Улады забралі даменнае імя Baj.by у Беларускай асацыяцыі журналістаў


3 студзеня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку забраў у Беларускай асацыяцыі журналістаў даменнае імя Baj.by.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: baj.media

Рашэнне аб прыпыненні дэлегавання даменнага імя Baj.by яго ўласніку (Беларускай асацыяцыі журналістаў) было прынятае нібыта ў сувязі з выяўленымі парушэннямі.

Парушэнні былі ў тым, што ААЦ праз кампанію-рэгістратара ТАА «Адкрыты кантакт» звярнулася да ўладальніка дамену з патрабаваннем падаць дакументы з пацвярджэннем дакладнасці асабістых звестак. Гэтыя патрабаванні з’явіліся адразу пасля публікацыяй БАЖ пазіцыі адносна правядзення ў Менску рэгіянальнага Форуму кіравання інтэрнэтам.

Першапачаткова кампанія-рэгістратар прапанавала ўладальніку дамену даслаць скан пашпарту на электронную пошту, але неўзабаве паведаміла, што ААЦ настойвае на асабістым візіце ўладальніка ў офіс.

Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў напісаў у ТАА «Адкрыты кантакт», што згодна з Інструкцыяй аб парадку рэгістрацыі даменных імёнаў у сетцы інтэрнэт ,«асабістыя візіты» ў офіс рэгістратара не прадугледжаныя, бо даменамі ў зоне .by могуць валодаць нават замежныя асобы. Таксама ён адзначыў, што ўсе запатрабаваныя рэгістратарам дакументы былі пададзеныя (гэта пацвярджае і сам рэгістратар).

Заглушка, якая вісіць цяпер на сайце БАЖ.
Фота: baj.media

Нягледзячы на гэта, Аператыўна-аналітычны цэнтр прыняў рашэнне аб пазбаўленні БАЖ даменнага імя baj.by.

«У пазбаўленні даменнага імя мы бачым не што іншае, як рабаўніцтва. Акрамя абуральнага факту парушэння права на свабоду выказвання, беларускія ўлады парушылі яшчэ адно фундаментальная права – права на ўласнасць», – заявілі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Разам з тым у асацыяцыі адзначылі, што БАЖ не дазволіць уладам легітымізаваць рэпрэсіі, дзяржаўную цэнзуру і ціск на незалежныя медыі. БАЖ мае намер праінфармаваць ICANN – Міжнародную карпарацыю кіравання даменнымі імёнамі – і будзе разлічваць на адпаведную ацэнку інцыдэнту на міжнародным узроўні.

Таксама ў БАЖ адзначылі, што рыхтаваліся да падобнай сітуацыі і перавялі свой рэсурс на новы дамен Baj.media.

Нагадаем, пры канцы снежня стала вядома, што Аператыўна-аналітычны цэнтр прыняў рашэнне аб ануляванні запісу аб рэгістрацыі даменных імёнаў afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by и tyt.by, пазбавіўшы Яўгенію Чарняўскую права валодаць імі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў