Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе


​Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская плануе наведаць Давос і ўзяць удзел у Сусветным эканамічным форуме, куды яе запрасілі. Форум будзе праходзіць з 16 да 20 студзеня, паведамляе тэлеграм-канал беларускай лідаркі.

Святлана Ціханоўская.
Фота: CabinetBelarus/Telegram

Святлана Ціханоўская будзе выступаць на галоўнай сцэне разам з кіраўнікамі іншых дзяржаваў.

«Беларуская дэмакратычная лідарка падчас свайго выступу ў швейцарскім Давосе плануе звярнуць увагу на ролю Беларусі ў новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе, на недапушчэнне выкарыстання беларускай тэрыторыі ў вайне супраць Украіны, сітуацыю з палітвязнямі і палітычныя рэпрэсіі», – паведамляе тэлеграм-канал абранай прэзідэнткі Беларусі.

Афіцыйныя беларускія дэлегацыі не запрашаліся да ўдзелу ў Эканамічным форуме ў Давосе з 1992 года, калі Беларусь на ім прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч.

У той самы час, калі Святлана Ціханоўская будзе браць удзел у эканамічным форуме, у Беларусі пачнуць разглядаць крымінальную справу, заведзеную на яе ў межах так званага спецыяльнага вядзення. Завочны суд пачнецца 17 студзеня. Святлану Ціханоўскую вінавацяць паводле 10 крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК).

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў