Навошта Лукашэнка лётаў у Кітай?


За афіцыйнымі фота і відэа візіту Лукашэнкі ў Кітай можа быць схавана некалькі справаў, звязаных з вайной Расеі супраць Украіны. Пасля рэпрэсіяў 2020-га як вынік заходніх санкцыяў, адносіны Лукашэнкі з Кітаем пагоршыліся. Беларусь страціла значэнне для стратэгічнага плану Кітаю «Адзін пас, адзін шлях». Прыпыніліся старыя праекты, а новых інвестараў было не чуваць. Беларусь Лукашэнкі перастала быць настолькі цікавай, як раней. Аднак цяпер, падобна на тое, што для Сі і Лу зноў наступіла вясна. Тры дні Лукашэнка вёў перамовы ў КНР. Афіцыйна пра іх змест кажуць не вельмі шмат, маўляў, у асноўным размаўлялі пра эканамічныя сувязі. Насамрэч, усё можа выглядаць складаней. Падрабязнасці – у сюжэце з праграмы «ПраСвет».

1 сакавіка Лукашэнка сустрэў за шэсць тысячаў кіламетраў ад дому. З трохдзённым візітам прыляцеў у Кітай.

Што адразу кідаецца ў вочы, гэта тое, як Лукашэнка сябе паводзіць. Неяк сціпла і моўчкі. Ловіць кожнае слова кітайскага лідара і штосьці запісвае ў нататнік. Бо разумее: гэта не Зімбабве, дзе адчуваў сябе каралём. Кітай – шанец выйсці з багны. Прынамсі, часткова.

«Мы зацікаўленыя, вельмі зацікаўленыя ў паглыбленні супрацы з Кітаем па тэхнічным развіцці. З улікам стварэння супольнай вытворчасці, мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў з ужываннем сучасным кітайскіх тэхналогіяў, прасоўванне тавараў і паслугаў на рынкі трэціх краінаў».

Патэнцыял ад такіх праектаў Лукашэнка бачыць велізарны. Але, не гэта рэальны змест сустрэчы, упэўнены кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па Кітаі, Тайвані і Цэнтральнай Азіі Канстанцін Хахалін. У Пекіне Лукашэнка прадстаўляе не інтарэсы беларускага народу, а Крамля. То бок Кітай зацікаўлены ў супрацы з Расеяй. Днямі адразу два буйныя выданні CNN і Wall Street Journal паведамі пра гатовасць Пекіну перадаць Крамлю беспілотнікі і артылерыю. Пра партыю ў 100 дронаў паведамляў нямецкі Spiegel. На Захадзе ўпэўненыя, Пекін падтрымлівае Пуціна. Аднак на спатканні гучалі дзяжурныя заявы.

«Мы сябруем ужо не першы год. У нас такое трывалае, непарушальнае сяброўства. Ва ўмовах нестабільных і складаных абставінаў у свеце, Кітай актыўна накіраваны на тое, каб разам з Беларуссю ўзмацніць палітычны давер і практычная супраца, у інтарэсах дынамічнага, здаровага і ўстойлівага развіцця двухбаковых адносінаў», – заявіў Сі Цзінь Пін.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен кажа пра ваеннае падтрыманне. Кітаю выгадна аслабіць Расею праз імаверны канфлікт з НАТА, лічаць эксперты польскага парталу Defence24. Масква жа, калі нават гэта і разумее, не мае іншага выйсця. Таму калі Кітай сапраўды падтрымае Расею зброяй, дакладна запатрабуе штосьці ўзамен. Канстанцін Хахалін, наадварот, упэўнены, Кітаю не выгадна лезці ў гэтую вайну. Самае важнае пытанне, якое Пекіну трэба развязаць з Расеяй, гэта тэрытарыяльнае.

«Гэтую тэму ніхто ніколі не абнуляў. Мяркую, што, магчыма, у гэтым пытанні Расея здолела прапанаваць Кітаю нейкі замен на пасярэдніцтва, – мяркуе кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па Кітаі, Тайвані і Цэнтральнай Азіі Канстанцін Хахалін. – Магчыма, нейкая перадача ў канцэсію нейкіх радовішчаў. Магчыма, прымітыўна, гэта нейкія грошы. Магчыма, нейкія прэферэнцыі. Магчыма, саступкі ў нейкіх пытаннях. Але дакладна, што Расея здолела зацікавіць Кітай, што пасля году канфлікту ва Украіне, Кітай выступіў з гэтымі мірнымі ініцыятывамі».

Мірны план Кітая ва Украіне і на Захадзе ўспрынялі як рэверанс у бок Расеі. Надта бадзёра Пекін заахвочвае вярнуцца да мірных перамоваў. Папросту прапануе Кіеву заплюшчыць вочы на ўсе бясчынствы, што нарабіла расейская армія.

Расея ў пэўнай залежнасці ад Кітаю. Нават пастаўкі нафтавых і газавых вырабаў у Пекін, замест еўрапейскага рынку, не што іншае як разліку Крамля па крэдыце, які Кітай калісьці выдаў Расеі на пабудову нафта і газаправодаў. То бок Кітай папросту атрымлівае прэферэнцыі ад мінулай здзелкі. Ён не зацікаўлены эканамічна падтрымліваць Расею цяпер, калі тая апынулася пад заходнімі санкцыямі праз вайну ва Украіне. Азіяцкая краіна сапраўды магла бы стацца выгодным партнёрам у гэтак званым імпартазамяшчэнні, але гэта не ў яе інтарэсах.

«Вось я звязваўся ні з адным, ні з двума магчымымі пастаўшчыкамі аналагаў еўрапейскіх вырабаў для расейскага рынку, і яны ўсе адмаўляліся ад магчымасці пастаўляць тое, што яны вырабляюць, узамен еўрапейскіх аналагаў на расейскі рынак. Матывавалі вельмі проста. Яны вельмі не хочуць апынуцца пад ціскам другасных санкцыяў», – кажа Канстанцін Хахалін.

ЗША папярэджвае Пекін: любая дапамога Расеі, пакуль трывае развязаная ёю вайна, пацягне за сабою санкцыі. Як супраць цэлых кампаніяў, гэтак і супраць асабіста кожнага, хто на гэта вырашыцца. Таму адноўленая сяброўства Лукашэнкі і Сі Дзіньпіна цалкам можа ўкладацца ў гэтую канву: Кітай выкарыстоўвае Расею, пакуль тая прыціснутая ў кут і ў той жа час дае шанец Лукашэнку.

Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» кажа, што цяпер на карысць Лукашэнкі грае тое, што на тэрыторыі Беларусі фізічна не ідзе вайна і напрыклад любы кітайскі транзіт праз Расею, Еўропу, праз Украіну цяпер відавочна немагчымы.

«Таксама з улікам дрэнных адносінаў паміж Расеяй і Балтыкай, нават са спробамі той жа Калінінградскі транзіт перакрыць, выглядае на тое, што Беларусь ледзь не адзіны больш-менш маршрут паміж Чорным і Балтыйскім морам, з Кітаем і Еўропай. Вядома, ёсць іншыя маршруты, але гэты маршрут таксама важны. Магчыма, Кітай будзе зацікаўлены намякнуць Лукашэнку, што «хопіць штучна псаваць адносіны з той жа Польшчай, трэба іх неяк наладжваць». Гэта Кітай больш цікавіць чым пошук абходных маршрутаў«, – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Аднавіць стасункі з Захадам цяпер наўрад ці магчыма. Бо для гэтага трэба пазбавіцца залежнасці ад Крамля. Беларусь апынулася ў такім становішчы, што існаваць самастойна цяпер яна папросту не здольная, пакуль трымаецца рэжым Лукашэнкі. Пазбавіцца ціску Расеі і замяніць яго на партнёрства з Кітаем? У такую гульню Лукашэнка гуляў да 2020-га года. Але жаданне ўтрымацца на двух, а з улікам Захаду, трох крэслах, скончылася тым, што дыктатар вымушаны выпрошваць грошы ў Расеі і выдыгаць перад Кітаем.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

belsat.eu

Стужка навінаў