У Кобрынскім раёне з пагоняй затрымалі кіроўцу УАЗ, які вёз семярых дзяцей


У Кобрынскім раёне супрацоўнікі прыродаахоўнай інспекцыі заўважылі на лясной дарозе УАЗ з вялікай колькасцю пасажыраў у салоне і вырашылі яго спыніць. Кіроўца праігнараваў патрабаванне аб спыненні і паспрабаваў уцячы, пачаўся пераслед, паведамляе МУС.

Скрыншот з відэа: pressmvd/Telegram

Пагоня працягвалася каля пяці кіламетраў, 35-гадовы вадзіцель УАЗ ігнараваў светлавыя і гукавыя сігналы, але затым усё ж спыніўся і выйшаў з аўто. У салоне аўтамабіля знаходзіліся сямёра дзяцей.

Высветлілася, што некалькі сем’яў адпачывалі вялікай кампаніяй і мужчына падахвоціўся пакатаць непаўналетніх. Па вонкавых прыкметах, мужчына выглядаў нецвярозым. Аднак ад праходжання агляду ён адмовіўся.

Пазней 35-гадовага парушальніка выклікалі ў ДАІ, дзе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за адмову ад агляду, адсутнасць пасведчання кіроўцы і допуску да ўдзелу ў дарожным руху, парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў