Каля Бабруйску невядомыя пашкодзілі арт-аб’ект «Прыпынак Алеся Адамовіча» напярэдадні 95-годдзя пісьменніка


Беларускаму пісьменніку Алесю Адамовічу 3 верасня споўнілася б 95 гадоў. За пару дзён да гэтай даты на малой радзіме літаратара, у вёсцы Глуша ў Бабруйскім раёне, невядомыя пашкодзілі ягоны партрэт на «Прыпынку Адамовіча». Наступствы вандалізму выпраўлялі мясцовыя жыхары, піша газета Бабруйскага раёну «Трыбуна працы».

Валанцёры Бабруйскай раённай дзіцячай школы мастацтваў аднавілі пашкоджаны партрэт Алеся Адамовіча на прыпынку ў Глушы.
Фота: газета Бабруйскага раёну «Трыбуна працы»/tribunapracy.by

У вёсцы Глуша каля Бабруйску, якую Алесь Адамовіч называў сваёй малою радзімаю (насамрэч ён нарадзіўся ў Менскай вобласці, але калі яму быў год, бацькі пераехалі на Бабруйшчыну), бабруйскія актывісты ў 2018 годзе са звычайнага аўтобуснага прыпынку зрабілі арт-аб’ект, прысвечаны пісьменніку – «Прыпынак Адамовіча». Мастак Аляксандр Благій на цэнтральнай сцяне прыпынку намаляваў партрэт літаратара, а на бакавой напісаў выказванне пра Глушу з аповесці Адамовіча «Vixi».

«Прыпынак Адамовіча» ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёну.
Фота: 1387.by

Сёлетні акт вандалізму на арт-аб’екце – першы з моманту яго адкрыцця. Выпраўляць шкоду ўзяліся валанцёры раённай дзіцячай школы мастацтваў у межах акцыі «Зробім наш горад прыгажэйшым».

Алесь Адамовіч – беларускі пісьменнік, публіцыст, сцэнарыст, грамадскі актывіст. Вядомы глыбокімі творамі пра Другую сусветную вайну («Карнікі», «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць», «Вайна пад стрэхамі», «Блакадная кніга» ды інш.), сцэнаром да вядомага фільму «Ідзі і глядзі», актыўнымі намаганнямі даведацца і распавесці праўду пра Чарнобыль, змаганнем з наступствамі катастрофы на ЧАЭС, выступамі за дэмакратыю і свабоду слова.

Сапраўдная дата нараджэння Адамовіча – 3 жніўня 1926 года. Дату 3 верасня 1927 года ўпісала ў дакументы ягоная маці, каб уратаваць сына ад прымусовых працаў у Нямеччыне.

Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года ад інфаркту, яго пахавалі каля Глушы.

У дзень 95-годдзя пісьменніка, 3 верасня, на ягонай малой радзіме ў Глушы, у мясцовым Доме культуры а 12:00 пройдзе літаратурна-музычная імпрэза «Алесь Адамовіч – чалавек свету». Там жа будзе разгорнутая экспазіцыя «Праўда жыцця Алеся Адамовіча».

Hавiны
У Капылі з’явіўся мурал з Алесем Адамовічам
2021.06.22 16:35

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў