Пад Бранскам зноў падарвалі чыгунку, 20 вагонаў сышлі са шляхоў


Некалькі вагонаў таварнага цягніка сышлі з рэек і перавярнуліся ў выніку выбуху ў Бранскай вобласці 2 траўня, паведамляюць расейскія тэлеграм-каналы. Выбух адбыўся недалёка ад станцыі Сняжэцкая, калі там праходзіў грузавы састаў.

Пазней журналістам выдання «РБК» пацвердзілі ў расейскай чыгунцы, што 20 вагонаў грузавога складу сышлі са шляхоў у Бранскай вобласці праз «умяшанне старонніх асоб у працу чыгуначнага транспарту».

«Сёння ў 19:47 на неэлектрыфікаваным аднашляховым перагоне Сняжэцкая – Белыя Берагі ў Бранскай вобласці праз незаконнае ўмяшанне ў працу чыгуначнага транспарту адбыўся сход лакаматыва і каля 20 вагонаў грузавога цягніка», – паведамілі ў РЧ.

Па папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма, адкрытага гарэння таксама няма. На месцы працуюць гарадскія пажарныя разлікі, таксама накіраваны пажарны і два аднаўленчыя цягнікі. У цяперашні час рух на ўчастку Сняжэцкая – Белыя Берагі прыпынены.

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла выданню «Флагшток», што ў гэтым саставе не было цеплавоза і чыгуначнай брыгады з Беларусі.

Учора, 1 траўня, у Бранскай вобласці праз выбух з рэек сышоў таварны састаў, які ехаў з Гомля ў Бранск. У ім было 78 вагонаў, восем з якіх сышлі са шляхоў. Лакаматыўная брыгада не пацярпела, паведамілі ў Міністэрстве транспарту Беларусі. Вядома, што беларускі цягнік вёз нафтапрадукты і будаўнічыя матэрыялы ў Расею.

Агляд
Усё, што вядома пра падрыў беларускага цягніка на Браншчыне
2023.05.02 13:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў