Суд над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам і чальцамі КР прызначылі на 17 студзеня


Завочны суд у межах так званага спецыяльнага вядзення над Святланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам, а таксама над іншымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады прызначаны на 17 студзеня 2023 года. Гэта вынікае з паведамлення на сайце Вярхоўнага суду Беларусі.

Паседжанне пачнецца а 10-й гадзіне раніцы ў Менскім гарадскім судзе, які просіць Святлану Ціханоўскую, Марыю Мароз, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага з’явіцца на судовы працэс – «пры сабе мець дакумент».

Кожнаму фігуранту «справы» выставілі цэлы шэраг абвінавачанняў. Святлане Ціханоўскай – ажно паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Як тлумачыў раней СК, «спецыяльнае вядзенне – гэта вядзенне ў крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская назвала завочныя суды, якія пачаліся ў Беларусі, «чарговым злачынствам супраць народу», і заявіла, што ўсе асуджаныя на такіх судах беларусы будуць рэабілітаваныя.

26 снежня Менскі гарадскі суд абвясціў вырак спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну. Іх завочна прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі за заклікі да санкцыяў супраць Беларусі.

Закон аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачванымі, калі тыя застаюцца за межамі Беларусі, 21 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Каментар
Аляксандра Герасіменя пра завочны суд: Паказальны выступ з мэтай завалодаць чужой маёмасцю
2022.12.19 20:46

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў