Святлана Ціханоўская выказалася пра агульныя падручнікі гісторыі для Беларусі і Расеі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра тое, што Беларусь і Расея створаць адзіны падручнік па гісторыі для школаў і вышэйшых навучальных установаў.

Святлана Ціханоўская
У трэці дзень візіту ў Польшчу абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і Аб’яднаны пераходны кабінет правялі сустрэчу з арганізацыямі беларускай грамадзянскай супольнасці ў варшаўскім Цэнтры беларускай салідарнасці. На здымку: Святлана Ціханоўская. Варшава, Польшча. 10 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«‎Рэжым ужо не раз спрабаваў перапісваць нашую гісторыю. Выкрэсліваў з падручнікаў памятныя даты, адмяняў нацыянальных герояў. Так робіць любая дыктатура: імкнучыся завалодаць мінулым, яна нацэльваецца кантраляваць будучыню», – падкрэсліла дэмакратычная лідарка.

Паводле Ціханоўскай, гэта нагадвае час СССР: «Тады таксама забараняліся кнігі, перайначваліся факты. А тыя, хто сумняваўся ў «палітыцы партыі», зазнавалі ціск. Але нават у такіх умовах людзі знаходзілі спосаб даведвацца праўду, дзяліцца ёю адно з адным. Менавіта людзі імкнуліся захаваць гісторыю, зусім не дзяржава.

Кожны крок рэжыму пад выглядам «‎інтэграцыі»‎ забірае ў нас кавалачак незалежнасці. Але нават калі нам спрабуюць навязаць няісную гісторыю, важна разумець: адказнасць за тое, што насамрэч будуць ведаць дзеці, ляжыць на нас з вамі. І каб расказаць ім праўду, супольныя з Расеяй падручнікі не патрэбныя».

Hавiны
Беларусь і Расея дамовіліся стварыць агульныя падручнікі гісторыі для школаў і ўніверсітэтаў
2024.02.01 19:40

Нагадаем: учора амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў расказаў на паседжанні праграмнай камісіі партыі «Единая Россия» пра дамоўленасць між Беларуссю і Расеяй стварыць адзіныя падручнікі па гісторыі. Як сказаў Грызлоў, гэта важна, бо «дасюль ёсць розначытанні ў разуменні вельмі важных падзеящ і ў гісторыі Савецкага Саюзу, і ў гісторыі яшчэ Расейскай імперыі». «Цяпер мы дамовіліся, што будзем гэтыя падзеі разглядаць з адзінага пункту гледжання», – сказаў Грызлоў, не ўдакладніўшы, ці паўплывае беларускі бок на расейскае разуменне гісторыі расейскіх імперыяў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў