Украіна працягвае экспарт збожжа, нягледзячы на заявы ў Крамлі


Два тыдні таму Расея заявіла, што больш не бярэ ўдзелу ў збожжавай дамове. Раней дзякуючы гэтаму пагадненню Украіна мела магчымасць экспартаваць сваё збожжа ў краіны Афрыкі і Блізкага Усходу. Пасля дэмаршу Расея пачала наносіць удары па партах Адэсы. Эксперты ў размове з «Белсатам» адзначаюць, што такім чынам агрэсар не толькі намагаецца нанесці эканамічныя страты Украіне, але і падвышае стаўкі перад новымі перамовамі ў справе збожжавай угоды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камбайн на полі ў Адэскай вобласці. 22 чэрвеня 2022 года.
Фота: Nina Liashonok / Ukrinform / ddp images / Forum

Збожжавую ўгоду Расея, Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, Турэччына і Украіна заключылі 22 ліпеня летась. Паводле дамовы, забяспечваўся бесперашкодны вываз украінскага збожжа з партоў Адэсы, Чарнаморску і Паўднёвага, а Расея атрымлівала магчымасць экспартаваць сельгаспрадукцыю і ўгнаенні.

Эканаміст Алег Пендзін у каментары «Белсату» нагадаў, што летась Украіна сабрала каля 115 мільёнаў тонаў збожжа. Для ўнутраных патрэбаў неабходна каля 17 мільёнаў тонаў. Усё астатняе – на экспарт. Традыцыйнымі рынкамі збыту ўкраінскага збожжа выступаюць краіны Паўночнай Афрыкі, Блізкі Усход, Кітай.

«На жнівень мінулага года Украіна мела каля 20 мільёнаў тонаў збожжа, якія яшчэ не паспелі вывезці. І гэта была крытычная лічба, бо не было дастаткова элеватараў, каб захоўваць зерне. Збожжавая ўгода была крытычна важная для Украіны», – кажа эксперт.

Алег Пендзін таксама дадае, што з моманту, калі запрацавала збожжавая ўгода, Украіна вывезла 38 мільёнаў тонаў збожжа, але сёлета такіх аб’ёмаў няма і ў адсутнасці дамоўленасці для Украіны нічога крытычнага няма.

17 ліпеня сёлета Расея заявіла, што больш не жадае браць удзелу ў дамове, і пакінула яе. Пасля гэтага новых перамоваў яшчэ не было. Расея прыстрашыла, што будзе лічыць варожым кожны карабель, пабачаны каля партоў Адэсы, і знішчыць яго. Пасля такой жа заявы з боку Украіны рыторыку ў Крамлі змянілі. У Маскве адзначылі, што ранейшыя словы не так зразумелі, але Расея мае намер аглядаць кожнае судна ў Чорным моры.

«Тэхнічна Расея можа знішчаць цывільныя караблі ў Чорным моры, яны прадэманстравалі, што здольныя на надзвычайныя ўчынкі. Таму не выключаецца патапленне танкераў. З палітычнага гледзішча ў Маскве зразумелі, што перагнулі палку, і кажуць, што будуць аглядаць танкеры, якія ідуць ва Украіну і з Украіны. Такі фільтр могуць зрабіць і як падчас збожжавай угоды, але дзеянні Расеі ў аднабаковым парадку не будуць легітымнымі і будуць парушаць правілы міжнароднага суднаходства», – распавёў украінскі вайсковы эксперт Паўло Лакійчук.

Hавiны
З 20 ліпеня Расея пагражае страляць па караблях, якія будуць ісці ва ўкраінскія парты
2023.07.19 21:49

Тым не менш, як паведамляюць медыі, уначы на 30 ліпеня тры грамадзянскія караблі пад сцягамі Ізраілю, Грэцыі і Турцыі прайшлі турэцкія пратокі і зайшлі ва ўкраінскае вусце Дунаю. Бяспеку караблям забяспечваў амерыканскі супрацьлодачны самалёт P-8. Расея ніяк не адрэагавала на гэта.

Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка ў каментары «Белсату» кажа, што Расея не будзе атакаваць турэцкіх караблёў. Для Крамля вельмі важна захаваць добрыя стасункі з Турцыяй. Не будуць атакаваць караблёў у тэрытарыяльных водах, якія належыць Румыніі, Балгарыі, краінам NATO. Але і гэтыя краіны таксама не будуць рызыкаваць. Будуць асцярожныя дзеянні з абодвух бакоў.

Асцярожнасць і магчымыя рызыкі ўжо прывялі да таго, што страхавыя кампаніі або прыпынілі страхаванне караблёў, якія ідуць ва ўкраінскія парты, або зрабілі стаўкі вельмі высокімі, што прывяло да росту коштаў на ўкраінскае збожжа.

Hавiны
Уладзімір Пуцін: Расея вернецца да збожжавай угоды, калі будуць выкананыя яе ўмовы
2023.07.19 23:10

Якія мэты мае Крэмль

Палітолаг Уладзімір Фясенка кажа, што дзеянні Расеі – гэта спроба сілавога шантажу. Дзеля гэтага Масква распачала ракетныя ўдары не толькі па партах Чорнага мора, але і па партовай інфраструктуры Дунаю.

«РФ імкнецца, каб пацярпела ўкраінская эканоміка, бо экспарт збожжа ва ўмовах вайны для Украіны ёсць важнай крыніцай паступлення валюты. Крэмль імкнецца нанесці максімальныя страты эканоміцы Украіны. Разам з тым, Расея намагаецца выбіць Украіну са збожжавага рынку», – тлумачыць эксперт.

Адначасова праз марскую блакаду РФ намагаецца, каб кошты на збожжа ў свеце выраслі, што адпавядае інтарэсам Расеі. Украіна паведамляе таксама, што ў выніку абстрэлаў акупанты знішчылі 180 тысячаў тонаў збожжа.

Наступствы расейскіх удараў па Адэсе. 21 ліпеня 2023 года.
Фота: Одеська Обласна Прокуратура / facebook
Эксперт таксама дадае, што акрамя эканамічных чыннікаў у паводзінах прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна прысутнічае і псіхалагічна-палітычная прычына. Расея дэманструе здольнасць да эскалацыі канфлікту праз пагрозы марской блакады. Паводле Уладзіміра Фясенкі, падчас прыгожынскага мяцяжу зрабілася відавочнаю слабасць пуцінскага рэжыму, і пасля гэтага Пуціну трэба паказаць, што ён дастаткова моцны. Існыя пагрозы ў выніку – дэманстрацыя сілы, кампенсацыя за слабасць падчас мяцяжу. Таксама намаганні паказаць, што Расея гатовая весці вайну.

«Пуцін не толькі шантажуе, ён высоўвае нейкія ўльтыматумы. Цяпер ён агучыў шэраг патрабаванняў, каб працягнуць збожжавую ўгоду. Я не думаю, што яны будуць выконвацца. Можа, у некаторых момантах магчымыя кампрамісы, але ўльтыматумаў Пуціна не разглядалі і перад пачаткам вялікай вайны з Украінай, таму і цяпер не пойдуць на выкананне расейскіх ультыматумаў», – кажа палітолаг.

Каментар
«Расея гандлюецца ў сваёй звыклай тэрарыстычнай манеры». Эксперт – пра знішчэнне партовай інфраструктуры Украіны
2023.07.22 14:13

Альтэрнатыўныя шляхі для экспарту збожжа

Украіна ў гэты час шукае альтэрнатыўныя шляхі экспарту збожжа. Вайсковы эксперт Паўло Лакійчук лічыць, што можа зʼявіцца новы часовы калідор уздоўж узбярэжжа на тэрытарыяльных водах Румыніі і Балгарыі. Такая прапанова ўжо прагучала, але Украіна адказу пакуль не атрымала. Праўда, гэты шлях мае абмежаванні, бо ў гэтых водах могуць прайсці танкеры невялікага танажу. 31 жніўня міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба распавёў, што Харватыя і Украіна дамовіліся выкарыстоўваць харвацкія парты на Дунаі і Адрыятычным моры для экспарту ўкраінскага збожжа. Цяпер бакі працуюць над гэтым. Іншыя альтэрнатыўныя шляхі маюць абмежаванні.

«Калі пачалі разглядаць магчымасці вывазу ўкраінскага збожжа наземным транспартам, то выявілася, што фактычна адзінымі партамі, якія гатовыя перавозіць украінскае збожжа ў Еўропе, ёсць балтыйскія парты. У выніку лагістыка робіць збожжа вельмі дарагім», – кажа эканаміст Алег Пендзін.

Эксперт таксама дадае, што вываз збожжа наземным шляхам абмежаваны. Украінскай чыгункай можна перавезці каля 10–15 мільёнаў тонаў.

Hавiны
Афрыка хоча, каб Пуцін вярнуўся да збожжавай угоды з Украінай, а не абяцаў «нейкія» дары
2023.07.29 11:26

Перспектывы збожжавай угоды

Расея на сёння не можа самастойна вярнуцца ў збожжавую ўгоду, бо можа страціць твар, лічыць эканаміст Алег Пендзін. Тым больш, што на дыпламатычным узроўні Крэмль зазнаў паразу нават на афрыканскім кантыненце.

«Афрыканскі саміт, які меўся прадэманстраваць вялікае яднанне краінаў Афрыкі і Расеі, атрымаўся з супрацьлеглымі вынікамі. У супольнай заяве лідары афрыканскіх краінаў заклікалі Расею аднавіць збожжавую ўгоду. Я думаю, што Турэччына дакладна заявіць пра сваю пазіцыю і Крэмль нікуды не дзенецца», – кажа эксперт.

Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Рэджэпа Эрдагана адбудзецца ў жніўні. Суразмоўца «Белсату» кажа, што паколькі Расея заявіла пра выхад з ранейшай угоды, то Турэччына заявіць пра гарантаванне бяспекі ў Чорным моры. У такім выпадку транспартаванне стане больш хуткім, бо расейцы больш не будуць правяраць танкераў.

Пакуль жа адзінай сур’ёзнай праблемай ёсць знішчэнне Расеяй партовых тэрміналаў. Але эксперты сыходзяцца ў думцы, што калі адбудзецца ўзмацненне супрацьпаветранай абароны Украіны дзякуючы дамоўленасцям з NATO, то для Украіны ўвогуле не будзе ніякіх праблемаў з вывазам збожжа праз парты ў Адэсе.

Hавiны
Пасля крытыкі афрыканскіх прэзідэнтаў Пуцін распавёў, чаму не будзе іх слухаць
2023.07.30 09:38

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў