HBO можа зняць новы серыял-прыкўэл паводле «Гульні тронаў»


Амерыканская сетка платнага тэлебачання HBO абмяркоўвае запуск здымання новага серыялу ў сусвеце «Гульні тронаў», паведаміла выданне «Variety» са спасылкаю на ананімныя крыніцы.

Сюжэт серыялу можа быць звязаны са старажытнай гісторыяй сусвету, створанага амерыканскім пісьменнікам Джорджам Марцінам – за 300 гадоў да падзеяў, што адбываліся ў першым серыяле «Гульня тронаў». Якраз у гэты час на кантынент Ўэстэрас прыбылі на вялізных цмоках Эйган Тарґэр’ен і ягоныя сёстры Вісэнья і Рэніс. Яны падпарадкавалі сабе амаль увесь кантынент і запачаткавалі каралеўскую дынастыю, апошніх нашчадкаў якой – Вісэрыса і Дэнэрыс – мы бачылі ў «Гульні тронаў».

Першы афіцыйны трэйлер «Гульні тронаў», апублікаваны 12 гадоў таму

Пакуль не вызначана, хто будзе сцэнарыстам. Таксама магчыма, што спачатку здымуць асобны кінафільм, а серыял можа стаць працягам фільму.

Кампанія HBO адмовілася ад каментароў. У жніўні 2022 года HBO ўжо выпусціла першы сезон іншага прыкўэлу «Гульні тронаў» – «Дом цмока». Гэта аповед пра грамадзянскую вайну ва Ўэстэрасе паміж рознымі галінамі Тарґэр’енаў прыкладна за 180 гадоў да часоў з арыгінальнага серыялу. Цяпер здымаюць другі сезон.

Афіцыйны трэйлер «Дому цмока»

І гэта не першы і не другі раз, калі HBO звяртаецца да фантастычнага сусвету Джорджа Марціна, які часам называюць «тое жахлівае Сярэднявечча, калі б у ім не было хрысціянства».

Два гады таму, у пачатку 2021 года, былі паведамленні, што HBO думае пра серыял паводле матываў навелаў Марціна пра маладога рыцара Данка і ягонага падлетка-збраяносца Эга. Дзеянне ў навелах адбываецца прыкладна за 90 гадоў да падзеяў «Гульні тронаў». Гэта ў цэлым трохі больш пазітыўныя, менш жорсткія і змрочныя гісторыі, чым звычайна ў марцінаўскім Ўэстэрасе.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў