Украіна ўзмацняе абарону мяжы ў сувязі з размяшчэннем вагнэраўцаў у Беларусі


Ва Украіне лічаць, што ў Беларусі могуць размясціцца да 8 тысяч вагнэраўцаў, таму украінскія сілы абароны знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатовасці. Пра гэта заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў каментары «Украінскай праўдзе».

ПВК Вагнэра. Крыніца: slovoidilo.ua

Паводле Дземчанкі, цяпер абстаноўка на мяжы застаецца цалкам пад кантролем. Наступальных груповак Расеі на тэрыторыі Беларусі не назіраецца. У той жа час краіна-тэрарыст РФ працягвае выкарыстоўваць Беларусь як базу для падрыхтоўкі сваіх падраздзяленняў і палётаў ваеннай авіяцыі.

Таму, улічваючы магчымыя новыя рызыкі, звязаныя з гатовасцю Лукашэнкі размясціць у сябе наёмнікаў з прыватных ваенных кампаніяў, Украіна ўзмацняе сваю абарону на гэтым кірунку, зазначае спікер ДПСУ і запэўнівае, што развіццё сітуацыі ў Беларусі знаходзіцца на пастаянным кантролі і адсочваецца.

Па словах Андрэя Дземчанкі, наяўная інфармацыя, у тым ліку з адкрытых крыніцаў, сведчыць пра правядзенне працаў па ўладкаванні месцаў для далейшага размяшчэння расейскіх наёмнікаў з ПВК Вагнэра. А ўлічваючы падтрымку, якую Расеі аказвае Беларусь, колькасць наёмнікаў, якіх захоча прыняць Лукашэнка, можа быць даволі значнай. Гаворка можа ісці пра 8 тысяч чалавек, кажа афіцэр.

Паводле дадзеных ДПСУ, колькасць расейскіх вайскоўцаў з падраздзяленняў рэгулярнай арміі, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, складае каля 2 тысяч чалавек.

І нягледзячы на тое, што палявыя лагеры разгортваюцца на значнай адлегласці ад тэрыторыі Украіны, менавіта знаходжанне наёмнікаў у Беларусі стварае дадатковую патэнцыйную пагрозу, у першую чаргу звязаную з дыверсійнай працай і стварэннем рознага роду правакацыяў, зазначыў Дземчанка.

«Для ўзмацнення мяжы з Беларуссю рашэннем Стаўкі было вызначана галоўнаму камандзіру і камандзіру паўночнага кірунку выканаць неабходны комплекс мерапрыемстваў, – сказаў спікер памежнай службы. – Падраздзяленні ДПСУ добра разумеюць пагрозы, якія могуць быць з кірунку Беларусі, і разам з іншымі складнікамі Сілаў абароны Украіны знаходзяцца ў пастаяннай гатовасці да рэагавання на магчымыя правакацыі з боку праціўніка і рашучых дзеянняў у адказ».

Інфармацыя пра падрыхтоўку лагеру вагнэраўцаў у Беларусі пад Асіповічамі з’явілася 26 чэрвеня. 27 чэрвеня Лукашэнка аспрэчыў гэта, але зазначыў, што пры неабходнасці вагнэраўцам дапамогуць з размяшчэннем у Беларусі, і што ім была прапанаваная адна з закінутых воінскіх частак.

Агляд
Лагеры баевікоў – цяпер не жарт. Што вядома пра вагнэраўцаў і будоўлю ў Асіповічах
2023.06.29 18:32

Адначасова здымкі са спадарожнікаў паказалі, што ў Беларусі пачалі будаваць палявы лагер для расейскіх наёмнікаў. 30 чэрвеня з’явілася інфармацыя, што пад Асіповічамі, у вёсцы Цэль, на тэрыторыі былой ваеннай часткі №61732 завершанае будаўніцтва намётавага гарадку, разлічанага прыкладна на 8 тысяч чалавек.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў