Лукашэнка не маладзее. Як ён змяніўся за час ва ўладзе


Сёлета споўніцца 29 гадоў, як Беларуссю кіруе Аляксандр Лукашэнка. Гэта далёка ад рэкордаў – Фідэль Кастра быў кіраўніком Кубы паўсотні гадоў. Але і за той час, што Лукашэнка, як ён кажа, «не трымаецца за ўладу», чалавек моцна мяняецца. Сабралі здымкі Лукашэнкі за розныя гады.

Лукашэнка без вусоў
Аляксандр Лукашэнка – адно з апошніх вядомых фота без вусаў. Дата невядомая, між 1975 і 1982 гадамі.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка пасля службы ў войску пайшоў «па камсамольскай лініі», у 1987 годзе – калі яму было 33 – узначаліў калгас «Гарадзец» у Шклоўскім раёне. У 1990-м быў выбраны народным дэпутатам, у 1993-м узначаліў парламенцкую камісію барацьбы з карупцыяй, праз што атрымаў шырокую вядомасць.

Лукашэнка ў 1990 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 1990 годзе на перадавіцы газеты «Советская Белоруссия». Скан: Sb.by

У 1994 годзе Лукашэнка перамог на першых і пакуль апошніх свабодных і дэмакратычных прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. На выбарах ён пазіцыянаваў сябе «кандыдатам з народу» і «маладым лідарам».

Лукашэнка ў 1994 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 1994 годзе – перад выбарамі ў саўгасе пад Шкловам, Беларусь. 16 красавіка 1994 года.
Фота: Laski Diffusion / East News

За першыя гады ва ўладзе Лукашэнка правёў два «рэферэндумы» (са значнымі парушэннямі законаў), якія пазбавілі Беларусь нацыянальнай сімволікі, а яму далі амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы. Лукашэнка разагнаў парламент (які ледзьве не абвясціў яму імпічмент), набраў замест яго Палату прадстаўнікоў з лаяльных яму дэпутатаў. Вярнуў савецкую палітыку русіфікацыі. Захаваў уладу, нягледзячы на масавыя пратэсты вясны 1996 года.

Лукашэнка ў 1996 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 1996 годзе – галасуе на рэферэндуме, які дасць яму практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. Менск, Беларусь. 24 лістапада 1996 года.
Фота: president.gov.by

Магчыма, на неабмежаванай уладзе ў Беларусі Лукашэнка вырашыў не спыняцца. Папулярная тэорыя – што ён распачаў працэс аб’яднання Беларусі і Расеі, каб заняць пасаду прэзідэнта адзінай дзяржавы, змясціўшы непапулярнага кіраўніка Расеі Барыса Ельцына.

Лукашэнка ў 1998 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 1998 годзе прамаўляе на прэс-канферэнцыі. Менск, Беларусь. 22 студзеня 1998 года.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Новыя прэзідэнцкія выбары мусілі б прайсці ў 1999 годзе, але паводле змененай Канстытуцыі, тэрмін Лукашэнкі «абнуляўся» – наступныя выбары пройдуць толькі ў 2001 годзе. Праціўнікі Лукашэнкі з гэтым не пагадзіліся, спрабавалі правесці ў 1999-м альтэрнатыўныя выбары, ды тыя сарваліся ў апошні момант, калі адзін з двух кандыдатаў Зянон Пазняк адмовіўся ад удзелу. Лукашэнка захаваў уладу і працягнуў «інтэграцыю з Расеяй», а кіраўнік «альтэрнатыўнага ЦВК» і яшчэ некалькі апанентаў Лукашэнкі бясследна зніклі – імаверна, былі забітыя.

Лукашэнка ў 2000 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2000 годзе – на выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія апазіцыя амаль цалкам байкатавала. Менск, Беларусь. 15 кастрычніка 2000 года.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Калі Лукашэнка і планаваў заняць пасаду ў Крамлі, гэтыя планы давялося згарнуць: Ельцын перадаў уладу Уладзіміру Пуціну, які хутка здабыў папулярнасць, у тым ліку дзякуючы зноў развязанай вайне ў Чачэніі. «Саюзная дзяржава» забуксавала на доўгія гады.

Лукашэнка ў 2002 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2002 годзе – на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Крамлі, па выніках якой была створаная «Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы». Масква, Крэмль. 12 красавіка 2002 года.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Пасля крызісаў 1990-х беларуская эканоміка ў «нулявых» расла, Лукашэнка любіў паўтараць пра «стабільнасць». Ён захоўваў папулярнасць у значнай ступені, ды нават змененая Канстытуцыя не дазваляла Лукашэнку балатавацца на трэці тэрмін. Таму ў 2004 годзе Лукашэнка правёў «рэферэндум», па выніках якога абмежаванне знялі.

Лукашэнка ў 2004 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2004 годзе падчас паездкі па Палессі. Гомельская вобласць, Беларусь. 26 красавіка 2004 года.
Фота: president.gov.by

Лукашэнку пачалі называць «апошнім дыктатарам Еўропы». Пасля выбараў 2006 года пачаліся масавыя пратэсты, першая «Плошча», ды пратэстоўцаў брутальна разагналі. Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, Аляксандр Казулін, правёў за кратамі больш як два гады.

Лукашэнка ў 2006 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2006 годзе на выбарчым участку № 1 падчас прэзідэнцкіх выбараў. Менск, Беларусь. 19 сакавіка 2006 года.
Фота: president.gov.by

Беларусь станавілася ўсё больш ізаляванай ад Захаду, і не толькі праз санкцыі: суседнія Латвія, Літва і Польшча ўступілі ў Шэнгенскую зону, а візы для многіх беларусаў былі дарагімі. Ды Лукашэнка не стаў больш актыўна разварочвацца да Расеі – наадварот, з Крамлём трывалі пастаянныя спрэчкі. Затое Лукашэнка стаў актыўней «сябраваць» з дыктатарамі іншых краінаў, як то з Фідэлем Кастра з Кубы або Уга Чавэсам з Венесуэлы.

Лукашэнка ў 2008 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2008 годзе на ўскладанні кветак да маўзалею Хо Шы Міна. Ханой, В’етнам. 8 красавіка 2008 года.
Фота: Nguyen Huy Kham / Reuters / Forum
Агляд
Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя
2023.05.20 09:00

Выбары 2010 года зноў былі неспакойнымі для Лукашэнкі – пратэсты былі параўнальнымі з 2006-м. Была яшчэ адна «Плошча», разагнаная не менш брутальна. Пасля выбараў былі затрыманыя 8 з 10 кандыдатаў у прэзідэнты.

Лукашэнка ў 2010 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2010 годзе – на прэс-канферэнцыі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Менск, Беларусь. 19 снежня 2010 года.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

У 2011 годзе па Беларусі ўдарыў моцны эканамічны крызіс, людзі выходзілі на масавыя «маўклівыя пратэсты». Маўклівыя – бо і так «усе ўсё разумеюць». Ні крызіс, ні пратэсты, ні санкцыі не пахіснулі пазіцыяў Лукашэнкі.

Лукашэнка ў 2012 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2012 годзе – на «Дажынках» перад парламенцкімі выбарамі. Горкі, Беларусь. 21 верасня 2012 года.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

У 2014 годзе Расея напала на Украіну, анексавала Крым і развязала вайну на Данбасе. Многія беларусы адчулі пагрозу: ці не Беларусь наступная? Аднак Лукашэнка застаўся адносна верным, нягледзячы на частыя спрэчкі, саюзнікам Масквы.

Лукашэнка ў 2014 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2014 годзе на памятных мерапрыемствах, прысвечаных Хатынскай трагедыі. Хатынь, Беларусь. 22 сакавіка 2014 года.
Фота: president.gov.by

У Беларусі пачалася як быццам бы лібералізацыя: амаль не было палітычных зняволеных, стала можна публічна дэманстраваць «несавецкі» патрыятызм. Прэзідэнцкія выбары 2015 года прайшлі практычна спакойна: асноўныя апазіцыйныя сілы іх байкатавалі, пратэсты былі нямасавымі. Эканамічны спад быў павольным і не выклікаў масавага абурэння.

Лукашэнка ў 2016 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2016 годзе на сустрэчы з кіраўнікамі органу фінансавага кантролю дзяржаваў СНД. Менск, Беларусь. 7 чэрвеня 2016 года. Скрыншот: БелТА / Youtube

Абурэнне выклікаў хіба «падатак на дармаедаў», які прывёў да масавых пратэстаў. Ды Лукашэнку ўдалося збіць незадаволенасць, не скасаваўшы падатак, а толькі адклаўшы і мадыфікаваўшы яго.

Лукашэнка ў 2018 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2018 годзе на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Магілёў, Беларусь. 12 кастрычніка 2018 года.
Фота: Kremlin.ru

У 2019 годзе магло здацца, што палітычнае жыццё ў Беларусі скончылася: парламенцкія выбары прайшлі ледзь заўважна. Ды ў 2020 годзе прыйшла пандэмія каронавірусу – і беларусаў абурыла рэакцыя ўладаў на яе. Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Лукашэнка пасадзіў асноўных апанентаў, але выбары раптоўна выйграла жонка палітвязня Святлана Ціханоўская. Лукашэнка не прызнаў паразы – пачаліся беспрэцэдэнтныя ў сваёй масавасці пратэсты, а адказам на іх быў беспрэцэдэнтны гвалт.

Лукашэнка ў 2020 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2020 годзе на мітынгу ў падтрымку захавання ягонай улады пасля прайграных выбараў. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: president.gov.by

Лукашэнка дагэтуль трымае ўладу праз літаральна штодзённыя рэпрэсіі, арышты і суды. У 2022 годзе ён увязаўся ў вайну ва Украіне: насуперак Канстытуцыі, прадставіў тэрыторыю Беларусі для расейскага нападу, але прынамсі пакуль не ўводзіў беларускія войскі ва Украіну.

Лукашэнка ў 2022 годзе
Аляксандр Лукашэнка ў 2022 годзе на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Касмадром Усходні, Расея. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Kremlin.ru
Каментар
Лукашэнка зноў не памёр. Чаму ягонае здароўе выклікае столькі чутак?
2023.05.29 17:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў