У сучаснай вайне няма пераможцаў. Інтэрв’ю з экспертам з Нідэрландаў


Канфлікты звычайна працягваюцца нашмат даўжэй, чым усе чакаюць, а ў сучаснай вайне няма пераможцаў – лічыць Тым Свэйс, аналітык Цэнтру стратэгічных даследаванняў у Гаазе (Нідэрланды). Якім чынам заканчваюцца войны? Што такое дыпламатыя прымусу – і як яна працуе (або не працуе)? Які галоўны прынцып павінен вызначаць будучую архітэктуру бяспекі ў свеце? Падрабязнасці ў інтэрв’ю Алеся Сіліча з нідэрландскім экспертам Тымам Свэйсам.

Сяргей Пеляса: Пачнем з адносна новых асноўных змяненняў у вайне: замены вельмі папулярнага галоўнакамандуючага арміі Украіны Валерыя Залужнага на Аляксандра Сырскага і таго, як гэтая замена можа паўплываць на хаду вайны. І як вы ацэньваеце першыя загады Сырскага?

Відавочна, што Украіна сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі – выклікамі на фронце, але таксама і праблемамі ў далечыні ад фронту. На фронце мы бачым, што пасля двух гадоў вайны наступіў відавочны тупік – тупік, што ўжо цяпер у замарожаным стане, у якім абодва бакі замацаваліся, і незразумела, як з гэтага тупіку можна выйсці. Прэзідэнт Зяленскі прыняў пастанову змяніць свайго галоўнакамандуючага. Насамрэч гэта выклікае нямала негатыўных водгукаў у прэсе на Захадзе і ўспрымаецца негатыўна, але я цалкам магу сабе ўявіць, што праз два гады вы будзеце літаральна разбітыя баямі, бо вы выматаныя і стаміліся. І што настаў час змены кіраўніцтва.

Hавiны
Кіраўнік ГУР Украіны аб адстаўцы Залужнага: Калі ўсё было выдатна, чаму мы там, дзе ёсць?
2024.02.29 12:18

І таму Зяленскі даў новаму галоўнакамандуючаму канкрэтныя ўказанні напісаць план, як зламаць гэтую маўклівую бессэнсоўнасць. Для гэтага новаму галоўнакамандуючаму прыйдзецца развязаць шэраг неадкладных задачаў. Ён павінен добра набіраць людзей і адпраўляць іх на фронт, добра навучаць іх і рыхтаваць да вайны. Ён павінен паклапаціцца, каб на гэтым вельмі доўгім фронце было дастаткова зброі для ўсіх. Ён павінен паклапаціцца аб інтэграцыі новых сістэмаў узбраення, якія Захад перадасць ужо ў гэтым годзе. Ён таксама павінен паклапаціцца аб інтэграцыі новых тэхналогіяў, такіх як армія дронаў, і мільёнаў дронаў, што будуць вырабленыя. А затым трэба будзе таксама развязаць пытанне аб тым, як знайсці баланс паміж эфектыўнасцю на фронце, з аднаго боку, і наяўнасцю сродкаў для аб’яднання гэтых глыбокіх удараў у тыле, з другога боку – каб не даць Расеі ўзмацніцца і падарваць яе здольнасць весці ды забяспечваць вайну. І гэта задача, якую паставіў новы камандуючы. У найбліжэйшыя месяцы мы ўбачым, як ён выканае сваю задачу.

Як, на вашую думку, будуць развівацца ваенныя дзеянні ва Украіне хоць бы ў гэтым годзе?

Паглядзіце, стомленасць ад вайны, вядома, мае месца і на міжнародным узроўні. Але, на шчасце, мы бачым, што ў апошнія дні і тыдні еўрапейцы пацвердзілі свой «commitment» – сваю прыхільнасць Украіне. У студзені гэта зрабіў Лондан, а цяпер яшчэ і Парыж і Берлін, якія падпісалі пагадненне аб карпаратыўнай бяспецы і фактычна зноў пацвердзілі ды зноў паставілі свае абавязанні перад Украінай на першы план. Мы таксама бачым, што пакеты дапамогі Украіне ад Еўрапейскага Звязу разлічаныя і ўжо дзеюць больш чым дзесяць гадоў. У той жа час мы таксама бачым, што ў Амерыцы падтрыманне Украіны ўжо складае 60 мільярдаў долараў, і адпаведны пакет зʼявіцца ў Кангрэсе ў найбліжэйшыя месяцы. Мы таксама назіраем і тое, што цяперашнія еўрапейскія арсеналы ўзбраенняў ужо практычна знясіленыя.

Аналітыка
Чаму вайна ва Украіне зайшла ў тупік, і чым гэта можа скончыцца?
2024.02.24 06:45

Еўропа павінна ўбачыць, наколькі Украіна здольная падтрымліваць тэмп вайны ў найбліжэйшыя месяцы, у найбліжэйшыя паўгода, у найбліжэйшы год. У мяне, калі шчыра, на гэты конт няма ніякага крыштальнага шара, але ў любым выпадку вы павінныя разумець, што вайна – гэта дама часта непрадказальная, яна проста можа выйсці з-пад кантролю. Могуць зʼявіцца нечаканыя прарывы ў самых непрадказальных месцах, стратэгічныя сюрпрызы, змены кіраўніцтва, могуць мець месца выпадкі гіганцкага кровапраліцця, эскалацыя самых розных формаў і гэтак далей… Таму надзвычай складана прадказаць хаду вайны! Але калі прыгледзецца да падзеяў апошніх тыдняў і месяцаў, то відаць, што мы маем на сённяшні дзень фронт працягласцю больш за тысячу кіламетраў, мы бачым мінныя палі, гіганцкія мінныя палі, два-тры слаі абароны ў кожным кірунку, расейцы літаральна ператварылі сваю прамысловасць і эканоміку ў ваенную эканоміку. Крэмль выдзяляе на абарону больш за 7 % свайго ВУП, выдаткавана на абарону больш за 140 мільярдаў долараў – гэта амаль палова, прыкладна 40 % ад таго, што ўсе ўрады свету, разам узятыя, могуць вылучыць на гэтую вайну. Расейцы фактычна рыхтуюць увесь свет да працягу гэтай вайны. Але, з другога боку, мы бачым Украіну, а таксама маем пытанні да заходніх даставак. Еўрапейцы, якія абяцалі шмат боепрыпасаў, але якія не могуць даць нават паловы з іх. Еўропа яшчэ мала прасунулася ў вытворчасці новай зброі і боепрыпасаў. Вядома, пачалі размяшчацца адкладзеныя заказы вайсковай прамысловасці, але відавочна, што 2024 год яшчэ далёка не канец вайны.

У сваіх працах і інтэрвʼю вы часта кажаце пра «прымусовую або прымушальную дыпламатыю». Растлумачце нашым гледачам, што гэта такое?

У медыях, асабліва ў апошнія гады, усе ўбачылі, што аналіз падзеяў звяртае найбольш увагі на дэталі ваенных аперацыяў. Што адбываецца на фронце, якія перамяшчэнні войскаў мы бачым, якія сістэмы разгортваюцца, якое сяло, які горад заваёўваецца, увогуле на ўсё, што непасрэдна тычыцца поля бітвы. Менш увагі надаецца таму, што пагроза ўжывання сілы або яе непасрэднае ўжыванне таксама ёсць інструментам ціску на апанента, такім жа стратэгічна небяспечным элементам вайны. У адной з маіх працаў аб прымусовай дыпламатыі (я нядаўна выпусціў пра гэта кнігу) можна ўбачыць, што гэта ўжо зрабілася звычайнай практыкай. Наўпрост перад вайной і ўжо падчас вайны працягваюць патокам ліцца пагрозы апаненту з мэтаю прымусіць яго да перамоваў на ўмовах агрэсара. Расея яшчэ перад пачаткам вайны актыўна практыкавала свае прымусовыя дзеянні, напрыклад, рухі войскаў, вайсковыя вучэнні на мяжы з Украінай. З адной і той жа мэтай – нейтралізаваць Украіну, не дапусціць яе сяброўства ў NATO. Як гэта ўдалося некаторым былым савецкім рэспублікам – краінам Балтыі, цяпер чальцам NATO. Гэта быў чысты прыклад дыпламатыі прымусу. Не было ніякага дэдлайну, не было ўльтыматуму, але агрэсіўная расейская дыпламатыя літаральна крычала: рабі як я скажу, інакш будзе дрэнна. Захад увесь той час не надта слухаў Украіну і адначасова недаацэньваў ступень агрэсіўнасці Расеі і тое, наколькі далёка расейцы здольныя пайсці. І Захад, у сваю чаргу, ужываў прымусовую дыпламатыю, кажучы Расеі, што, калі вы нападзяце на Украіну, гэта будзе вам вельмі дорага каштаваць, у тым ліку ў фінансавым плане: вайна – гэта надзвычай дарагая цацка, якую далёка не ўсе могуць сабе дазволіць. Але, як аказалася, пагрозы Захаду ў выніку не спрацавалі, і Пуцін зрабіў тое, што зрабіў, – напаў на Украіну. Але працягвае атрымліваць з Захаду выразны мэсідж: вам не ўдасца падпарадкаваць сабе Украіну, вайна прывядзе да шматлікіх і непатрэбных ахвяраў і смерцяў, а мы збіраемся знішчыць вашую армію. Але расейцы робяць выгляд, што яны глухія. Яны працягваюць атакаваць энергетычную інфраструктуру Украіны, каб зрабіць украінцам жудасную зіму, якая, на шчасце, ужо амаль скончылася. Мэта такіх нападаў – зламаць маральны дух украінцаў, што, я спадзяюся, ім таксама не ўдасца.

Агляд
Расейцы прасоўваюцца, але прарыву фронту няма. Што адбываецца ва Украіне?
2024.03.02 19:57

Ці можа Расея прымусіць Украіну сесці за стол перамоваў? А NATO?

Усе мы ведаем, што войны ўрэшце заканчваюцца і, як правіла, за сталом перамоваў. Таму што ёсць адзін закон, скажу па-англійску: «Кожная вайна павінна скончыцца». Але пры якіх абставінах вайна заканчваецца? Калі ўсе выдаткі на вайну патрачаныя – вайсковыя выдаткі, эканамічныя выдаткі, таксама і гуманітарныя. Ніякай веры і надзеі не павінна існаваць на тое, што хтосьці можа перамагчы ў гэтай вайне. У сучаснай вайне няма пераможцаў! І нават калі вам здаецца, што баявыя дзеянні спыніліся, страляніна скончылася, здаецца, ніхто больш не ваюе, але, магчыма, гэта проста паўза, якую ваш праціўнік выкарыстоўвае, каб набрацца сілаў і пераўзброіцца для новага старту канфрантацыі. Таму сапраўдны канец вайны можа наступіць толькі за сталом перамоваў. Сёння Украіна не можа быць прымушаная Расеяй за стол перамоваў. Выдаткі і страты ўсіх відаў проста гіганцкія, але не настолькі велізарныя, каб Украіна спыніла сваю барацьбу. Гэта па-першае. Па-другое, нягледзячы на ўсе страты і наступы расейцаў, украінцы зусім не страцілі веры ў сваю перамогу. І па-трэцяе, як выказаўся прэзідэнт Зяленскі, «давайце не будзем пакідаць гэтай раны будучым пакаленням». Украінцы таксама не вераць у тое, што калі спыніць вайну цяпер, то праз два гады або праз дзесяць гадоў, або праз дваццаць гадоў расейцы зноў не пойдуць на іх з вайною. Таму я лічу, што пакуль камбінацыя гэтых вышэйзгаданых трох фактараў усё яшчэ існуе… Я не бачу магчымасці, каб абодва бакі ў хуткім часе селі за стол перамоваў. Шмат вады яшчэ выцеча праз млын гісторыі.

Вы ўжо сказалі, што ўсе войны рана ці позна заканчваюцца, і гэтая вайна, я спадзяюся, не выключэнне. Калі, на вашую думку, і чым нарэшце яна скончыцца?

У мяне няма, як я ўжо казаў, магічнага крыштальнага шара, і талентам прадказальніка я не валодаю. Але магу адзначыць дзве рэчы: нават для пяцідзесяцігадовых і больш працяглых войнаў, па-першае, калі канфлікт не можа быць уладжаны вельмі хутка, то працягнецца ён, хутчэй за ўсё, нашмат даўжэй, чым усе чакаюць. Гэта сцэнар працяглай вайны. І па-другое, толькі пятая частка ўсіх войнаў у свеце выразна пазначае ў выніку канкрэтнага пераможцу і канкрэтнага пераможанага. У іншых выпадках зыход войнаў значна больш двухсэнсоўны, значна больш смутны. Спачатку падаецца, што ўсё скончылася, зброя складзеная, а потым, праз нейкі час – бабах – і выбухі, і свіст куль зноў чутныя… Бакі могуць дамовіцца пра спыненне агню, але гісторыя нам кажа пра тое, што праз два, а можа і праз пяць гадоў пажар гэтай вайны можа загарэцца зноў. Гледзячы тут і цяпер на сітуацыю ва Украіне, мы назіраем рашучасць абодвух бакоў, мы таксама бачым і іх здольнасць працягваць баявыя дзеянні. Тады можна прадказаць, на жаль, працяглую кровапралітную бойню, якая ў выніку можа прыйсці праз нейкі час да спынення агню і ў больш працяглай перспектыве сысці на нішто. У гэтым працэсе вельмі важную ролю адыгрываюць NATO, ЕЗ, а таксама іншыя партнёры Украіны, якія, па-першае, могуць дапамагчы ёй у будаванні сістэмаў эфектыўнай самаабароны супраць расейскай агрэсіі ды, па-другое, дапамагчы ў эканамічным сэнсе, запусціўшы новы план Маршала. З мэтай аднаўлення эканомікі, грамадскага і сацыяльнага жыцця. І па-трэцяе, прапанаваць новую эфектыўную архітэктуру бяспекі, пры якой само існаванне Украіны, яе незалежнасць будуць забяспечаныя і абароненыя.

Як павінна будавацца будучая архітэктура бяспекі – еўрапейскай і глабальнай – пасля заканчэння вайны?

Гэта вельмі складанае пытанне, але паспрабую адказаць на яго, пачаўшы з таго, што павінен непарушна існаваць адзін важны прынцып: гэта прынцып тэрытарыяльнай цэласці і палітычнага суверэнітэту, закладзены, дарэчы, у Статуце Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў. Гэты непарушны прынцып павінен быць часткаю міжнароднага парадку. Заўсёды і ўсюды. Нашая ўсясветная архітэктура бяспекі павінна быць накіраваная на падтрыманне гэтага і іншых важных прынцыпаў. Калі мы гэтага не будзем рабіць, то, як дэманструе не толькі прыклад Украіны і Расеі, але і возьмем усе асноўныя сістэмныя войны, у тым ліку Першую і Другую сусветную вайны, Напалеонаўскія войны, свет анархіі, свет, у якім чалавек чалавеку воўк, катастрофа не зʼяўляецца ніадкуль: сам па сабе канфлікт – гэта вельмі заразная хвароба. А заразныя хваробы маюць тэндэнцыю да распаўсюджвання. Таму, калі мы хочам гэта спыніць і не дапусціць у будучыні, прынцып тэрытарыяльнай цэласці павінен стаць адпраўной кропкай. Як жа можа выглядаць архітэктура бяспекі? Я думаю, што не толькі так званыя звышдзяржавы, у якіх у распараджэнні ёсць велізарныя рэсурсы (выключна для добрых мэтаў, як ім спачатку здаецца) і, хутчэй за ўсё, ядравая зброя, але і сярэднія паводле велічыні дзяржавы, што могуць абʼядноўвацца дзеля фармавання саюзаў, здольных фармаваць сусветны парадак, павінны вучыцца працаваць разам, супрацоўнічаць для добрых мэтаў, каб не толькі хацець, але і мець магчымасць сябе абараніць ад любой агрэсіі. У рамках Еўропы гэта азначае, што абараназдольнасць павінна быць пастаўленая на новы, значна больш эфектыўны ўзровень. Нядаўна ўсе еўрапейцы са здзіўленнем даведаліся пра тое, што толькі цяпер пачалася праца над тым, каб толькі 18 з 31 краіны – чальца NATO пачалі вылучаць хоць бы 2 % свайго нацыянальнага бюджэту на абарону. На сённяшні дзень такіх краінаў нашмат менш за васямнаццаць. Натуральна, так далей працягвацца не можа, абаронныя магчымасці NATO і Еўрапейскага Звязу павінны быць у самы бліжэйшы час значна ўзмоцненыя. У тым ліку павінна быць паскоранае распрацоўванне новых электронных сістэмаў, нарошчаная вытворчасць зброі і боепрыпасаў. Армія любой еўрапейскай краіны павінна быць у стане самастойна праводзіць шматдзённыя буйнамаштабныя вайсковыя аперацыі. Еўрапейцам (дый не толькі еўрапейцам) яшчэ вельмі шмат трэба зрабіць.

belsat.eu

 

Стужка навінаў