Прыгожын – «чорны лебедзь» для Лукашэнкі. Чаму гэта добра, тлумачыць Кацярына Глод


Аляксандр Лукашэнка быццам бы выступіў перамоўнікам і дапамог Уладзіміру Пуціну згасіць мяцеж баевікоў Яўгенія Прыгожына. Сцвярджаецца, што Прыгожын зараз выправіцца ў Беларусь. Спыталі экспертку, што Прыгожын можа ў Беларусі рабіць і што гэта значыць для беларусаў.

Эксперты праекту «European Network for Belarus» вясною разглядалі магчымыя сцэнары развіцця падзеяў у Беларусі да канца 2023 года. Калі не здарыцца нічога асаблівага, прагназавалі яны, Беларусь можа стаць «пратэктаратам» Расеі. Былі і іншыя сцэнары, але ва ўсіх іх былі «чорныя лебедзі» – раптоўныя падзеі з цяжкімі наступствамі. Калі такія падзеі ўжо здарыліся, яны здаюцца чаканымі, але пакуль не здарыліся, прадказаць іх цяжка, а пралічыць эфект амаль немагчыма.

Кацярына Глод
Кацярына Глод – палітычны аналітык, супрацоўніца «Еўрапейскай сеткі лідарства».
Фота: Кацярына Глод

Палітычны аналітык, супрацоўніца «Еўрапейскай сеткі лідарства» Кацярына Глод кажа «Белсату», што Яўгеній Прыгожын – сапраўды «чорны лебедзь». Як будуць развівацца падзеі, прадказаць цяжка, але ўся сітуацыя ёсць паказнікам таго, што непрадказальныя падзеі, якія рэзка мяняюць сцэнары для Беларусі, могуць узнікаць. Гісторыя з Прыгожыным адкрыла мо і не акно магчымасцяў, але накірункі, адкуль могуць прыйсці перамены.

Што Прыгожын можа рабіць у Беларусі?

Гэта невядома – нават невядома, ці ён прыляцеў у Беларусь, падкрэслівае Кацярына Глод. Усё, што вядома, гэта паведамленні прэс-службаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, а гэта не самыя надзейныя крыніцы. Прыгожын можа зляцець у Афрыку, можа застацца ў Беларусі і весці нейкі бізнес, можа спрабаваць ствараць у Беларусі сваю армію – усё гэта рэальныя магчымасці, кажа палітолаг.

Яўгеній Прыгожын
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Яўгеній Прыгожын рэкламуе кнігу «Полковник Никто». 1 чэрвеня 2023 года.
Фота: Пресс-служба Пригожина / Telegram

Эксперты, якія цікавяцца «ЧВК Вагнэр» і іншымі падобнымі групоўкамі, сумняюцца, што Прыгожын спыніць дзейнасць у Афрыцы, расказвае Глод. Сувязь з Пуціным мо і разарвалася адносна Украіны, але кампанія «Конкорд» Прыгожына мае розныя «плыні працы», у тым ліку ў шэрагу дзяржаваў Афрыцы. З Беларусі займацца гэтымі справамі будзе цяжка, але магчыма і такое. А можа, пабудзе ў Беларусі пару тыдняў і зляціць.

«Я не думаю, што Лукашэнка захоча яго пакінуць у Беларусі, даць яму нейкі бізнес, як, напрыклад, Курманбеку Бакіеву, чыя жонка працавала ў гатэлі «Мінск». Я думаю, што гэта той варыянт, ад якога Лукашэнка будзе спрабаваць адмовіцца, бо фігура Прыгожына небяспечная для рэжыму Лукашэнкі, для ягонай персанальнай улады, бо ў Прыгожына вялікі і палітычны, і грашовы капітал, канешне», – разважае Кацярына Глод.

«Ён даволі такая палітычна цяжкая фігура, і ён мог бы паспрабаваць праводзіць нейкія паддывановыя аперацыі ў Беларусі – гэта, канешне, для Лукашэнкі небяспека», – кажа Глод пра Прыгожына.

Але аналітык дапускае, што Лукашэнка паспрабуе зрабіць сваю службу бяспекі пад кіраўніцтвам Прыгожына (а расейскае выданне «Вёрстка» ўжо сцвярджае  , што ў Асіповічах пачалі будаваць лагер для тысяч вагнэраўцаў), ды такі варыянт будзе даволі небяспечным. Прыгожын можа ўліваць грошы, праводзіць маніпуляцыі, размаўляць з сілавікамі Лукашэнкі – гарантыяў, што Прыгожын застанецца пад кантролем Лукашэнкі, няма.

Hавiны
«Пачатак чагосьці новага». У Брытаніі пастанавілі рыхтавацца да раптоўнага краху Расеі
2023.06.26 13:08

У гэтай гісторыі для Беларусі больш пазітыву, чым негатыву

Кацярына Глод разважае: калі Прыгожын прыедзе ў Беларусь, гэта будзе негатыўнай з’явай, бо Беларусь, як і любая нармальная краіна, не хоча мець у сябе нейкага крымінальніка, які будзе збіраць сваю армію наймітаў. Але больш пазітыўна тое, што агулам паказала гісторыя з маршам Прыгожына на Маскву: рэжым Пуціна не такі і моцны.

Уладзімір Пуцін чытае чырвоную папку
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін чытае чырвоную папку. Масква, Крэмль. 22 чэрвкня 2023 года.
Фота: kremlin.ru

«Я не кажу, што пачаўся нейкі раскол эліт, гэта ўнутрыэлітныя разборкі, – падкрэслівае Глод. – Але мы бачылі галоўнае: што Пуцін не можа адразу адэкватна адказаць на гэта. Так, ён усё ж такі змог вырашыць сітуацыю. Але мы бачылі, што армія і спецыяльныя службы Расеі не змаглі спыніць марш Прыгожына. Мы бачылі, што не было ніякіх афіцыйных заяваў акрамя таго, што некалькі вайсковых чыноўнікаў зрабілі самастойна. Гэта ўсё паказвае, што Пуцін не такі моцны і што ён не можа цалкам кантраляваць сітуацыю».

Дэмаралізаваная расейская армія – добрая навіна найперш для Украіны, якой можа стаць лягчэй на полі бою, кажа аналітык. Калі будзе лягчэй Украіне, то будзе лягчэй і Беларусі. Па-другое, на Пуціна абапіраецца рэжым Лукашэнкі, а слабасць Пуціна – сігнал для беларускіх чыноўнікаў, якія стаяць за Лукашэнку, бо думаюць, што за тым стаіць Пуцін.

«Два стаўпы, падмуркі ягонага рэжыму – гэта гвалт і Крэмль, – кажа Глод пра Лукашэнку. – Сёння мы пабачылі тое, што Крэмль, гэтая апора, гэты слупок не такі моцны, як Лукашэнка спадзяваўся».

Цяпер, прагназуе аналітык, беларускія чыноўнікі будуць задумвацца аб тым, на чыім баку моц, таму будуць ужо не настолькі ўпэўненыя.  Гэта падымае дэмакратычныя сілы ў вачах чыноўнікаў – раз адзін з двух слупоў рэжыму слабы, можна пачаць глядзець у іншы бок.

Хісткасць расейскага рэжыму можа даць «глебу для разважанняў» і беларускім добраахвотнікам ва Украіне, якія хацелі б змяніць уладу сілавым сцэнаром. Кацярына Глод не бярэцца ацэньваць, ці рэалістычны сам такі сцэнар, але ўпэўненая, што ўся гісторыя дасць беларускім ваярам больш упэўненасці, што такі сілавы сцэнар можна распачаць.

Аналітыка
Прыгожына выправілі ў Беларусь – што гэта значыць для беларусаў і Лукашэнкі?
2023.06.26 17:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў