Святлана Ціханоўская атрымала Міжнародную прэмію міру Тыперэры


Святлана Ціханоўская 2 траўня пачала свой візіт у Ірландыю, дзе атрымала Міжнародную прэмію міру Тыперэры за 2022 год, якая лічыцца адной з самых прэстыжных прэмій міру ў Еўропе.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас узнагароды Святлана Ціханоўская зачытала прамову, якую прысвяціла беларускім палітвязням і добраахвотнікам ва Украіне, і распавяла, што Ірландыю і Беларусь аб’ядноўвае прага ды свабоды.

«Гэта ўзнагарода не толькі для мяне, але і для мільёнаў свабодалюбівых беларусаў. Я хачу прысвяціць гэтую прэмію ўсім тым, у каго забралі свабоду. Тысячам палітычных зняволеных і іх сем’ям у Беларусі. Дзякуючы гэтай узнагародзе яны даведаюцца, што яны не самотныя ў сваёй барацьбе», – сказала падчас прамовы Ціханоўская.

Уручаў прэмію Тыперэры прадстаўнік ірландскага ўрада, бралі ўдзел таксама ірландскія парламентарыі, еўрапарламентарыі і вайскоўцы. На цырымоніі вучні мясцовай музычнай школы выканалі два гімны: «Магутны божа» і Ірландскі нацыянальны гімн.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Пасля гэтага Ціханоўская разам з гасцямі і арганізатарамі накіравалася да Аркі Памяці ў гонар загінулых ірландскіх ваенных, якія змагаліся ў Першую і Другую сусветныя войны. Яна выказала пажаданне, каб такія аркі памяці з’явіліся і ў Беларусі ў гонар герояў 2020 года і добраахвотнікаў, якія загінулі, адстойваючы свабоду і суверэнітэт Украіны.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская наведала правінцыю Тыперэры, куды яна некалькі разоў прыязджала па праграме рэабілітацыі беларускіх дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, калі была дзіцем, падлеткам і ў маладым узросце. Там яна наведала Управу раёну Тыперэры і орган мясцовай улады, дзе адбылося ўрачыстае паседжанне. Была прынятая рэзалюцыя ў падтрымку Беларусі ад мясцовай Рады.

У тым ліку Ціханоўская наведала сярэднюю школу Тыперэры і распавяла пра свой досвед жыцця ў Ірландыі, калі яна прыязджала сюды падлеткам, якім чынам гэта паўплывала на яе асабістае станаўленне, і заклікала быць адважнымі і кіравацца сваімі каштоўнасцямі і ідэаламі, дасягаць сваёй мэты.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Таксама лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі наведала Цэнтр падтрымкі хворых на рак, дзе распавяла, што беларусам блізкая гэтая тэма, паколькі яна звязаная з трагічнай спадчынай Чарнобыля. Яна дадала, што ў беларускім турмах ёсць палітвязні з анкалагічнымі захворваннямі, якія не атрымліваюць належнага лячэння.

Святлана Ціханоўская заклікала пашукаць варыянты, каб дзеці рэпрэсаваных маглі прыехаць у Ірландыю на месяц на аздараўленне, як гэта было падчас чарнобыльскай праграмы.

На заўтра, 3 траўня, запланаваныя сустрэчы з прэзідэнтам краіны, з прэм’ерам, з міністрам замежных спраў і са спікерамі парламента.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў