Ці прывядуць удары ЗША па саюзніках Ірану да новай эскалацыі? Каментуе ўсходазнаўца


У адказ на гібелі трох амерыканскіх вайскоўцаў ад удару беспілотнікаў па базе ў Іярданіі ЗША 2 лютага нанеслі ўдары па аб’ектах праіранскіх фармаванняў у Іраку і Сірыі. Пра наступствы гэтага ў каментары «Белсату» распавёў усходазнаўца Руслан Сулейманаў.

Вайсковыя самалёты ЗША.
Фота: centcom.mil

На думку эксперта, амерыканскія ўдары не сталі нечаканасцю для Ірану і ягоных сатэлітаў у Іраку і Сірыі, бо «гэты адказ чакаўся». Таму, заявіў Руслан Сулейманаў, ён і не чакае новай эскалацыі і новых дзеянняў у адказ.

«Проста амерыканцам трэба было так ці інакш аднавіць парытэт. Але нейкай новай эскалацыі, новага вітка канфлікту на Блізкім Усходзе зараз ніхто не жадае», – сказаў усходазнаўца.

Пры гэтым, паводле яго, «узаемная пікіроўка паміж амерыканцамі і праіранскімі проксі, вядома, будзе працягвацца». Але абстрэлы будуць насіць хутчэй лакальны характар. Сулейманаў адзначыў, што праіранскім групоўкам важна «пацвярджаць на справе, што яны працягваюць супраціўляцца амерыканцам і ўсяму Захаду», але поўнамаштабная вайсковая аперацыя Вашынгтону супраць іх ім не трэба.

У сваю чаргу ад прэзідэнта ЗША Джо Байдэна «працягваюць чакаць нейкіх рашучых захадаў». Таму яму трэба рэагаваць на такія акцыі, асабліва з улікам надыходзячых прэзідэнцкіх выбараў і неабходнасць паказаць ЗША як краіну, якая «адказвае і апярэджвае падобныя акцыі».

Сулейманаў адзначыў, што з моманту нападу «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года напады праіранскіх сілаў на амерыканскіх вайскоўцаў на Блізкім Усходзе «сталі адбывацца ледзь не кожны дзень».

«І сапраўды, вялікі цуд, што ніхто не гінуў у гэтых атаках. Але рана ці позна гэта магло адбыцца. Вось гэта адбылося», – сказаў ён.

Аналітыка
«Ястрабы» заклікаюць Байдэна бамбіць Іран. Ці варта чакаць вялікай вайны?
2024.01.29 18:05

У выніку атакі беспілотніка ў Іярданіі 28 студзеня загінулі трое амерыканскіх вайскоўцаў і больш за 40 пацярпелі. Адказнасць за атаку ўзяла на сябе праіранская групоўка «Ісламскі супраціў у Іраку».

«Як мы казалі раней, калі ЗША працягнуць падтрымліваць Ізраіль, будзе эскалацыя. Усе інтарэсы ЗША ў рэгіёне з’яўляюцца законнымі цэлямі. Мы не клапоцімся аб пагрозах ЗША ў адказ, мы ведаем, у якім кірунку рухаемся, і пакутніцкая смерць – наша ўзнагарода», – сказаў прадстаўнік баевікоў.

У адказ 2 лютага сілы Цэнтральнага камандавання ЗША нанеслі авіяўдары ў Іраку і Сірыі па іранскім Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі і звязаных з ім узброеным фармаваннях. Агулам былі атакаваныя больш чым 85 мішэняў. У авіяўдарах былі выкарыстаныя больш за 125 высокадакладных боепрыпасаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў