На магіле ксяндза Адама Фалькоўскага ў Лідзе знішчылі герб паўстання 1863–1864 гадоў


На магіле ксяндза Адама Фалькоўскага, расстралянага ў Лідзе ў чэрвені 1863 года за тое, што агучыў маніфест паўстання і заклікаў узяць у ім удзел, невядомыя вандалы зацерлі герб паўстання, паведамляе «Спадчына».

Камень на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага ў Лідзе са знішчаным гербам над надпісам.
Фота: Спадчына / Telegram

У 1919 годзе на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага ўсталявалі жалезны крыж, а імем святара назвалі адну з вуліцаў Ліды, але ў 1940 годзе савецкія ўлады знеслі крыж і зруйнавалі магілу. У 1996 годзе лідскі філіял БНФ «Адраджэнне» паставіла на Дзяды драўляны крыж на месцы пахавання святара, але і ён быў знішчаны.

Крыжы на магіле Фалькоўскага ламалі яшчэ некалькі гадоў, а ў 2010-м магілу зраўнялі з зямлёю бульдозерам, бо горад рыхтаваўся да «Дажынак». У адказ на гэта моладзь зладзіла каля магілы 5-дзённы пікет і зноў усталявала крыж, да якога пачалі прыносіць свечкі. Тады ўлады прапанавалі замяніць крыж на памятны камень.

Праз 13 гадоў нашчадкі Мураўёва-вешальніка зноў апаганілі месца пахавання – зацерлі на камяні герб паўстання 1863 года.

Так раней выглядаў помнік на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага.
Фота: Спадчына / Telegram

«Ці памятае гісторыя тых, чые магілы імкнуліся знішчыць? Так. Ці памятае гісторыя тых, хто зносіў магілы? Не. І гэта прыгавор гісторыі», – зазначае аўтар допісу на тэлеграм-канале «Спадчына».

Каталіцкі святар Адам Фалькоўскі быў арыштаваны 3 траўня 1863 года. 24 чэрвеня яго расстралялі каля дарогі на Крупы за тое, што ў касцёле публічна агучыў перад гараджанамі маніфест паўстання 1863–1864 гадоў. Камень на магіле ксяндза цяпер на тэрыторыі парку культуры і адпачынку ў Лідзе.

Hавiны
Каталікам тут не месца. У Смаргоні напалі на касцёл, пабілі фігуру Марыі і вырвалі крыж
2023.12.21 15:33

Зміцер Міраш belsat.eu 

Стужка навінаў