Ядравая гонка: Польшча гатовая адказаць Лукашэнку


Навіна, якая раптам сталася галоўнай у шэрагу выданняў. Ядравая гонка, якую распачалі Пуцін і Лукашэнка ў нашым рэгіёне, будзе мець свой працяг. Польшча пацвердзіла, што папросіць Злучаныя Штаты размясціць у сябе амерыканскую ядравую зброю. Заява прагучала напрыканцы двухдзённага саміту кіраўнікоў краінаў Еўразвязу ў Бруселі, дзе прынялі і адмысловае рашэнне ў справе Беларусі.

Чым больш пагрозаў з боку Менску, тым больш увагі да гэтых пагрозаў. Польскі ўрад пацвердзіў зацікаўленасць у тым, каб размясціць у сябе ядравыя сілы саюзнікаў па блоку NATO, як гэта ўжо робяць Бельгія, Нямеччына, Італія, Нідэрланды і Турцыя.

«У сувязі з тым, што Расея плануе размясціць тактычную ядравую зброю ў Беларусі, мы тым больш звяртаемся да ўсяго блоку NATO з просьбаю аб удзеле ў праграме «Nuclear Sharing». Канчатковае рашэнне будзе залежаць ад нашых амерыканскіх партнёраў. Але мы не хочам сядзець склаўшы рукі, калі Пуцін падвышае ўзровень пагрозаў», – заявіў прэм‘ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Пакуль гэта толькі словы і намеры. Еўразвяз дае магчымасць Лукашэнку перадумаць. Еўрапейская Рада ў выніку двухдзённага саміту заклікала Беларусь спыніць размяшчэнне расейскіх узброеных сілаў, у тым ліку з тактычнай ядравай зброяй, ды агулам перастаць падтрымліваць агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны.

«Ясна прагучала неабходнасць трыбуналу за злачынства супраць міру. І мы ведаем, што гэтае злачынства ўчыняюць лідары дзяржаваў. Ёсць злачынства супраць міру – і ёсць ваенныя злачынствы. І добра мець міжрэгіянальнае разуменне неабходнасці гэтага трыбуналу», – падкрэсліла прэм‘ер-міністарка Эстоніі Кая Калас.

Таксама Еўрапейская Рада асудзіла незаконную дэпартацыю і перадачу ў Расею і Беларусь украінскіх дзяцей і іншых цывільных асобаў. Еўразвяз патрабуе іх тэрміновага вяртання ва Украіну. Паводле Міжнароднага права гвалтоўны вываз дзяцей адной этнічнай групы і перадача іх іншай этнічнай групе якраз трапляе пад азначэнне генацыду. Сёння расейскі міністр замежных справаў пацвердзіў, што ўкраінскіх дзяцей уладкоўваюць у расейскія сем‘і. Але заявіў, што дзяцей могуць вярнуць украінскім бацькам, калі яны жывыя.

«Каля трох сотняў дзяцей былі ўладкаваныя ў сем’і. Прычым гэта было не ўсынаўленне, а часовае папярэдняя апека», – заявіў Сяргей Лаўроў.

Што да арганізаванага Лукашэнкам і Пуціным міграцыйнага крызісу, то кіраўнікі Еўразвязу пакуль не дамовіліся аб істотнай змене правілаў правілаў, што рабіць з мігрантамі-парушальнікамі мяжы.

«Нам трэба моцныя вонкавыя межы, трэба працаваць з краінамі, якія з‘яўляюцца крыніцай міграцыі, каб знізіць міграцыйны ціск у яго крыніцы», – патлумачыў прэм‘ер-міністр Латвіі Артурс Карыньш.

Еўразвяз дамовіўся аб яшчэ большай дапамозе Украіне і ўзмацненні ўласнай абароны. Што да спробы ваеннага перавароту ў Расеі, то кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаваў лічаць супрацьстаянне Прыгожына і Пуціна ўнутрырасейскай справай.

«Не думаю, што падзеі ў Расеі на мінулым тыдні змянілі хуткасць прасоўвання ўкраінскіх войскаў. Але тое, што адбылося, пацвердзіла, што мы як еўрапейскія дзяржавы мусім маніторыць тое, што адбываецца ў Расеі, і тое, што адбываецца ў Беларусі», – так ацаніў спробу ваеннага перавароту ў Расеі прэм’ер-міністр Бельгіі Александэр Дэ Кроў.

Пра абмеркаванне лідарамі дзяржаваў новага пакету санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі не паведамляецца. Паслабленняў таксама няма.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»