Затрыманні ў Дзяржынску і пагроза новых смяротных прысудаў. Рэпрэсіі 3 красавіка


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі, пра якія стала вядома 3 красавіка і якія рэжым чыніць супраць беларускіх грамадзянаў. Падрабязней пра іх – у нашым штодзённым аглядзе.

Фігурантам крымінальнай справы дыверсіі ў Мачулішчах можа пагражаць выключная мера пакарання, паведамілі ў КДБ. Паводле яго, у справе праходзіць каля 30 чалавек.

«Усім фігурантам крымінальнай справы прад’яўленае абвінавачанне па частцы 3 артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай»). Максімальная санкцыя прадугледжвае пакаранне ажно да смяротнага пакарання», – паведамілі ў КДБ.

Затрыманы прадпрымальнік і заснавальнік баранавіцкай газеты «Шаг» Анатоль Вайцяховіч. Яго абвінавачваюць у тым, што ён пакідаў у тэлеграме каментары супраць расейскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў.

Hавiны
Пасля аблавы ў Дзяржынску затрымана каля 45 чалавек
2023.04.03 22:19

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка распавёў, што ў Беларусі за апошні месяц адбылося больш за 600 затрыманняў. Акрамя гэтага праваабаронцам вядома пра больш за 400 выпадкаў палітычна матываванага адміністратыўнага пераследу – гэта больш, чым за папярэднія месяцы. Таксама вядома мінімум пра шэсць затрыманых адвакатаў.

«Мы гэта звязваем з масавымі затрыманнямі ў сувязі з атакай на расейскі вайсковы самалёт у Мачулішчах і ўдзельнікаў субкультурнага аб’яднання ПВК «Рёдан», – распавядае Павел Сапелка.

Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча абвінавачваюць у «распаўсюдзе заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады» паводле арт. 369-1 КК, паведамляе Следчы камітэт. Нібыта Манцэвіч супольна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года да 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады.

Аляксандр Манцэвіч. Крыніца: viasna96 / Telegram

У Горадні за рэпосты і публікацыі на паўтара года калоніі асудзілі Аляксандру Дзюбу. Ён мусіць выплаціць больш за 10 тысяч рублёў штрафу і кампенсацыю маральнай шкоды «пацярпелым» сілавікам. Дзюбу прызналі вінаватым паводле арт. 368 КК за нібыта абразу Лукашэнкі і арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Студэнтку МДЛУ асудзілі да «хатняй хіміі» паводле арт. 367 КК, яе прызналі вінаватай у тым, што 6 сакавіка 2022 года яна наляпіла ўлётку, якая ўтрымлівала паклёп на Лукашэнку, на рэкламны банэр на адной з вуліцаў Менску. Дзяўчына прызнала віну і распавяла, што раздрукавала ўлётку і наляпіла яе разам са сваёй знаёмай, каб прыцягнуць увагу людзей да таго, што адбываецца ў свеце.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў