У Беларусі знікае малдаўскае віно. Так рэжым Лукашэнкі можа караць Санду


З беларускіх крамаў знікае віно малдаўскай вытворчасці, якое яшчэ нядаўна актыўна прадавалася ў нашай краіне. Такім чынам улады ў Менску могуць спрабаваць «пакараць» улады Малдовы. Таксама гэта можа быць звязана з карупцыйнымі схемамі, піша «Еўрарадыё».

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду.
Фота: gov.md

Паводле звестак Нацыянальнага бюро статыстыкі Малдовы, у 2022 годзе Беларусь была галоўным імпарцёрам малдаўскага віна. У нашу краіну адправілі 3,2 мільёна дэкалітраў. Але цяпер выбар малдаўскага віна ў Беларусі прыкметна знізіўся. У некаторых буйных гандлёвых сетках ёсць на выбар толькі 2-3 пазіцыі, а ў некаторых віна з Малдовы няма зусім.

У гандлёвай сетцы «Карона» паведамілі, што некаторыя віды віна перасталі прадавацца яшчэ з ліпеня 2023 года. Пры гэтым там адзначылі, што віна няма ў пастаўляльніка.

«Малдовы ў нас няма практычна год. Рэшткі нейкія прывозілі, на складзе знайшлі, але і гэтага даўно ўжо няма. Наогул, гэта вам мусілі сказаць на кароткім нумары. Разумею, што вам падабаецца малдаўскае віно, але мы з імі не супрацоўнічаем. Можа, з лагістыкай праблемы, можа, санкцыі нейкія, у нас няма такой інфармацыі. І гэта не толькі ў нашай краме, такое адбываецца ва ўсёй сетцы. Не выключаю, што ў рэгіёнах ёсць рэшткі, дакладна вам сказаць не магу», – распавялі ў адной з крамаў «Белмытнясэрвіс».

У сетку алкамаркетаў «Сем пятніц» апошняя партыя віна паступала ў лістападзе.

У малдаўскай вінакурні «Крыкава» паведамілі, што пастаўкі ў Беларусь сур’ёзна знізіліся ў параўнанні з 2022 годам «праз імпартныя квоты, якія пастанавіла ўвесці Беларусь».

«Яны могуць як павышаць квоты, так і зніжаць, таму прадукцыя знікае з прылаўкаў. Так, працаваць з Беларуссю мы ўсё яшчэ працягваем, але не ў такіх абʼёмах, як раней. Квоты выстаўляюцца раз на паўгода, наступным разам гэта адбудзецца ў чэрвені, тады і паглядзім, можа, нешта і зменіцца», – патлумачыў прадстаўнік кампаніі.

Hавiны
Ціханоўская скіравалася з візітам у Малдову на запрашэнне Санду
2023.10.20 15:56

Малдова стала першай краінай СНД, якую з афіцыйным візітам наведала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Яна здзейсніла візіт 20 кастрычніка 2023 года на запрашэнне прэзідэнткі краіны Маі Санду.

Паводле «Еўрарадыё», рэжым у Менску цяпер дзеля помсты дэмакратычнай Малдове можа ціснуць на асноўны прадукт імпарту – віно. Знікненне віна можа быць звязанае і з карупцыйнай схемай дзяльбы квотаў на пастаўкі алкаголю.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў