Чым займаецца «фінансавая разведка» Камітэту дзяржаўнага кантролю?


2 лютага Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага дырэктара Дэпартаменту фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэту дзяржаўнага кантролю. Ім стаў Андрэй Самбук. Мы вырашылі паглядзець, чым наогул займаецца ДФР.

Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Менск.
Фота: Яндэкс

Новы кіраўнік ДФР

Пасада кіраўніка Дэпартаменту фінансавых расследаванняў заставалася незанятай цягам некалькіх месяцаў. Папярэдні дырэктар Ігар Маршалаў быў зняты ў лістападзе 2023 года і адправіўся паслом на важным для беларускага рэжыму напрамку – у Зімбабвэ, якім таксама займаецца адзін з найбольш набліжаных людзей з каманды ЛукашэнкіВіктар Шэйман.

Новы дырэктар ДФР раней займаў пасаду начальніка следчага ўпраўлення ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі. З улікам спецыфікі працы і звестак пра яго не вельмі шмат.

Журналістам Радыё «Свабоды» сумесна з арганізацыяй былых сілавікоў «BELPOL» удалося даведацца, што ён нарадзіўся ў Менску ў 1981 годзе, нежанаты. Працаваць пачаў у патрульна-паставой службе міліцыі Савецкага раёна Менска. Затым ён прыйшоў на працу ў аддзел дазнання Савецкага РУУС, дзе даслужыўся да старшага дазнаўцы па асоба важных справах.

Кар’ера ў КДБ у Самбука пачалася з 2006 года, калі ён уладкаваўся ў цэнтральны апарат камітэту. І гэта збольшага ўсе звесткі, якія даступныя пра новага кіраўніка ДФР.

Фінансавыя разведчыкі

Прызначаючы Андрэя Самбука на пасаду дырэктара Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, Аляксандр Лукашэнка назваў гэтую структуру «фінансавай разведкай». Дык чым жа на самай справе займаюцца разведчыкі з ДФР?

Дэпартамент фінансавых расследаванняў быў заснаваны 32 гады таму: 5 жніўня 1992 года ў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі Мінфіна было створана упраўленне падатковых расследаванняў.

На сённяшні дзень ДФР з’яўляецца падраздзяленнем Камітэту дзяржаўнага кантролю і мае свае аддзяленні ва ўсіх абласных упраўленнях КДК.

Прызначэнне Андрэя Самбука на пасаду кіраўніка ДФР. 2 лютага 2024 года.
Фота: скрыншот з відэа / Пул Первого / Telegram

У законе «Аб органах фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» ад 2008 года запісана, што асноўнай задачай органаў фінансавых расследаванняў з’яўляецца:

  • абарона інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў у эканамічнай сферы, забеспячэнне эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь;
  • абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства і арганізацый у эканамічнай сферы;
  • прафілактыка, выяўленне і спыненне злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў у эканамічнай сферы, у тым ліку карупцыйных правапарушэнняў;
  • правядзенне дазнання па крымінальных справах, вядзенне адміністрацыйнага працэсу.

Да асноўных функцыяў ДФР сярод іншага адносяцца правядзенне праверак (рэвізіяў) дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых грамадзянаў. Органы фінансавых расследаванняў маюць права разглядаць адміністрацыйныя справы – у вобласці фінансаў, рынку каштоўных папераў і банкаўскай дзейнасці, прадпрымальніцкай дзейнасці, правапарушэнні ў парадку падаткаабкладання, парадку кіравання і інш.

Як адзначаў былы дырэктар ДФР Ігар Маршалаў, сфера інтарэсаў дэпартаменту вельмі шырокая: гэта і даручэнні Лукашэнкі па ліквідаванні «негатыўных праяваў у ходзе пасяўной і ўборачных кампаніяў, навядзенне і падтрыманне парадку ў сельгасарганізацыях, на прамысловых прадпрыемствах», і «ўдзел ва ўступных кампаніях», і аналіз фактычных расходаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, і «кантроль за даходамі і ў асаблівасці расходамі фізічных асобаў, якія, не маючы працоўных і іншых афіцыйных даходаў, адпаведна, не плацячы падаткі і зборы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, валодаюць шыкоўнымі дамамі і дарагімі аўтамабілямі», і выплаты зарпалатаў у канвертах, і інш.

Такім чынам, для многіх кампаній, індывідуальных прадпрымальнікаў, дый для фізічных асоб з’яўленне на парозе людзей з «корачкамі» ДФР вельмі часта абазначала з’яўленне сур’ёзных праблем.

Палітычны ціск праз эканамічныя пытанні

Тым не менш не адзінай эканомікай жывы ДФР. Калі дзяржава не ведае, як знайсці «ўправу» на тую ці іншую персону праз крымінальныя ці адміністрацыйныя справы, то ў ход ідуць праверкі на эканамічнай ніве. І атрымлівалася акурат як з беларускай нафтай: як некалі адзначаў Лукашэнка, «мне здаецца, што ўсё ж такі нафта ў нас дзесьці ёсць». Так і ў справе эканамічных «злачынстваў»: калі пільна прыгледзецца, то іх абавязкова можна знайсці ў каго заўгодна.

Пра гэта, як ніхто іншы, ведае Віктар Бабарыка. Так, у 2020 годзе, неўзабаве пасля таго, як Бабарыка абвесціў пра свой намер ісці на выбары прэзідэнта ў якасці кандыдата, у галоўны офіс «Белгазпрамбанку», якім ён кіраваў, заявіліся прадстаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК. Яны правялі вобшук і распачалі крымінальную справу па частцы 2 артыкула 243 «Ухіленне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і частцы 2 артыкулу 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». Вобшукі прайшлі ў кампаніях «ПрыватЛізінг», «Кентавр» і «Кампары», якія з’яўляліся кліентамі «Белгазпрамбанка».

Іван Церцель, які на той час з’яўляўся кіраўніком КДК, сказаў, што «на базе банка была створана арганізаваная злачынная група, якая здзяйсняла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў». У выніку па справе «Белгазпрамбанка» было затрымана 15 чалавек, сярод іх былыя і дзейныя прадстаўнікі топ-менеджменту і іншыя прадстаўнікі камерцыйных кампаніяў.

Віктар Бабарыка адразу адзначыў, што справа носіць «заказны палітычны характар» і што такім чынам на яго спрабуюць аказаць ціск і сфармаваць «комплекс віны за людзей, якія паверылі і пайшлі за мной».

Вынік па справе, на жаль, усім добра вядомы: сёння Віктар Бабарыка адбывае пакаранне ў 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Але і пасля выбараў 2020 года на Дэпартамент фінансавых расследаванняў лягла «важная задача» па «выяўленні і спыненні фінансавання дэструктыўных працэсаў у краіне». Менавіта так гаворыцца ў спецыяльным рэпартажы тэлеканала «СТВ», прысвечаныям 30-годдзю ДФР. Дэпартамент разгарнуў шырокую дзейнасць па адсочванні грашовых пераводаў, якія атрымлівалі ад фондаў салідарнасці пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы ў 2020 годзе на аплаты штрафаў і паслуг адвакатаў, засяродзіўся на спыненні выпадкаў перавозу грошай праз мяжу для тых жа мэтаў, на перапыненні дзейнасці НКА, якія таксама аказвалі грашовую дапамогу ахвярам беларускага рэжыму.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў