная дапамога і тымі, хто разумее, што ім неабходная дапамога. Чалавеку даволі цяжка прызнаць гэта. Я ведаю некалькіх людзей, якім гэта трэба, але яны: «Я яшчэ паваюю». Таму тут павінен быць вайсковы доктар, які з гэтымі людзьмі працуе, і скажа, напрыклад: «Так, усё, ты нікуды не едзеш, табе патрэбны адпачынак на два тыдні», – тлумачыць былы добраахвотнік палка.

Памочнік цэнтру «Ланка» і былы добраахвотнік батальёну «Волат» палка Кастуся Каліноўскага Андрэй Кушняроў.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Хлопцы пераносяць лядоўню ў сутарэнне.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Паводле яго, у падобным месцы можна будзе ўспомніць, што ёсць цывільнае жыццё, што не абавязкова пасля адкрыцця дзвярэй або ўключэння святла пачуецца выбух, што з крана бяжыць вада, – вось да такіх базавых рэчаў трэба будзе прызвычаіцца.

«Нельга, каб чалавек забываўся, што ён чалавек, а не салдат», – адзначае Андрэй Кушняроў.

Да суботніка далучыўся і ўкраінскі студэнт Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксандр Казіцкі, які таксама будзе часткаю каманды рэабілітацыйнага цэнтру ў якасці куратара. Ён мае каардынаваць працэс рэабілітацыі 2–3 людзей. Але цяпер Аляксандр займаецца ўпарадкаваннем тэрыторыі, і гэта нагадвае яму пра жыццё ў прыватным сектары да ягонага пераезду ў кватэру ў Кіеве.

Студэнт Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксандр Казіцкі.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Тэрыторыя для планаванага агароду.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

За домам месціцца пустая тэрыторыя, дзе Таццяна і Аляксандр хочуць зрабіць невялікі агарод, каб вырошчваць там зёлкі, цыбулю і салат.

«Гэта таксама від рэабілітацыі: пакорпацца ў зямлі, пасадзіць насенне, і пасля з яго нешта вырасце», – дадае Гацура-Яворская.

Апошняй з валанцёраў-куратараў прыехала беларуска Кацярына, неўролаг, якая таксама служыла ў палку Кастуся Каліноўскага. Дзяўчына кажа, што даведалася пра стварэнне такога цэнтру для ветэранаў ад іншых беларускіх актывістаў ва Украіне і вырашыла далучыцца да каманды. У цэнтры чатыры віды дапамогі: псіхалагічная, медычная, сацыяльная і юрыдычная. Кацярына будзе разам з дактарамі дапамагаць у медычных пытаннях.

Доктар-неўролаг Кацярына (імя змененае на просьбу гераіні) мые падваконне.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Кіраўніца цэнтру «Ланка» і былая палітзняволеная Таццяна Гацура-Яворская разам са сваім сабакам на мянушку Кайлас.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Паводле Таццяны, у доме ўжо ёсць базавыя рэчы: гарачая вада, электрычнасць, пасцельная бялізна, посуд і шмат іншага, а таму хутка яго дзверы адчыняцца для новых наведнікаў.

Цяпер рэабілітацыйны цэнтр «Ланка» збірае сродкі, каб распачаць і весці далей сваю працу, і дапамагчы ініцыятыве беларусаў можна праз спасылку тут.

Гісторыі
Беларусы адкрываюць пад Кіевам рэабілітацыйны цэнтр для ветэранаў вайны. Патрэбная дапамога
2023.04.03 16:35

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў