У Іванаве сілавікі затрымалі жанчыну, бо яна ўдома слухала песню «Україна понад усе!»


Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне 44-гадовай жыхаркі Іванава. Жанчына ў сябе дома слухала песню «Україна понад усе!» і падпявала, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

У Іванаве сілавікі затрымалі жанчыну за тое, што яна ў сябе ўдома слухала песню пра Украіну.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Пасля затрымання жанчыну прымусілі папрасіць прабачэння і праспяваць гімн Рэспублікі Беларусь, а потым адправілі ў ізалятар.

Журналісты Белсату» высветлілі, хто зрабіў данос сілавікам. Мясцовы жыхар Пётр зняў жанчыну на відэа, калі яна слухала песню, і выклаў запіс у інтэрнэце пад нікам Syper_zhorik.

Жыхар Іванава Пётр, які запісаў відэа з жанчынай, затрыманай за праслухоўванне песні пра Украіну.
Фота: Syper_zhorik

Пётр у 2014 годзе скончыў школу. Перыядычна запісвае розныя відэа і выкладае іх у сябе на старонцы. Звычайна запісы не набіраюць і тысячы праглядаў, а відэа з затрыманай жанчынай прынесла амаль 34 тысячы праглядаў і больш за 300 каментароў.

У адным з каментароў сам Пётр піша:

«З імі нельга цырымоніцца. Яны жывуць на нашай зямлі і абражаюць нашых братоў-расейцаў. Гэта падобна на тое, калі б да вас прыйшлі ў дом і сталі абражаць».

19 ліпеня Пётр напісаў, што звярнуўся ў міліцыю, аднак яны не ўбачылі парушэння закону. Праз некаторы час пасля звароту мужчына выклаў відэа ў агульны доступ.

Марыя Міхалевіч / Алёна Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў