МУС Беларусі заявіла пра першую справу за «адмаўленне генацыду»


СК адсправаздачыўся аб крымінальнай справе, заведзенай паводле артыкулу «Адмаўленне генацыду беларускага народу». МУС сцвярджае, што гэта першы такі працэс. Затрыманы – 54-гадовы мянчук. Ён нібыта адміністраваў суполку ў «папулярнай сацсетцы».

Затрыманне фігуранта справы аб «адмаўленні генацыду беларускага народу». Скрыншот: pressmvd / Telegram

Паводле версіі Следчага камітэту, фігурант справы з лістапада 2021 года публікаваў у групе допісы пра гісторыю:

«Мужчына актыўна апавядаў падпісантам, што зверствы, учыненыя на тэрыторыі Беларусі, памылкова прыпісаныя нацысцкім акупантам. Ён сцвярджаў, што сусветна вядомая Хатынь пацярпела ад рук партызанаў».

У ведамстве таксама заявілі, што «падазраваны публікаваў нібыта сабраныя ім доказы і шукаў аднадумцаў, каб перапісаць хранаграфію мінуўшчыны».

У паведамленні СК даюцца вынікі лінгвістычнай экспертызы: у допісах менчука «маюцца сцвярджальныя выказванні пра тое, што жыхары вёскі Хатынь былі спаленыя не нямецка-фашысцкімі захопнікамі».

Hавiны
Гісторык пра скажэнні ў Законе аб генацыдзе: Нацысты ніколі не забівалі беларусаў за тое, што яны беларусы
2022.01.27 13:42

Заадно мужчыну абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў вулічных буянствах» і «рэгулярных абразах» Лукашэнкі – адпаведныя артыкулы дадалі ў крымінальную справу.

У міністэрстве ўнутраных справаў дадалі, што падазраванага затрымалі «супрацоўнікі ГУБОПіКу пры сілавым падтрыманні САХРу». Паводле версіі МУС, мужчына таксама публікаваў «дэструктыўныя матэрыялы пратэснай тэматыкі, накіраваныя на змену канстытуцыйнага ладу». «Упершыню прыцягваюць да адказнасці за адмаўленне генацыду», – піша Telegram-канал міністэрства. Пры гэтым яшчэ ў жніўні 2022 года Генпракуратура паведамляла пра крымінальную справу за «распаўсюд групаю нявызначаных асобаў на інтэрнэт-рэсурсах «Флагшток» і «Зеркало» інфармацыі аб адмаўленні генацыду беларускага народу». Тую справу накіравалі ў СК.

Выданне «Медыязона Беларусь» удакладняе, што допіс, які абурыў сілавікоў, быў апублікаваны ў суполцы «Вместе мы – Беларусь» у сацсетцы «Одноклассники» у сакавіку летась. Паведамленне пакінуў карыстальнік Андрэй Савіцкі. Апошні раз ён быў онлайн 15 лютага.

Артыкул аб «адмаўленні генацыду» з’явіўся ў Крымінальным кодэксе напачатку 2022 года. Максімальная санкцыя – 5 гадоў калоніі, а ў выпадку рэцыдыву – ад 3 да 10 гадоў.

Аб’ектыў
Беларусаў пачнуць пераследаваць за адмаўленне генацыду
2021.12.14 22:04

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў