На рэканструкцыю Менскай ачышчальнай станцыі плануюць патраціць 180 млн долараў


Рэканструкцыю Менскай ачышчальнай станцыі (МАЦ) плануюць правесці з 2024 па 2028 г. Кошт рэалізацыі праекту папярэдне ацэньваецца ў 180 млн долараў. Пра гэта распавёў дырэктар «Менскводаканалу» Фёдар Рымашэўскі, паведамляе «Минск-Новости».

Менская ачышчальная станцыя. 
Фота: БелТА

Менская ачышчальная станцыя складаецца з двух вытворчых комплексаў, уведзеных у эксплуатацыю ў 1963 і 2007 г. Рэканструкцыя закране першы.

Пад час рэканструкцыі плануецца мадэрнізацыя будынкаў і дэмантаж неэксплутаваных збудаванняў. Будзе павышана якасць ачысткі сцёкавых вод і іх ультрафіялетавае абеззаражанне. Пасля гэтага павінна палепшыцца якасць вады ў горадзе, а таксама – знікне праблема пахаў, якія зыходзяць ад станцыі. Збудаванні механічнай ачысткі, на этапе якога прысутнічае непрыемны пах, плануюць зрабіць зачыненымі. Таксама пабудуюць комплекс збудаванняў для ачысткі паветра.

Фінансаваць рэканструкцыю плануюць з бюджэту. Ужо вызначаны генеральны праекціроўшчык.

Раней, летам 2020-га, у «Менскводаканале» заяўлялі, што завяршыць усе працы па рэканструкцыі МАЦ плануюць у 2025 годзе. Але дагэтуль працы нават не пачаліся.

Цяпер у Менску кожны дзень утвараецца 460 тыс. м3 сцёкавых вод, якія паступаюць на Менскую ачышчальную станцыю. Там яны праходзяць поўны цыкл механічнай і біялагічнай ачысткі, пасля чаго вада скідаецца ў раку Свіслач.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў