Украіна прызначыла Ігара Кізіма амбасадарам для асаблівых даручэнняў у справе Беларусі


Пра сваё прызначэнне спецпрадстаўніком у справе Беларусі Ігар Кізім апавёў у Facebook. Пастанову прыняў міністр замежных справаў Украіны.

Ігар Кізім. Крыніца: zviazda.by

У абавязкі амбасадара для асаблівых даручэннях у справе Беларусі будуць уваходзіць «пытанні, звязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі як часткаю беларускага грамадства, якая выступае супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, асабліва ў тым, што датычыць падтрымання расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны».

«Спадзяюся, мой досвед працы амбасадарам Украіны ў Рэспубліцы Беларусь спатрэбіцца ў гэтым», – зазначыў Кізім на сваёй старонцы ў Facebook.

Ігар Кізім быў апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі. Ён быў прызначаны на пасаду ў 2017 годзе і вызвалены ад абавязкаў прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 22 чэрвеня 2023-га. Гэта адбылося пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком непрызнаванай ДНР Дзянісам Пушыліным.

Да гэтага Ігар Кізім заставаўся ў Менску, нягледзячы на скандальныя дзеянні, якія дазваляў сабе беларускі бок. Напрыклад, яшчэ ў верасні 2020 года лукашэнкаўскія памежнікі агледзелі багажнік аўтамабіля дыпламата, хоць, згодна з венскімі канвенцыямі, гэта недапушчальна.

Новага амбасадара ў Беларусі Украіна не прызначала.

Інтэрв’ю
«Напісаў Макею: сяброўству канец». Экс-амбасадар Украіны ў Беларусі распавёў пра першыя дні вайны
2023.10.02 19:24

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў