Пасля ад'езду мовазнаўцаў аднавяскоўцы пачалі абкрадаць іхны дом


Вядомыя абаронцы моўных правоў беларусаў Аліна Нагорная і Ігар Случак былі вымушаны пакінуць свой дом. Пасля іхняга ад’езду аднавяскоўцы пачалі выносіць з яго ўсё каштоўнае, паведаміў Ігар у Facebook. Ён назваў гэты выпадак саркастычна – «гісторыяй беларускай салідарнасці».

Аліна Нагорная і Ігар Случак. Крыніца: Alina Nahornaja / Facebook

«Калі мы былі вымушаны з’ехаць са свайго дома, домік некаторы час стаяў спакойна і чакаў нас. Але праз некаторы час мясцовыя жыхары, нашыя родныя сяляне, для якіх мы зрабілі дарогі, чыстую ваду, добрае напружанне ў электрасетках, бяспечныя пераходы, пазбавілі вёску ад дзесяцігоддзямі накіданых гор смецця, аб чыім жыцці мы клапаціліся падчас ковіду, наогул спрабавалі рабіць нешта добрае, вырашылі нам за гэта ў выніку аддзячыць», – напісаў Ігар.

Паводле ягоных словаў, зразумеўшы, што яны хутка не вернуцца, аднавяскоўцы спачатку пакралі з падворку ўсе металічныя рэчы і самаробны мангал. Пасля чарга дайшла да гаспадарчых пабудоў – з іх таксама павыносілі ўсё, што больш-менш металічнае. Прайшло яшчэ крыху часу, і чарга дайшла да плота з сеткі-рабіцы – яго таксама знеслі.

Ігар Случак кажа, што гэта яго не надта здзівіла, бо пра такія рэчы, што адбыліся з ім, ён раней ужо чытаў:

«Пра гэта яшчэ 100 год таму напісаў Сіланпя ў сваёй «Праведнай галечы», што апісвала жыццё фінскіх сялян і за якую ён атрымаў Нобелеўскую прэмію ў літаратуры. І гэта пакідае спадзеў, што праз час і ў нас будзе як у Фінляндыі, і мангал быў скрадзены і пераплаўлены ў Белджы недарма».

Случак мяркуе, што варта і надалей «працаваць з гэтымі і іншымі людзьмі, нават калі яны гэтага зараз не хочуць і зараз гэта ім не патрэбна».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў