Беларусь пакідае кампанія «IBA Group». Сярод яе праектаў – банкаматы і інфакіёскі


Кіраўнік «IBA Group» Сяргей Ляўцееў заявіў, што кампанія пакідае расейскі і беларускі рынкі. «У «IBA Group» ужо няма кліентаў на гэтых двух рынках», – сказаў бізнесовец у інтэрв’ю выданню «Emerging Europe». З распрацоўкамі гэтай кампаніі знаёмы, бадай, кожны беларус: гэта яны зрабілі банкаматы, інфакіёскі ды кампосцеры для грамадскага транспарту.

Валідатар кампаніі «IBA Group» у грамадскім транспарце.
Фота: belcard.by

Заснавальнік і генеральны дырэктар «IBA Group» Сяргей Ляўцееў паведаміў, што ў Беларусі цяпер застаюцца каля 40 % супрацоўнікаў, астатнія рэлакаваліся. Прычына – адчуванне небяспекі. Кампанія падтрымоўвала і дапамагала з пераездам.

«Мы новая кампанія. І мы былі падрыхтаваныя да тых зменаў, што адбыліся за апошнія тры гады. У нас былі нейкія страты ў людзях, у бізнесе, але яны для нас не драматычныя. І мы цалкам пакідаем расейскі і беларускі рынкі. У «IBA Group» ужо няма кліентаў на гэтых двух рынках», – запэўніў Ляўцееў.

Кіраўнік групы таксама выступіў супраць паглынання Беларусі Расеяй:

«Сёння сапраўды важна, што адбудзецца ва Украіне, у тым ліку і для Беларусі. Мы вельмі спадзяёмся, што Беларусь не будзе ў складзе Расеі. Некаторыя крокі ўжо зробленыя. Паміж Расеяй і Беларуссю ўжо ёсць мяжа – мяжы не было амаль 20 гадоў. І ёсць пашпартавы кантроль».

Ляўцееў мяркуе, што сітуацыя ў Беларусі палепшыцца, калі краіна нармалізуе стасункі з Захадам.

Тэрміналы кампаніі «IBA Group» у менскім метро.
Фота: «Яндекс.Карты»

«IBA Group» заснавалі ў Менску ў 1993 годзе. З таго часу яна мела супрацу з рознымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, у тым ліку Беларуская чыгунка, «Беларуськалій», БелАЗ, «Белтрансгаз», «Белтэлекам», «Белэнерга».

Сярод распрацовак кампаніі – банкаматы, інфакіёскі, кампосцеры і валідатары для грамадскага транспарту, онлайн-сервісы аплаты праезду, тэрміналы для папаўнення праязных.

Акрамя таго, у 2021 годзе «IBA Group» перамагла ў конкурсе на стварэнне буйной базы звестак для Міністэрства падаткаў. Сістэма мусіць аналізаваць звесткі пра фінансы фізічных і юрыдычных асобаў ды ўмець бачыць махлярства. Платформу плануюць стварыць да 2025 года. Як паведамлялася, «IBA Group» зоймецца першым этапам: дызайнам тэхнічнай архітэктуры ды інтэрфейсу.

У 2020 годзе пасля звальнення з МЗС сын колішняга міністра Уладзіміра Макея пайшоў працаваць у «IBA Group» кансультантам.

Агулам кампанія за сваю гісторыю выканала больш за 2000 праектаў для кліентаў з 50 краінаў свету.

Агляд
IT у Беларусі: небывалае беспрацоўе, урэзаны сацпакет і туманныя перспектывы
2023.06.27 12:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў