Прэзідэнт Кыргызстану апавёў, што мае «божы дар» прадбачыць будучыню на 20–30 гадоў


Разважаючы пра адкрыццё ліцэю, прэзідэнт Кыргызстану Садыр Жапараў раптам заявіў, што можа прадбачыць будучыню і ягоныя прадказанні заўжды збываюцца. Цытату Жапарава прыводзіць агенцтва «АКИpress».

Садыр Жапараў. 1 верасня 2023 года.
Фота: President.kg

Прэзідэнцкі ліцэй у мястэчку Чалпон-Ата адкрыўся ў канцы жніўня. У элітную навучальную ўстанову адабралі на конкурснай аснове 75 вучняў у 7-ы клас і 22 настаўнікаў, здольных выкладаць на англійскай мове. Садыр Жапараў тлумачыў, што трэба рыхтаваць кадры, якія будуць «вызначаць будучыню» ў «стагоддзі тэхналогіяў», «прадказаць будучыню Кыргызстану на стагоддзе наперад».

«Няхай гэта не выглядае так, быццам я выхваляюся, – казаў Садыр Жапараў. – У мяне ёсць такі бок – прадбачыць на 20–30 гадоў, што будзе з нашаю краінай і якім шляхам яна пойдзе. Мае прагнозы заўсёды спраўджваюцца. Мусіць, гэтае пачуццё было дадзенае мне Богам. Насамрэч у кожнага ёсць такія пачуцці. Можна прадказваць будучыню, бачачы сітуацыю, якая адбываецца ў сучаснасці».

Мяркуючы з параўнання цытатаў Жапарава за розны час, ягоныя прадказанні збываюцца далёка не заўсёды.

Жапараў прыйшоў да ўлады ў 2020 годзе пасля таго, як мінулы кіраўнік дзяржавы Сааранбай Джээнбекаў падаў у адстаўку на фоне масавых пратэстаў. Да таго Садыр Жапараў быў у няволі: у 2017-м яго асудзілі на 11,5 года нібыта за арганізацыю масавых закалотаў. Па вызваленні ён спачатку стаўся прэм’ер-міністрам, потым выканальнікам абавязкаў прэзідэнта, а па выніках выбараў 2021 года – прэзідэнтам. Арганізацыя бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) адзначалі (PDF), што выбары былі добра зарганізаваныя, але несправядлівыя: дамінаваў адзін кандыдат.

У Рэйтынгу дэмакратыі часопісу «Economist» Кыргызстан усё яшчэ адносіцца да аўтарытарных дзяржаваў, але за часоў Жапарава стаў набліжацца да «гібрыдных рэжымаў» – цяпер нават больш дэмакратычны за Казахстан. Але краіна ўсё яшчэ не вольная: у ёй, напрыклад, забароненае радыё «Свабода».

Цяпер у Кыргызстане абвешчаныя ў вышук два экс-прэзідэнты: Аскар Акаеў і Курманбек Бакіеў. Другі жыве ў Беларусі.

Выказванні Жапарава не раз станавіліся мэмамі ў Кыргызстане. Сам Жапараў нядаўна няўдала згуляў у футбол: 30 жніўня гуляў за каманду «Легенды Азіі» супраць «Легендаў „Барселоны“», але пакінуў поле ў першым тайме. Ён тлумачыў гэта тым, што яго хапаў за руку абаронца каталонцаў Карлэс Пуёл.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў