Як вызваліць палітвязняў? Каардынацыйная рада пачала вялікія двухдзённыя слуханні


Каардынацыйная рада 2–3 снежня праводзіць слуханні на тэму вызвалення палітвязняў: хоча сфармуляваць супольную пазіцыю і стратэгіі па вызваленні палітычных зняволеных і падтрымцы іх і іхных сваякоў. «Белсат» расказвае, пра што казалі ў першы дзень.

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў на адкрыцці слуханняў адзначыў, што лічбы праваабарончай супольнасці (1447 палітвязняў на дзень слуханняў) няпоўныя, бо з палітычных матываў кінулі за краты яшчэ больш чалавек.

Пытанне іх вызвалення – галоўнае для дэмакратычных сілаў, незалежна ад палітычных поглядаў, казаў Ягораў. Але ў розных суб’ектаў розныя падыходы, прызнаў ён, таму патрэбная прынамсі група збліжаных поглядаў, каб вырашаць практычныя пытанні.

Гэтую пазіцыю збіраюцца агучыць ужо пасля слуханняў – не выключана, што гэта будзе не адзіная стратэгія, а некалькі напрамкаў.

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Галоўнае, пра што пагадзілася большасць прамоўцаў на слуханнях:

• Адзіная стратэгія патрэбная і самім дэмакратычным сілам, і замежным партнёрам.

• Патэнцыйныя перамовы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі не выключаюць ціску на рэжым.

• Санкцыі не прывялі да вызвалення палітвязняў і нават уводзіліся пераважна не праз рэпрэсіі. Санкцыі могуць быць тым, на што можна абмяняць палітвязняў, але беларусы не ўплываюць наўпрост на тое як уводзяць і здымаюць санкцыі.

• Рэжым не надта зацікаўлены ў вызваленні палітвязняў, не бачыць дэмакратычныя сілы суб’ектам перамоваў. Незразумела, якія ўмовы вызвалення палітвязняў хоча выставіць рэжым. Дыпламатычныя высілкі і кантакты ёсць ужо цяпер, часта непублічныя, але менавіта перамоваў няма.

• Большая частка выступоўцаў заклікала аддзяляць тэму вызвалення палітвязняў ад тэмы змены рэжыму, не патрабаваць усяго адразу. Але былі і тыя, хто быў рэзка супраць вызвалення часткі палітвязняў цаной зняцця санкцыяў, бо гэта можа ўзмацніць рэпрэсіі.

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

На слуханнях гучала таксама ідэя стварэння пастаяннай працоўнай групы ў пытанні вызвалення палітвязняў.

Рэпартаж
Дасядзяць ці не дасядзяць да канца тэрмінаў? Што казалі на першым дні слуханняў пра вызваленне палітвязняў – падрабязна
2023.12.02 21:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў