Нам карысны беларускі калабарацыянізм узору 2023 года

Боязна нават закранаць тэму падзелу паміж эмігранцкай культурай і культурай у Беларусі: часам здаецца, што надаць чаму-небудзь увагу – значыць, прызнаць праблему. Але даводзіцца перыядычна сутыкацца з крыўдай на «з’ехалых» за залучэнне ўсяго, што на тэрыторыі краіны, у калабарацыянізм. Я ведаю пра такое стаўленне толькі праз рэакцыі на яго, але лічу вартым лішні раз прагаварыць: без таго, што адбываецца ў Беларусі, нават з улікам панятку «калабарацыянізм», размовы пра беларускую культуру можна спыніць і разысціся.

Кадр з фільму «На іншым беразе». Скрыншот: kinopoisk.ru

Мы, вядома, абышліся б без тых, напрыклад, хто здымаў ганебны прапагандысцкі фільм «На іншым беразе». Без тых, хто ладзіў і ладзіць «чысткі» ў беларускіх тэатрах з увагі на лаяльнасць рэжыму. Без мастакоў, якія выконваюць дзяржаўныя замовы на патрэбы арміі. Але мы не абыдземся без тых, хто супрацьстаіць рэжыму не дзе-небудзь у Нямеччыне, а на тэрыторыі Беларусі.

Пад супрацьстаяннем я разумею не супраціў у літаральным сэнсе слова, не адкрытае палітычнае выказванне, не адстойванне інтарэсаў незалежных творцаў у культурніцкай прасторы – яны не магчымыя. А кожны лапік тэрыторыі, заняты неангажаваным мастацтвам, папросту якасным беларускім прадуктам, беларускімі традыцыямі і абрадамі, Купалам, Басавым і Манюшкам, усім, што скарачае ўладу расейшчыны. Тут усё, што захоўвае беларускасць паводле характару, мовы і нашага ўнікальнага досведу, і што можа крануць беларусаў, якія жывуць у краіне, – а іх там усё-ткі значна больш, чым у эміграцыі.

У час, калі адукацыю кантралюе рэжым, Міністэрства культуры кіруецца расейскімі інтарэсамі, а статус «экстрэмісцкіх» ускладняе незалежным медыям і культурніцкім ініцыятывам доступ да спажыўца ў краіне, важнасць усяго сумленнага, што прапаноўваецца ўнутры, узрастае надзвычайна. Свядомасць беларусаў шмат у чым цяпер залежыць ад таго, наколькі апісанае вышэй супрацьстаянне будзе паспяховае. Наколькі шмат альтэрнатывы будзе ў беларускай прапаганды, а таксама расейскага ўплыву. Наколькі выразна ў краіне будзе гучаць беларуская ідэя. Наколькі эфектыўна беларускае будзе адасабляцца ад расейскага. Наколькі якасна будзе прасоўвацца каштоўнасць першага, і наколькі ўпэўнена яно будзе рэпрэзентавацца.

Працаўнікі дзяржаўных інстытуцыяў, якім удаецца адваяваць частку тэрыторыі на нешта сваё, на якаснае, неангажаванае, можа, і называюцца калабарантамі. Але я б іх назвала двайнымі агентамі, а яны нашай культуры цяпер неабходныя.

У 2023 годзе разважаеш з іншай перспектывы, чым у 2020-м, калі былі патрэбныя ліхаманкавыя рэакцыі і хуткія дзеянні, калі на сітуацыю магло паўздзейнічаць кожнае звальненне і кожны пратэст, калі яднанне супраць злачыннага рэжыму рабілася ў тым ліку гатоўнасцю адмовіцца ад сувязяў з падуладнымі яму ўтварэннямі. Кансалідавана свае рэляцыі з дзяржавай тады разарвалі два тэатры, у астатнім культурніцкія інстытуцыі захавалі сябе, пакуль у іх не пачаліся чысткі нелаяльных.

Дык вось, калі ў тым ліку праз жаданне шмат каго захаваць свае месцы магчымасць уплыву на сітуацыю засталася ў мінулым, прыярытэты змяніліся. Цяпер людзі ўнутры сістэмы з прабеларускай перспектывай, калі іх адтуль яшчэ не вычысцілі, – гэта не толькі калабаранты, але і каштоўнасць. І хіба адныя з самых драматычных вобразаў усяго нашага вэрхалу, бо для незалежнай супольнасці яны калабаранты, а для прарэжымнай – ненадзейныя элементы.

Упрыгожванні ў горадзе, усталяваныя напярэдадні 9 траўня. Менск, Беларусь. 2 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Да ўдзелу ў кінапрэміі «Чырвоны верас», якую я суарганізую, а таксама ў журы прэміі мы запрашаем толькі тых, хто не супрацоўнічае з дзяржавай і не атрымлівае грошай з дзяржаўнага бюджэту. Тое самае ў Беларускай незалежнай кінаакадэміі – яе сябрам можа зрабіцца толькі не датычны да дзяржавы кінематаграфіст. Занадта крывавы для нас гэты рэжым, каб хоць апасродкавана да яго датыкацца. Але асабіста я па-ранейшаму шаную некаторых з маіх калегаў, якія працуюць у дзяржаўных інстытуцыях, ды спадзяюся, што акурат яны забяспечваюць тым інстытуцыям пэўны ўзровень якасці. Гэта можа гучаць крывадушна, ведаю, што шмат каму такія рашэнні замежных праектаў падаюцца не зусім адназначнымі, але 2020 год агулам даў старт неадназначным рашэнням, дзе кожны выбар мяркуе страты.

Калі вяртацца да тэмы, адасабленне культуры замежжа ад культуры ў краіне мне падаецца ў прынцыпе не лагічным і падманным. Бо культура мяркуе таксама яе носьбітаў, а большасць носьбітаў беларускай культуры ў розных яе праявах – святкаванне Калядаў ці спажыванне сучаснага мастацтва – большасць тых, для каго мы спадзяемся яе развіваць, захоўваць і распаўсюджваць, сёння застаецца ў Беларусі, і пра іх мусіць быць асноўны клопат.

Не будзе так, што эміграцыя захавае беларускасць – і потым верне яе, святую, на радзіму. Трэба заўважыць, што большасць таго, што сёння ствараецца за мяжою, робіцца альбо пра Беларусь, альбо з арыентаваннем на беларускую аўдыторыю незалежна ад яе знаходжання, альбо з планам, што створанае потым апынецца ў Беларусі. На фэйсбук-старонцы нашай кінапрэміі «Чырвоны верас» лакацыяй пазначаны Менск, проста сімвалічна, хоць мала хто з незалежных кінематаграфістаў там цяпер застаецца.

Адной з самых вядомых беларускіх кніг апошняга часу стаў «Шэпт» Сяргея Лескеця – яна апавядае пра феномен беларускіх шаптух. На тэрыторыі Беларусі. Спектаклі «Купалаўцаў», на якія ў Варшаве прыходзяць поўныя залы, расказваюць пра Беларусь. На тэрыторыі Беларусі. Апошні фестывальны гіт нашых рэжысёраў, фільм «Motherland» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча, апавядае пра гвалт у беларускай арміі. На тэрыторыі Беларусі. Беларуская Рада культуры, Беларуская незалежная кінаакадэмія ды іншыя створаныя пасля 2020 года арганізацыі дэкларуюць, што пераедуць у Вольную Беларусь.

Мы, вядома, не хочам вярнуцца на выпаленае поле да людзей, што страцілі матывацыю і згубілі кантакт з беларускасцю. Але тэндэнцыя выглядае менавіта так, і, можа быць, акурат калабарацыянізм дапаможа яе стрымаць і запаволіць.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў