«Ён заўсёды быў лідарам». Генералу Юрыю Захаранку сёння б споўнілася 72 гады


4 студзеня 1952 года нарадзіўся Юрый Захаранка – колішні міністр унутраных справаў Беларусі, які знік і, верагодна, быў забіты ў 1999 годзе. Ягоная дачка Алена згадвае бацьку: «Ён заўсёды быў лідарам, заўсёды прыстойны, заўсёды верны сваім прынцыпам».

Партрэт Юрыя Захаранкі ўдома ў ягонай дачкі Алены.
Фота: Белсат

Сёння б споўнілася 72 гады генералу Юрыю Захаранку – былому кіраўніку Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, які знік у 1999 годзе. У размове з «Белсатам» ягоная дачка Алена згадала, якім быў бацька:

«Ён заўсёды быў лідарам, ён заўсёды ішоў наперад. Ён быў заўсёды прыстойны, заўсёды верны сваім прынцыпам».

Час, калі Захаранка працаваў у сістэме МУС, называлі «залатым часам следства», кажа Алена, бо «ён прынёс шмат пераўтварэнняў, быў рэфарматарам».

Паводле дачкі, Захаранка меў вялізны аўтарытэт у падначаленых, ягонае прозвішча «асацыявалася з гонарам і прыстойнасцю».

«Ніколі ён не ішоў супраць народу, ён ішоў разам з законам, а наперадзе – справядлівасць і вера ў будучыню. Калі адбываліся масавыя акцыі, было ачапленне, нікому не дазвалялася падыходзіць да Дому ўраду. Тату пазнавалі нават без уніформы, і супрацоўнікі міліцыі адыходзілі ўбок. І ён без перашкодаў праходзіў. То бок, аўтарытэт быў вялізны», – згадвае Алена Захаранка.

Яна прызнаецца, што мала часу бавіла з бацькам, бо амаль увесь час ён прысвячаў працы.

«Ён амаль ніколі не бываў удома. Ён прыходзіў вельмі позна. У суботу яго ніколі не было. Можа быць, у нядзелю трошкі ён бавіў з намі час. Ён быў цалкам адданы сваёй працы. Ён лічыў, гэта ягоны прафесійны абавязак, гэта частка ягонага жыцця. Мы ведалі, што ўсё, што ён робіць, ён робіць дзеля таго, каб перамаглі закон і справядлівасць», – адзначыла Алена.

Hавiны
«Ім усім стралялі ў спіну». Дачка экс-міністра Захаранкі сустрэлася з Гараўскім
2020.02.17 10:34

Нягледзячы на высокую пасаду міністра, спадар Юрый быў сціплы і не выхваляўся сваім становішчам.

«Тата ніколі не хацеў і ніколі не паказваў свайго службовага становішча, і нам не дазваляў. Мы ездзілі на простай машыне, нават калі ён ужо быў на пасадзе міністра ўнутраных справаў. Ён проста так дапамагаў нашым суседзям – кагосьці прывезці, падвезці, таму што ён быў вельмі сардэчны і эмацыйны, нягледзячы на ягоны строгі выгляд», – згадвае дачка зніклага палітыка.

Юрый Захаранка пасля звальнення з пасады кіраўніка МУС у 1995 годзе пайшоў у апазіцыю да Лукашэнкі, быў чальцом Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён знік 7 траўня 1999 года і, верагодна, быў забіты. У тым жа годзе зніклі без вестак былы старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі.

Каментар
«Мінімум 20-гадовы тэрмін». Дачка забітага Юрыя Захаранкі пракаментавала суд над Гараўскім
2023.09.21 00:39

У датычнасці да гэтых злачынстваў падазраюцца колішні кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, былыя міністры ўнутраных справаў Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў, а таксама тагачасны камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка.

Некалькі гадоў таму пра датычнасць да знікненняў апазіцыйных палітыкаў заявіў былы баец Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання Юрый Гараўскі. Паводле ягонай версіі, Захаранку, Ганчара і Красоўскага забіў Паўлічэнка стрэламі ў спіну.

Летась у верасні суд у Швейцарыі не знайшоў доказаў віны Гараўскага ў гвалтоўным знікненні апазіцыянераў, бо «на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасцях і ўхіляўся ад адказу». Суд прыйшоў да высновы, што той, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданнях застаецца незразумелая. «Магчыма, ён чуў штосьці ад калегаў», – зрабіў выснову суддзя.

Агляд
«Так працуе незалежны суд». Чаму ў Швейцарыі апраўдалі экс-спецназаўца Юрыя Гараўскага?
2023.09.29 16:14

belsat.eu

Стужка навінаў