Дарадца літоўскага прэзідэнта лічыць беларусаў пятай калонай


Дарадца літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы думае, што сейм Літвы памыліўся, калі адмовіўся ўраўнаваць у правах беларусаў з расейцамі, якія прыязджаюць у краіну, і назваў беларусаў «пятаю калонай», якая стварае пагрозу для Літвы, заўважыла выданне «Позірк».

Дарадца літоўскага прэзідэнта Фрэдэрыкас Янсанас у эфіры «Žinių radijas».
Фота: ziniuradijas.lt

З такімі заявамі Фрэдэрыкас Янсанас выступіў 2 студзеня ў інтэрв’ю «Žinių radijas»:

«Я думаю, сапраўды важны момант – гэта тое, у чым Сейм памыліўся. Стаўка на ўніфікацыю ўмоваў пражывання і перамяшчэння ў Літве для расейцаў і беларусаў была адхіленая, цяпер праз паўгода мы вяртаемся да праблемаў… Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі сігналізуе: праблема ў тым, што кожны месяц у Літву прыязджаюць тысячы і тысячы новых жыхароў з Беларусі. І мы стваралі патэнцыйна вялікую праблему».

Паводле Янсанаса, за год у Літву прыязджаюць прыблізна 20 тысяч грамадзянаў Беларусі.

«Я не ведаю, каго яны рэпрэзентуюць… Мы патэнцыйна ствараем пятую калону і паказваем, што тут усё добра і прыгожа, але гэта не так», – падкрэсліў дарадца літоўскага прэзідэнта.

Нагадаем, што Сейм Літвы прыняў папраўкі ў закон аб прававым статусе замежнікаў. Згодна з ім замежнікі, якія прыбылі на тэрыторыю Літвы з гуманітарнаю візаю пры пасярэдніцтве МЗС, будуць атрымліваць ВНЖ тэрмінам да трох гадоў. Да гэтага беларусам неабходна было працягваць ВНЖ штогод. Цяпер закон адправіўся на подпіс літоўскаму прэзідэнту.

Пры гэтым міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце выступае за тое, каб на ўзроўні Сейму пастанавілі ўніфікаваць абмежавальныя захады для грамадзянаў Расеі і Беларусі. Яна падкрэсліла, што гэта звязана з пытаннямі бяспекі.

Hавiны
МУС Літвы спадзяецца на ўніфікацыю санкцыяў супраць беларусаў і расейцаў
2023.12.05 08:41

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў