На Беларускай чыгунцы ўзмоцняць ахову калеяў і задзеяць вайскоўцаў


Пасля выбухаў на чыгунцы ў Бранскай вобласці 1 і 2 траўня ў Беларусі ўзмацнілі ахову калеяў. Для аховы чыгуначнай інфраструктуры ў Беларусі будуць задзеяныя дадатковыя сілы – ад памежнікаў да спецназу. З поўначы краіны іх скіравалі ў Берасцейскую вобласць, дзе тыя жывуць у палявых умовах, паведамляе супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: rw.by

Работнікаў Беларускай чыгункі просяць праяўляць пільнасць і пры неабходнасці паведамляць аб прысутнасці паблізу шляхоў старонніх або падазроных асобаў. Таксама працаўнікам даюць магчымыя прыкметы, праз якія неабходна вызначаць патэнцыйнага дыверсанта. За выяўленне такіх асобаў абяцаюць узнагароджанне.

Для беспасярэдняй аховы задзеяць вайскоўцаў ад памежных да сілаў спецыяльных аперацыяў. Размяшчацца яны будуць у палявых умовах.

Вайскоўцы будуць сачыць за чыгуначнымі калеямі, прыладамі сігналізацыі і сувязі на перагонах, пуцеправодамі і бліжэйшымі аб’ектамі. Асаблівая ўвага надаецца гарантаванню бяспекі чыгуначных мастоў і выключэнню магчымага доступу да іх іншых асобаў. На ўчастках, дзе не стаяць камеры, будзе ісці патруляванне. Таксама будуць праводзіць агляды шляхоў, каб выявіць староннія прадметы.

Неабходнасць такіх захадаў абумоўленая высокаю верагоднасцю магчымых дыверсіяў на чыгунцы, улічваючы той факт, што інфраструктуру БЧ выкарыстоўваюць для перавозу расейскага ўзбраення, тэхнікі, боепрыпасаў і асабовага складу.

Раней у Міністэрстве абароны заяўлялі, што «з мэтаю недапушчэння дыверсіяў і правакацыяў пад ахову ўзятыя масты, пераезды, чыгуначныя калеі, абсталяваныя пазіцыі для стральбы са стралковай зброі і вайсковай тэхнікі».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў