news
Агляд
Рэпрэсіі выйшлі на новы ўзровень. За 2023 год пачалі не менш за 6419 палітычных справаў
«Фінансаванне экстрэмістаў», «абраза ўлады», прымусовая праца і каста, ніжэйшая за «наркатычных».
02.02.202420:31

У варшаўскім Цэнтры беларускай салідарнасці пры падтрымцы амбасады Канады 2 лютага прайшла прэс-канферэнцыя на тэму парушэння правоў чалавека ў Беларусі. «BELPOL» агучыў аналіз крымінальных справаў за 2023 год, «Вясна» і «Рабочы рух» расказалі пра характар рэпрэсіяў.

Юры Рававы, Яніна Галаган, Андрэй Астаповіч
Злева направа: прадстаўнік «Рабочага руху» Юры Рававы, праваабаронца «Вясны» Яна Галаган, прадстаўнік аб’яднання «BELPOL» Андрэй Астаповіч. Прэс-канферэнцыя ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 2 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Не засталося спосабаў абароны правоў

Праваабаронца «Вясны» Яна Галаган адзначыла, што рэпрэсіі супраць беларусаў, якія пратэставалі яшчэ ў 2020 годзе, працягваюцца дасюль. Людзей таксама пераследуюць за падтрымку Украіны, за чытанне навінаў на  «экстрэмісцкі» рэсурсах, за фінансавую падтрымку рэпрэсаваных (як нядаўнія затрыманні больш як сотні асобаў за данаты). Умовы ў беларускіх месцах пазбаўлення волі праваабаронцы называюць катаваннямі.

Тыя 1410 палітвязняў, якіх называе «Вясна», і іншыя лічбы ад праваабаронцаў – гэта мінімальны паказнік, адзначыла Галаган: многія беларусы проста баяцца кантактаваць з праваабаронцамі і медыямі, бо баяцца яшчэ большых рэпрэсіяў супраць сябе і блізкіх.

Не сакрэт, што палітвязням ствараюць бесчалавечныя ўмовы ў месцах пазбаўлення волі, катуюць холадам, не даюць медычнай дапамогі, за выдуманыя парушэнні кідаюць у штрафныя ізалятары, пазбаўляюць кантактаў са сваякамі… Галаган нагадала пра Міколу Статкевіча і іншых, ад якіх ужо год няма ніякіх вестак, пра Рыгора Кастусёва і іншых з хранічнымі захворваннямі, аб стане здароўя якіх нічога не вядома, а таксама пра Вадзіма Храсько – ужо чацвёртага палітвязня, памерлага за кратамі.

«Нельга лічыць, што сітуацыя ў краіне стабілізавалася, – сказала Галаган. – Цяпер, перад выбарамі ў 2024-2025 гадах рэпрэсіі выйшлі на новы ўзровень. Рэжым знішчае салідарнасць беларусаў, запужвае людзей унутры краіны, а таксама рознымі спосабамі цісне на тых, хто быў вымушаны збегчы ад пераследу ў іншыя краіны. У беларусаў унутры краіны не засталося ніякіх сродкаў абароны сваіх правоў – ні прававых, ні іншых».

Улады працягваюць рэпрэсіі супраць медыяпрасторы – і не толькі супраць журналістаў буйных медыяў, але таксама супраць рэгіянальных выданняў і лакальных блогераў, і супраць тых, хто перадае незалежным выданням інфармацыю з Беларусі.

Трываюць і рэпрэсіі супраць тых, хто пакінуў Беларусь. Сілавікі прыходзяць да сваякоў палітычных эмігрантаў і актывістаў, а таксама ваяроў, якія бароняць Украіну. Галаган нагадала пра пераслед Каардынацыйнай рады: ператрусы, арышт маёмасці, нават рэпрэсіі супраць сваякоў дэлегатаў. «Завочныя суды», як прызнаюць самі сілавікі, скіраваныя на пазбаўленне палітычных эмігрантаў маёмасці ў Беларусі.

Агляд
Ціск праз сваякоў – ганебны «інструмент» беларускага рэжыму
2023.11.07 08:30

Таксама сілавікі ўважліва даглядаюць тэлефоны тых, хто проста ездзіў за мяжу – праваабаронцам вядома не менш за 200 затрыманняў тых, хто проста выехаў з краіны і вярнуўся. Такіх выпадкаў, на думку Галаган, стане толькі больш праз забарону выдачы пашпартоў за мяжой і непрызнанне замежных даверанасцяў. Дзяржаўная «камісія па вяртанні», адзначыла Галаган, зусім не гарантуе вызвалення ад палітычнага пераследу.

Працягваецца і пераслед польскай меншасці, які закранае нават польскія школы і арганізацыі, якія дапамагалі атрымаць карту паляка, якую сілавікі назвалі «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Сама гэтая карта можа стаць нагодай для допыту або звальнення з працы. Па словах Галаган, праваабаронцам нават вядомы выпадак, калі сілавікі проста знішчылі ў шрэдары і карту паляка, і пашпарт затрыманага.

Аналітыка
«Рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей». Рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе
2023.12.27 07:57

Палітычных справаў тысячы, але дакладная колькасць невядомая

Былы следчы, прадстаўнік аб’яднання «BELPOL» Андрэй Астаповіч расказаў пра гадавую справаздачу аб злачынствах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за 2023 год. Нават колькасць усіх злачынстваў у Беларусі, не толькі палітычных, улады не публікавалі – але «BELPOL» здабыў звесткі пра гэта.

Са здабытых звестак бачная мінімальная колькасць палітычных крымінальных справаў, расказаў Астаповіч: ёсць крымінальныя артыкулы, па якіх не можа быць непалітычны пераслед. Напрыклад, за «Абразу Лукашэнкі» хіба тэарэтычна могуць асудзіць «непалітычнага» – можа, і ёсць нейкі псіхічна хворы чалавек, якому Лукашэнка не спадабаўся не сваёй палітыкай. А за абразу звычайнага чалавека ж ёсць асобны артыкул.

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

Яшчэ нямала справаў ёсць па сумнеўных артыкулах: калі быў «гвалт супраць міліцыянта», цяжка даведацца, ці быў тое напад на міліцыянта, ці самаабарона ад нападу міліцыянта. Даводзіцца вылоўліваць звесткі з адкрытых судоў і ад сваякоў зняволеных. «Распальванне варожасці» можа аказацца крытыкай дзеянняў сілавікоў, а «дэманстрацыя нацысцкай сімволікі» – валоданнем нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.

Такім чынам, з 85 375 крымінальных справаў, распачатых у 2023 годзе, не менш за 6419 ёсць палітычна матываванымі. Пры тым у адной крымінальнай справе могуць быць дзясяткі фігурантаў.

Поўную статыстыку палітычных справаў «BELPOL» абяцае апублікаваць праз некалькі тыдняў, але Астаповіч падзяліўся некаторымі лічбамі:

  • за «Абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 391 КК РБ) – 1570 новых крымінальных справаў за 2023 год;
  • за «Абразу прэзідэнта» (арт. 368) – 1263;
  • за «Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342) – 798;
  • за «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-2) – 423;
  • за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4) – 261;
  • за «Гвалт ці пагрозу гвалту супраць супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364) – 261;
  • за «Паклёп на прэзідэнта» (арт. 368) – 150;
  • за «Гвалт ці пагрозу гвалту супраць службовай асобы» (арт.366) – 133;
  • за «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў» (арт. 363) – 93;
  • за «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» (арт. 361-1) – 88;
  • і гэтак далей.

Астаповіч адзначыў, што новыя справы за акцыі пратэсту могуць тычыцца яшчэ пратэстаў 2020 года (а колькасць акцыяў пратэсту ў 2023 годзе істотна ўпала). Таксама ён адзначыў, што «тэрарыстамі» ўлады называюць у тым ліку выбраную прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую і лідара Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку.

Агляд
Як бяспечна і небяспечна падтрымліваць пацярпелых ад рэпрэсіяў
2024.01.24 18:14

Трымаць за кратамі могуць бясконца, дастаткова не зашпіліць гузік

Сярод артыкулаў Астаповіч асабліва адзначыў «Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 КК РБ). Паводле гэтага артыкулу, ужо зняволенаму чалавеку могуць працягнуць тэрмін утрымання, як зрабілі, напрыклад, са Змітром Дашкевічам.

Выкарыстоўваць гэты артыкул могуць бясконца, падаўжаць тэрмін можна зноў і зноў. Астаповіч адзначыў, што следчыя, якія не займаліся палітычным пераследам, заўсёды ненавідзелі гэты артыкул і хацелі яго скасаваць, бо разумелі, што гэта «поўнае трызненне».

Агулам такіх справаў было 98 за 2023 год, а па звестках «Вясны» з 2020 года гэты артыкул ужылі супраць прыблізна 35 палітвязняў.

Меркаванні
Фізічны рэсурс палітвязняў мае абмежаванні. А ці мае бар’ер псіхалагічны рэсурс іх блізкіх?
2024.01.21 10:48

Галаган адзначыла, што паводле гэтага 411-га артыкулу фактычна караюць паўторна – за тое, за што ўжо змяшчалі ў штрафны ізалятар ці памяшканне камернага тыпу. Нагодай можа стаць незашпілены гузік, сядзенне ў неналежным месцы, не такое вітанне, як хацелася супрацоўніку папраўчай установы… Менавіта праз такое трымаюць за кратамі Паліну Шарэнду-Панасюк.

Пры тым ціск на чалавека за кратамі не залежыць ад статусу палітвязня – караць як «палітычных» могуць і тых, пра каго пішуць у медыях, і тых, пра каго праваабаронцам невядома, але каму сілавікі павесілі жоўтую бірку «схільнага за экстрэмізму».

Рэпартаж
Дасядзяць ці не дасядзяць да канца тэрмінаў? Што казалі на першым дні слуханняў пра вызваленне палітвязняў – падрабязна
2023.12.02 21:15

Рабочыя яшчэ могуць крыху змагацца

Прадстаўнік «Рабочага руху» і раней – адзін з лідараў страйкаму «Гродна Азоту» Юры Рававы нагадаў, што па справе руху былі асуджаныя на вялізныя тэрміны 10 чалавек. Пры тым адзін з асуджаных, па словах Рававога, не быў ніяк звязаны з пратэстамі агулам і «Рабочым рухам» у прыватнасці, а проста цікавіўся беларускай чыгункай і шукаў пра яе інфармацыю ў на той момант яшчэ не «экстрэмісцкім» чаце чыгуначнікаў. У прысудзе напісалі, што раз няма сладоў сувязі, дык гэта добрая канспірацыя.

Страйкаў у бліжэйшы час Рававы не чакае, але кажа, што трэба быць гатовымі да іх і дапамагаць людзям, якія засталіся ў Беларусі і яшчэ не было звольненыя. У «Рабочым руху» аказваюць беларусам юрыдычную дапамогу – калі казаць не пра палітыку, а пра паляпшэнне ўмоваў працы, змагацца за свае правы яшчэ можна з не такой высокай рызыкай трапіць за краты. А гэта выдатны сродак, каб людзі трымаліся разам – у рабочых у Беларусі адныя праблемы.

Рававы прапануе беларускім працоўным кантактаваць з «Рабочым рухам» у Telegram – арганізацыя мае спецыяльны бот для юрыдычных кансультацыяў @ruh_jurist_bot. Некаторыя праблемы працоўных удаецца вырашыць, ды Рававы наракае, што не можа пахваліцца пазітыўнымі прыкладамі: калі гэта зрабіць, прыклады заўтра стануць кепскімі.

Прадстаўнік «Рабочага руху» згадаў таксама масавыя звальненні: маўляў, глядзіш на спіс вакансіяў «ГроднаАзоту», дык там шмат пасадаў, на якія раней можна было трапіць хіба «па блаце».

«Рабочы рух» спрабуе сам бараніць правы працоўных прававымі метадамі. Ды Рававы нагадаў, што Міжнародная арганізацыя працы ўжо ўвяла адносна Беларусі самыя жорсткія свае санкцыі (артыкул 33), а шэраг дзяржаваў увёў такі доўгі спіс эканамічных санкцыяў адносна Расеі і Беларусі, што ўжо не можа прыдумаць новых спосабаў ціску. Да таго ж, некаторыя краіны не надта зацікаўленыя ў пашырэнні санкцыяў: ён прывёў у прыклад Літву, якая моцна залежыць ад транзіту.

Застаецца кантраляваць шляхі абыходу санкцыяў. Рававы згадаў нядаўняе вялікае расследаванне «BELPOL» пра «Амкадор» – абыход санкцыяў можа быць даволі хітрым, шляхі невідавочныя.

Рававы спадзяецца, што атрымаецца таксама ладзіць новыя «акцыі прамога дзеяння», як год таму, калі пратэстоўцы на літоўскай мяжы спынілі фуры, што везлі прадукцыю «Гродна Азоту» ў Еўразвяз.

Гісторыі
«BELPOL» выдаў вялікае расследаванне пра «Амкадор» і Шакуціна. Сцісла пераказваем
2024.01.28 11:48

Прымусовая праца і «ніжэйшая каста»

«Рабочы рух» распачаў кампанію супраць прымусовай працы, ахвярамі якой у Беларусі становіцца ўсё больш людзей. І гэта не толькі праца зняволеных, а і прымусовыя суботнікі, і працяглыя адпрацоўкі для маладых спецыялістаў. Парушэннем міжнародных абавязальніцтваў ёсць таксама перадача зняволеных на працу ў прыватныя арганізацыі – Рававы нагадаў, што хвалёная беларуская «малочка» робіцца ў тым ліку праз прымусовую працу зняволеных, якіх выпраўляюць чысціць кароўнікі за 3–5 долараў на месяц.

Рававы адзначыў, што для палітвязняў прымусовая праца адбываецца на горшых умовах, чым у іншых асуджаных: не выдаюць сродкаў індывідуальнай аховы, у тым ліку на брудных вытворчасцях, як то на выпальванні пакрышак; не даюць у выпадку хваробы адпрасіцца на дзень «за пачку папярос брыгадзіру».

Па словах Рававога, адзін асуджаны за наркатычны артыкул казаў: дзякуй Богу, што ў калонію пачалі заязджаць палітвязні, бо цяпер «палітычныя», а не «наркатычныя» сталі найніжэйшай кастай у вачах адміністрацыі калоніі.

Гісторыі
Законы крымінальнага свету, забарона беларускай мовы і падручнікаў. Гісторыі з калоніі № 15
2024.01.22 11:08

Асобная праблема – так званыя «лекавальна-працоўныя прафілакторыі», фармальна створаныя для таго, каб лекаваць залежных ад алкаголю і наркотыкаў. Ды Рававы кажа, што ад залежнасцяў там не лекуюць, людзей не спрабуюць вярнуць у грамадства, а проста выкарыстоўваюць для прымусовай працы за 5 рублёў на месяц.

Рававога асабліва абурыў нядаўні артыкул у дзяржаўнай газеце Уздзінскага раёну «Чырвоная зорка»: пад загалоўкам «Попасть в ЛТП стало проще» і здымкам радаснай суддзі расказваюць пра норму, паводле якой на прымусовую працу ў ЛПП могуць пасадзіць ужо не за тры, а за два «алкагольныя» адміністратыўныя пратаколы на год.

Як адзначыў Рававы, пратаколы складаюць нават на людзей, якія проста выпіваюць у бары і не чыняць правапарушэнняў – і такія людзі, калі яшчэ раз цягам года трапяцца сілавікам нецвярозымі на вуліцы, могуць трапіць на прымусовую працу.

Агляд
Як часта на беларускіх прадпрыемствах гінуць рабочыя: журналісты атрымалі звесткі МУС
2023.11.07 17:19

Алесь Наваборскі belsat.eu