«На дурніцу нічога не дадуць». Абмяркоўваем, як Крэмль прымушае Лукашэнку да «братняй інтэграцыі»


Напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна з новаю сілай узняліся пытанні дарожных мапаў інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй. Пры гэтым дзейныя ўлады дзвюх краінаў не могуць вызначыцца, што, дзе і калі падпішацца.

Паглыбленне інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй абмяркоўваецца з канца 2018 года, калі кіраўніцтва РФ адмовілася даваць грошы Аляксандру Лукашэнку без саступак з ягонага боку. За гэты час мянялася колькасць дарожных мапаў, а яны самі ператварыліся ў саюзныя праграмы. Пераносіліся даты іх падпісання, прызначаліся новыя кіраўнікі ўрадаў і амбасадары. Але за тры гады пытанне так і не было развязанае.

Аналітыка
Што з дарожнымі мапамі? Тлумачым, на якой стадыі цяпер інтэграцыйныя перамовы
2021.08.20 08:10

І вось 31 жніўня расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкаю на беларускага амбасадара ў Маскве Уладзіміра Сямашку паведаміла, што 28 дарожных мапаў могуць быць падпісаныя ў Маскве ўжо 9 верасня падчас сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Але ўжо ўвечары таго ж дня амбасада Беларусі ў Маскве паведаміла пра «некарэктную інтэрпрэтацыю» словаў свайго кіраўніка.

На наступны дзень пытанне падхапіў сам Лукашэнка, заявіўшы, што падпісанне інтэграцыйных праграмаў можа адбыцца не раней, як у кастрычніку – лістападзе, на паседжанні Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы. На сустрэчы ж з Пуціным 9 верасня ён плануе толькі «канчаткова» дамовіцца з ім, а пасля перадаць эстафету ўрадам.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, што Расея даставіць у Беларусь дзясяткі самалётаў, верталётаў і сістэмаў СПА
2021.09.01 13:31

Пра тое, што 28 саюзных праграмаў будуць галоўнаю тэмаю перамоваў Лукашэнкі і Пуціна 9 верасня, пацвердзіў 2 верасня і кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей. Паводле яго, на сустрэчы будуць толькі «прынятыя адпаведныя пастановы адносна наступных крокаў». Ніякай канкрэтыкі ад яго пачуць не ўдалося.

«Крэмль сапраўды прыспешвае падпісанне»

Чаго ж чакаць ад абяцанай сустрэчы і ўвогуле ад інтэграцыйнага танга дзвюх краінаў? Мы запыталі беларускіх палітычных аглядальнікаў.

У каментары «Белсату» Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што ў пытанні падпісання інтэграцыйных праграмаў Сямашка не ўпершыню бяжыць наперадзе паравоза. Але цяпер Крэмль сапраўды прыспешвае падпісанне інтэграцыйных праграмаў, а заява Сямашкі была адгалоскам гэтых закулісных момантаў. Тым не менш, мяркуе палітычны аглядальнік, Менск не хоча гнаць коней, а хоча выгадаць час.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У ідэале беларускае кіраўніцтва зусім не хацела б браць на сябе ніякіх абавязкаў, ісці ні на ніякія саступкі, а атрымліваць прэферэнцыі ад «братняй інтэграцыі», заявіў Аляксандр Класкоўскі.

У выніку Менск працягвае настойваць на нізкіх коштах на вуглевадароды, на доступе на расейскі рынак і да ўнутрырасейскіх тэндараў. А Крэмль у адказ патрабуе выконваць Саюзную дамову 1999 года, дзе прапісаная ў тым ліку адзіная валюта, адзіны парламент і канстытуцыйны акт.

«Беларускае кіраўніцтва разумее, што на дурніцу яму нічога не дадуць. Але сэнс у тым, каб як мага меней саступіць, узяць на сябе як мага меней дыскамфортных абавязкаў і разам з тым атрымаць болей прэферэнцыяў», – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.

Ці будуць вынікі?

Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што пасля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі або не будзе агучана аніякіх вынікаў, або там заслухаюць прапановы ўрадаў, у выніку чаго будуць пазначаныя нейкія тэрміны наступнага кроку паглыблення інтэграцыі.

«Гэта не значыць, што гэты крок будзе рэальна напоўнены сэнсам, але прынамсі тады гэта не будзе выглядаць у медыяпрасторы як безвыніковая сустрэча», – адзначыў ён у каментары «Белсату».

Пры гэтым грамадства – ні беларускае, ні расейскае – дасюль не ведае, як збіраюцца інтэгравацца паміж сабою вярхі. Як адзначыў Аляксандр Класкоўскі, ёсць толькі фрагментарныя заявы, з якіх адчуваецца, што Масква хоча перавесці беларускую эканоміку на свае правілы. Напрыклад, могуць абмяркоўвацца пытанні ўніфікацыі падатковай і мытнай сістэмаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

Але Паўлюк Быкоўскі не чакае зменаў ні ў пытанні адзінай грашовай сістэмы, бо «кожны хоча кіраваць гэтым працэсам», ні ў падатковай.

«Але можа быць памылка выканаўцаў, калі людзі, якія не разбіраюцца ў эканоміцы, могуць прыняць палітычнае рашэнне, якое будзе не зразумела, як рэалізоўваць на практыцы. У нас вельмі розныя падатковыя сістэмы ў Беларусі і Расеі», – мяркуе палітычны аглядальнік.

Не бачыць ён і намёкаў на тое, што Аляксандр Лукашэнка будзе сапраўды гатовы саступіць сваю ўладу Крамлю.

Сабатаж і тарпедаванне

Але нават калі бакі і дойдуць да падпісання саюзных праграмаў, яшчэ невядома, калі тыя будуць зрэалізаваныя. Гэтак, Аляксандр Класкоўскі нагадаў словы беларускага прэм’ера Рамана Галоўчанкі пра тое, што «рэалізацыя саюзных праграмаў будзе ісці да 2025–2027 гадоў».

«Мы ўжо ведаем з ранейшага досведу «братняй інтэграцыі», што часта беларускі бок у выніку сабатаваў ці тарпедаваў ужо дасягнутыя дамоўленасці. Напрыклад, з 2005 года ўжо павінна была быць адзіная валюта, але яе няма і да сёння. Павінен быў быць і канстытуцыйны акт, і саюзны парламент», – заявіў палітычны аглядальнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Не выключае адмысловец, што прыблізна такую ж тактыку Менск будзе выкарыстоўваць і гэтым разам. Але, дадае Аляксандр Класкоўскі, Масква таксама памятае ранейшы досвед і таму націскае, каб было болей канкрэтыкі на ўсіх этапах, каб Менску цяжка было ад гэтага адкруціцца.

У любым разе, мяркуе Паўлюк Быкоўскі, паглынання Беларусі Расеяй чакаць на гэтым этапе не варта. Калі ж раптам яна адбудзецца, то ў такім разе РФ можа сутыкнуцца з заходнімі санкцыямі, а Беларусь у выніку можа пераўтварыцца ў нешта падобнае да Крыму, дзе нельга будзе працаваць з заходнімі камп’ютарнымі праграмамі, працаваць з банкаўскімі карткамі.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў