Парламент Арменіі ратыфікаваў Рымскі статут. Апазіцыя і Крэмль былі супраць


Парламент Арменіі ратыфікаваў 3 кастрычніка праект ратыфікацыі Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Пра гэта паведамляюць «Новости-Армения».

Парламент Арменіі.
Фота: parliament.am

Пытанне ратыфікацыі Рымскага статуту было ўключанае ў парадак дня пасяджэння парламенту Арменіі на 3 кастрычніка. Спачатку меркавалася правесці галасаванне на наступны дзень – 4 кастрычніка. Але паколькі дэпутаты абмеркавалі сёння ўсе пытанні парадку дня, вырашана было галасавання не адкладаць.

Як адзначаецца, апазіцыйныя фракцыі «Арменія» і «Маю гонар» спачатку байкатавалі абмеркаванні, а пазней прагаласавалі супраць ратыфікацыі.

«Нацыянальны Сход не мае паўнамоцтваў выносіць пытанне ратыфікацыі Рымскага статуту на абмеркаванне без унясення паправак у Канстытуцыю. Прычым без уліку наяўных шматлікіх рызык», – сказаў сакратар парламенцкай фракцыі апазіцыйнага блоку «Арменія» Арцвік Мінасьян, паведамляе NEWS.am.

Аналітыка
Арменія развітваецца з Расеяй і АДКБ? Што адбываецца паміж Ерэванам і Масквой
2023.09.08 07:15

Рымскі статут вызначае паўнамоцтвы Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Урад Арменіі накіраваў яго ў парламент на ратыфікацыю. Раней Канстытуцыйны суд Арменіі ўжо прызнаў, што абавязкі, закладзеныя ў статуце, адпавядаюць Канстытуцыі. Урад Арменіі бачыць у ім магчымасць «перадухілення азербайджанскіх замахаў на суверэнную тэрыторыю Арменіі». Аднак для Расеі праблема ў тым, што гэты суд у сакавіку 2023 года выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. У выніку Масква запытала ў Ерэвану тлумачэнні.

А 28 верасня ў МЗС РФ заявілі, што ратыфікацыя Рымскага статуту Арменіяй будзе мець самыя негатыўныя наступствы для двухбаковых дачыненняў.

«Як мінімум, цяжка ўявіць сабе візіт у рэспубліку кіраўніцтва Расеі, асабліва калі дэпутаты ад кіроўнай партыі заклікаюць да арышту Уладзіміра Пуціна на запыт гаагскай феміды. У Маскве разлічваюць, што ў Нацыянальным Сходзе Арменіі знойдуцца разважлівыя сілы, якія не стануць штампаваць загадзя таксічнага для армянска-расейскіх дачыненняў рашэння», – заявілі ў МЗС РФ.

Не вітаў ратыфікацыі дакументу і прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Тым не менш прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян адзначыў, што краіна збіраецца ў поўным аб’ёме ратыфікаваць Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда. Паводле яго, «гэта не мае ніякага дачынення да стасункаў Арменіі і Расеі, гэта датычыць пытанняў бяспекі Арменіі».

Hавiны
Нікол Пашыньян: Арменія ратыфікуе Рымскі статут у поўным аб’ёме
2023.09.13 21:57

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў