Узнагарода для героя, тыдзень пад знакам мяцяжу ў Расеі і забароненыя яблыкі. Галоўныя падзеі ў малюнках


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі пасмяротна ўзнагародзіла беларускага ваяра палка Каліноўскага Міраслава Лазоўскага сваёй найвышэйшай узнагародай – ордэнам Жалезнага Рыцара, а мяцеж Прыгожына ў Расеі стаўся адпраўным пунктам шмат якіх падзеяў у Беларусі і вакол яе. За гэтымі ды іншымі гучнымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс. 

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Адзін з лідараў «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі загінуў каля Бахмуту 16 траўня. Ён быў добраахвотнікам у палку Каліноўскага, які змагаецца на баку Украіны. 25 чэрвеня Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла яго сваёй найвышэйшай узнагародай – ордэнам Жалезнага Рыцара.

Агляд
Калі і як узнік ордэн Жалезнага Рыцара, якім узнагародзілі Міраслава Лазоўскага
2023.06.25 16:18

Ордэн Жалезнага Рыцара мог стаць адною з найвышэйшых узнагародаў незалежнай Беларусі, калі б тая захавала нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню, але гэтага не дапусціў, прыйшоўшы да ўлады, Аляксандр Лукашэнка. Міраслаў Лазоўскі стаўся першым вядомым з 1952 года кавалерам адноўленага ордэна Жалезнага Рыцара.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Увечары 26 чэрвеня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у сваім звароце да грамадзянаў наконт сітуацыі з ПВК Вагнэра абвесціў, што Прыгожын і ягоныя найміты з’едуць у Беларусь. І тут пачалося.

Пра ўзрослую пагрозу адразу заявілі суседнія краіны – Польшча, Літва, Украіна, а эксперты пачалі выбудоўваць магчымыя наступствы для нашай краіны і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, які дапусціў прыход у сваю краіну банды крымінальнікаў, прызнанай у свеце тэрарыстычнаю.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Потым з’явілася інфармацыя, што для размяшчэння ПВК Вагнэра ў Беларусі каля Асіповічаў ужо будуюць базу, а потым былі апублікаваныя і здымкі вялікага намётавага лагеру, у якім, паводле ацэнак адмыслоўцаў, могуць размясціцца каля 8 тысяч вайскоўцаў.

Меркаванні
Чаму «Вагнэр» небяспечны для Польшчы і краінаў Балтыі?
2023.06.30 19:07

Тым часам амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што лагераў для размяшчэння байцоў ПВК Вагнэра ў Беларусі будзе тры. Пабудаваны каля Асіповічаў – толькі адзін з іх. Дзе будуць яшчэ два, пакуль невядома.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

На падзеі ў Расеі падзеннем адрэагавала нацыянальная валюта гэтай краіны, а следам за ёй і беларускі рубель.

Курс амерыканскай валюты на гандляваннях Беларускай валютна-фондавай біржы працягвае рост, які пачаўся 23 чэрвеня і ўзмацніўся пасля мяцяжу Яўгенія Прыгожына ў Расеі.

Hавiны
Курс расейскага рубля ўпаў пасля мяцяжу Прыгожына
2023.06.26 10:28

30 чэрвеня долар адносна беларускага рубля падняўся на максімум за 458 дзён. Ён падаражэў на 0,01 % да 3,0319 рубля. Расейскі рубель, наадварот, упаў да мінімуму за 459 дзён. Яго курс знізіўся на 1,42 % да 3,4346 беларускага за 100 расейскіх.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

28 чэрвеня Савет Міністраў РБ абнавіў забарону на завоз пэўных відаў аграпрадукцыі і ўвёў забарону на завоз з Польшчы ды Літвы піва і слабаалкагольных напояў. Урадавая прэс-служба паведаміла, што агульная прычына забароны на экспарт аграгаспадарчай і харчовай прадукцыі – недружалюбнасць краінаў яе паходжання. Аднак для забароны імпарту яблыкаў зрабілі выключэнне, іх можна будзе пастаўляць у перыяд з 1 да 31 ліпеня.

Што да забароны на завоз з Літвы ды Польшчы піва і слабаалкагольных напояў, то ён уводзіцца «з улікам вытворчасці аналагічнай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь у дастатковых аб’ёмах».

Hавiны
Міністр Багданаў патлумачыў, чаму беларускія яблыкі даражэйшыя за польскія
2022.08.23 10:10

belsat.eu

Стужка навінаў