Гомельскі абласны суд 30 красавіка разгледзеў апеляцыйныя скаргі на прысуд палітвязням са Жлобіна Сяргею Бекарэвічу і Андрэю Расулаву.
Як паведаміла belsat.eu жонка Сяргея Бекарэвіча Юлія, у абодвух выпадках абласны суд пакінуў рашэнні папярэдняй інстанцыі без зменаў.
Сяргей падчас разгляду апеляцыі быў у карцары Гомельскага СІЗА-3.
«Бачыліся з ім толькі 15 красавіка, казаў, усё добра. Прыязджала перадаць яму перадачу 30-га, якраз у дзень апеляцыі. Мне сказалі, што ён з 29-га чысла ў карцары, і выпусцяць яго 1 траўня. Прычыны не называлі», – апавяла жонка палітвязня.
З 26 красавіка Юлія ў дэкрэтным адпачынку. Ахвотныя дапамагчы маладой сям’і могуць зрабіць гэта, пералічыўшы сродкі на картку «Беларусбанку»:
4255 1901 2401 4286 да 02/24
Адрас для лістоў: СІЗА № 3, Кніжная 1а, 246003 Гомель.
25-гадоваму Сяргею Бекарэвічу Жлобінскі суд 9 красавіка прысудзіў 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў тым, што ён разам з іншымі асобамі вечарам і ўначы з 9 на 10 жніўня 2020 года браў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, перашкаджалі працы грамадскага транспарту, выходзіў на праезную частку, стаяў у счэпцы, заклікаў астатніх не падпарадкоўвацца патрабаванням міліцыі, выкрыкваў лозунгі. Аказваў актыўны супраціў супрацоўнікам МУС, кідаў у іх бок камяні і бутэлькі, наносіў удары па экіпаванні.
Бекарэвіч адмаўляе, што чыніў гвалтоўныя дзеянні. Супольнаю заяваю беларускіх праваабарончых арганізацыяў ён і Андрэй Расулаў 23 сакавіка былі прызнаныя палітычнымі вязнямі.
МГ belsat.eu