Лепш напрасткі на паліцу: «Беларусьфільм» ізноў не здзівіў

Выдаткавала дзве гадзіны свайго часу і паглядзела злітую ў сеціва беларусьфільмаўскую агітку, на якую ў Беларусі паводле афіцыйнай інфармацыі прыйшоў ледзь не мільярд гледачоў. Прадукт «На іншым беразе» павінен быў паказаць мэтавай аўдыторыі «цяжкі час польскай акупацыі», а па выніку зняважыў і палякаў, і беларусаў, і, як водзіцца на «Беларусьфільме», сам панятак кіно. Страшна шкада грошай сваіх блізкіх людзей, якія ў Беларусі плоцяць падаткі.

«На другім беразе». Афіша. Крыніца: gomelkino

Калі я пісала рэцэнзіі на прадукцыю «Беларусьфільма» ў газеце «Звязда», аднойчы прапанавала пакінуць замест рэцэнзіі на газетнай паласе вольнае месца з кароткім подпісам «Гэта правал». Гэта быў бы нашмат больш шматслоўны водгук, чым разбор панылых недасканаласцяў чарговай дрэннай стужкі. У пэўны момант я адчула, што раз за разам кажу адно і тое ж, а ігравое кіно «Беларусьфільма» усцяж апраўдвае песімістычныя чаканні, і сэнсу ў разборах па выніку зэро. Апублікаваць сваю шыкоўную аскетычную рэцэнзію мне, вядома, не давялося: існуюць нарматывы, што да афармлення газетных палос, і мой тэкст у іх не ўпісваўся.

Я ўсё-ткі згодная з тым, хто на пытанне, ці магчыма на «Беларусьфільме» здымаць добрае кіно (у нашым выпадку дадамо пра якасную прапаганду), адказаў, што трэба разбурыць гэтую машынерыю цалкам, а потым пабудаваць наноў – і, можа быць, тады нешта атрымаецца.

«Беларусьфільм» безнадзейны, непаваротлівы, некрэатыўны, закасцянелы, затхлы, і каб сказаць, што «На іншым беразе» такі ж безнадзейны фільм, яго не трэба было глядзець.

Я бачыла і горшае кіно Нацыянальнай кінастудыі – зрэшты, можа быць, менш маніпулятыўнае ды з лепшай акторскаю ігрою. І гэта не першая настолькі відавочная ідэалагічная замова. Але першая настолькі агрэсіўная. Сам факт з’яўлення фільму «На іншым беразе», прычым такога няўважлівага да неадназначнага эпізоду гісторыі, – варожы жэст, які добра ўпісваецца ў палітыку стварэння ўяўных ворагаў, у прыватнасці маштабную кампанію супраць Польшчы.

Але штука ў тым, што стужка, як і ўся кампанія супраць палякаў, мала клапоціць «нянавісную Польшчу», затое больш эфектыўна зневажае польскую меншасць у Беларусі, то-бок сваіх жа грамадзян. Ці ўсведамляў «Беларусьфільм» і гэты расейскі рэжысёр Андрэй Хрулёў, што іхны выраб можа быць дыскамфортны для палякаў Беларусі? Ці чулі яны калі-небудзь ад палякаў, якія ўсё жыццё жывуць у Заходняй Беларусі, што тыя адчуваюць сябе непажаданымі асобамі ў краіне? Я чула. «На іншым беразе» сітуацыю, мякка кажучы, не папраўляе.

І як кінакрытык, і як ураджэнка Заходняй Беларусі магу сказаць, што гэта не толькі бясталентны, няздатны і прымітыўны прапагандысцкі прадукт, але таксама нізкі і амаральны.

Як можна давяраць стужцы, дзе ўсе палякі – плакатныя вобразы? Узорныя бязлітасныя нягоднікі, прайдзісветы, распуснікі, забойцы і падманшчыкі. Некалькі такіх «плакатаў» у пачатку фільму збівае беларусаў бізунамі і адна збітая жанчына, маці галоўнага героя, у выніку памірае. Гэта была досыць карыкатурная смерць, дарэчы. Як водзіцца, усе беларусы ў фільме – паўнавартасныя, смелыя, неабыякавыя, прыстойныя, прыгожыя людзі.

І як жа гэтая карыкатурная смерць рухае сюжэт, якое значэнне яна мае для гісторыі? Толькі тое, што ейны сын Павел прыходзіць на пахаванне і сустракае праваслаўнага святара. З нейкага сантыменту хлопец абяцае знайсці грошы на храм, дзеля гэтага ідзе ў кантрабандысты, на тэрыторыі БССР у другі раз сустракае савецкую разведніцу Лесю, якой дапамог раней, потым ён са сваёй вёскі прыязджае да Лесі ў яе гарадскую кватэру і кажа, што застаецца. Усё, вось і ўся логіка падзей.

Не ведаю, што тут важней для стварэння дыстанцыі паміж палякамі і беларусамі – гісторыя кахання, у якой узорная савецкая дзяўчына з савецкага кіно «перавыхоўвае» нейтральнага Паўла, ці паралельная шпіёнская гісторыя.

Паралельная шпіёнская гісторыя – яна не больш вынаходлівая – паказвае зацятую барацьбу савецкай выведкі і мясцовых партызанаў супраць «польскіх захопнікаў». Разам яны здзяйсняюць аперацыю на тэрыторыі Заходняй Беларусі па ліквідацыі сведкі на судзе, але пры гэтым гінуць мірныя жыхары. Высокае савецкае начальства смуткуе з гэтай нагоды – прадстаўнікі краіны ГУЛАГу смуткуюць па загінулых мірных жыхарах.

Меркаванні
Кіно нудна ўпарадкоўвае навакольны хаос: што я пабачыла на кінафэсце DOC Leipzig
2023.10.19 10:24

Тым часам польскага высокага начальніка ў Заходняй Беларусі забівае ўласны сын, калі бачыць яго ў ложку са сваёй каханай. Следчы контрвыведкі з Варшавы прапануе падмануць і падаць гэта сусветнай грамадскасці як забойства саветамі, каб увесь свет пабачыў савецкі тэрор.

Іншай драматургіі ў мяне для вас няма. Нават кароткі пераказ паказвае яе слабасць і маніпулятыўнасць.

Ніводнага намёку на спрэчнасць, складанасць, рознабаковасць становішча жыхароў Заходняй Беларусі – толькі чорна-белыя колеры, якія азначаюцца сцвярджэннем, што палякам «патрэбна была ўся тэрыторыя Беларусі». Папрасіць бы «Беларусьфільм» расказаць, з якімі гісторыкамі яны працавалі пры напісанні сцэнара.

Бяздарны сюжэт, аматарская акторская ігра, непераканаўчасць як гісторыі ў цэлым, так і асобных яе эпізодаў суправаджаюцца звычайнай няўважлівасцю і нядбайнасцю ў дэталях.

Польская мова ў фільме такая, што вянуць вушы. «Kresy Wschodnie» ў субтытрах перакладаюцца як «crosses in Skchodnya». У анатацыі напісана «Белоруссия».

«Беларусьфільм» у чарговы раз прадэманстраваў сваю немач, «На іншым беразе» – правал ува ўсіх мастацкіх сэнсах, а беларускі глядач значна разумнейшы за Нацыянальную кінастудыю. Таму гаворка ў выпадку з гэтай прапагандысцкай стужкай не пра кіно, не пра мастацтва, не пра прапаганду, не пра гісторыю, не пра індустрыю – а пра марнаванне грошай. Гэта было проста марнаванне грошай, і лепш бы карціна напрасткі адправілася ляжаць на паліцу.

Hавiны
Прапагандысцкі фільм пра «дрэнных палякаў» пакажуць у бібліятэках, школах і тэлеэфіры
2023.09.23 13:41

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў