Сяргей Бульба: Міжнародная кааліцыя, разам з кітайцамі, павінна раздзяліць Расею


«Расея мусіць нарабіць такую шкоду, каб свет зразумеў што яе нельга пакідаць», а «нам прыйдзецца стаць у поўны рост. Цяпер час думаць вельмі смела», – заявіў Сяргей Бульба ў размове з Сяргеем Пелясою. Фрагмент інтэрв’ю з заснавальнікам «Белага легіёну», бізнесменам у сферы IT і падарожнікам, які жыў у Тыбеце і ў Паўднёвай Амерыцы. Пра тыбецкі досвед для Беларусі. Ці павінныя мы даганяць Заходнюю Еўропу? Чаму Пуцін раздаў пярсцёнкі ўладарам постсавецкага свету? Масква – Трэці Рым ці другі Берлін? Як нам не паўтарыць лёс Тыбету і цывілізацыі інкаў? Як сцяг вольных расейцаў звязаны з Вялікім Ноўгарадам, які знішчыла Масква? Поўная версія інтэрв’ю – у відэа вышэй.

Сяргей Пеляса: Вы любіце сімвалізм. Белы легіён вядомы сваім сімвалам – спарышам, старажытным знакам. Апошнія дні гучная справа, што кіраўнікі краінаў СНД атрымалі ад Уладзіміра Пуціна пярсцёнкі. Адразу ўзніклі асацыяцыі з кнігай «Уладар пярсцёнкаў» Толкіна. Зрэшты, гэта даўнія асацыяцыі: пуцінскую Расею называюць Мордарам, пуцінскіх вайскоўцаў – оркамі. У Толкіна гэтыя пярсцёнкі атрымалі прыслужнікі Саўрона. Хтосьці скажа, што Пуціна. Калі ісці далей за гэтым сімвалізмам: ці ёсць штосьці яшчэ ў гэтай вайне сімвалічнае, што кідаецца ў вочы? Акрамя таго, што гэта свабодная Украіна супраць імперскай і рабскай Расеі.

Сяргей Бульба: Я багата часу пражыў у Тыбеце, я сапраўды прывык успрымаць: грубы свет – гэта адно, а паралельны – тонкі свет. Мы ўсе разумеем, што ўсе кіраўнікі дзяржаваў гуляюцца ўва ўсе гэтыя магіі, гіпнозы яны скарыстоўваюць. Для нас могуць высмейваць, што гэтага не існуе, але яны ўва ўсё гэта гуляюцца. Напрыклад, калі пачуў пра пярсцёнкі, таксама асацыяцыйны шэраг з Толкінам, «братэрства пярсцёнка». Адразу згадваецца паралель. У свой час Расея заўсёды сядзела на гэтай магіі, уся ўлада трымалася на магіі. Згадаем маўзалей Леніна. Калі яго будавалі, кожную рэспубліку СССР, а іх было 15, абавязалі прывезці па кавалку граніту менавіта ў падмурак маўзалею. Такім магічным чынам яны спрабавалі здзейсніць гэтую сваю магію. Тое ж самае цяпер адбываецца. Калі я яшчэ ездзіў у Расею шмат гадоў таму, то чуў ад маскоўскіх, што яны былі поўныя намеру адхіліць піцерскіх ад улады, але ў іх не атрымлівалася. Адзін з аспектаў, які генералы і палкоўнікі называлі: гэта таму, што ў Піцеры – самыя моцныя эзатэрычныя школы. Той жа Інстытут псіхалогіі – у Санкт-Пецярбурзе. Гэта чыста прыкладная магія. Я не здзіўлю нікога, але ў вёсках звычайна жылі бабулькі, якія ўмелі ваду загаворваць. Усе разумелі, што носьбітам інфармацыі можа быць як і вада, так і жалеза, дрэва. Пры гэтым у Інстытуце псіхалогіі ёсць адмыслова навучаныя афіцэры, якія зараджаюць патрэбнай інфармацыяй любыя прадметы, якія пасля дорацца па дыпламатычнай лініі ўсім патрэбным чыноўнікам. І з імі нешта адбываецца.

Вы вельмі незвычайная асоба. Не толькі таму, што вы заснавальнік Белага легіёну, але таксама вы аб’ездзілі ўвесь свет, жылі ў Тыбеце. Вы наведвалі ў Паўднёвай Амерыцы месцы, дзе функцыянавала дакалумбаўская цывілізацыя інкаў. Улічваючы гэты досвед і тое, што вы спазналі ў Тыбеце, як вам бачыцца духоўная перспектыва будучыні Беларусі? На што мы можам абаперціся, каб мы ўрэшце маглі пазбавіцца ад гэтай цёмнай уладарскай сілы, якая пануе над Беларуссю? Я маю на ўвазе рэжым Пуціна.

Нам усё роўна прыйдзецца ўстаць у поўны рост. У нас няма іншага варыянту. Для нас, беларусаў, комплекс начальніка сугучны з японцамі, дарэчы. Калі сёгун сказаў, то што ты зробіш – трэба выконваць. Беларускае законапаслухмянасць мае два бакі. З 2020 года па сённяшні час з Беларусі было выціснутае ўсімі рэпрэсіямі і пасадкамі ад 300 да 700 тысяч чалавек. У асноўным гэта пасіянары. Я задаюся пытаннем: пасіянарнасць – гэта генетыка ці стан душы? Я спадзяюся, што гэта другое, што гэта псіхалогія. Я спадзяюся, што, паводле закону Роя, якраз тыя, хто застаўся ў Беларусі, народзяць сабе новых пасіянараў. Мы цяпер займаемся аднаўленнем нашага праекту – Беларусь 2.0, дзе мы якраз займаліся распрацоўкай мадэлі будучай Беларусі. Старая матрыца капіталізму і ўсяго разбураецца. Усе гавораць пра нейкі крызіс. Цяпер час мысліць вельмі смела. Я лічу, што нам удасца разам напрацаваць новую мадэль. Для мяне класіка – Гэрмэс Трысмэгіст, гэта ізумрудная скрыжаль, дзе адзін з пастулатаў – тое, што наверсе, тое і знізу. Гэта кажа пра ўзаемазвязанасць грубага і тонкага планаў. Тое, што ёсць у астрале, імкнецца рэалізавацца на грубым плане. Мы можам Еўропе гаварыць, што давайце мы не будзем спрабаваць вас дагнаць, а давайце паспрабуем свой эксперымент, тады мы атрымліваем цудоўны шанц.

Чаму я пытаў пра інкаў і тыбетцаў. Каб гледачы не падумалі, што мы гаворым пра нейкія шалёныя рэчы. З вельмі практычнага пункту гледжання: вядома, што вялікія цывілізацыі, на жаль, былі падпарадкаваныя грубай сіле. Тыбет – кітайскаму камуністычнаму таталітарызму, а інкаў знішчыў іспанскі імперыялізм. Як нам не паўтарыць лёсу, будучы побач з гэтым Мордарам, вяртаючыся да паралеляў з Толкінам?

Маё разуменне Тыбету трошку іншае. Я багата часу там пражыў, аблазіў індыйскі Тыбет, частку кітайскага, непальскага. На маё разуменне, дзве цывілізацыі, якія атрымалі веды ад нашых папярэднікаў, – габрэі і тыбетцы. Глядзіце, як паралельна адбываюцца працэсы. Калі габрэі сказалі, што Кабала – гэта нашае. Тое самае сказалі тыбетцы: тое, што мы захавалі, – нашае і нікому не дамо. Абодва народы атрымалі чароўны выспятак, былі змушаныя бегаць па свеце і дзяліцца гэтымі ведамі з усімі. Вяртаючыся да сімвалізму вайны цяперашняга, было відавочна, наколькі Пуціну падабалася ўсё, звязанае з Нямеччынаю. Нават згадаем, калі гадоў сем таму ўводзілі форму расейскіх паштароў: немцы б пазайздросцілі. Сярод эзатэрычнай публікі існуе версія, што багата тых людзей, якія ў мінулым жыцці выконвалі ролю немцаў, цяпер увасобіліся ў Расеі.

Для гэтага трэба верыць у рэінкарнацыю.

А што, верыць у аднаразовасць?

Вяртаючыся да Толкіна, там было братэрства пярсцёнка. Гэта была міжнародная кааліцыя, я называю іх дыверсантамі, бо яны пайшлі ўглыб тэрыторыі праціўнікаў, Мордар, і знішчылі гэты галоўны пярсцёнак. Ці ёсць у нас нашае братэрства пярсцёнка? Я не маю на ўвазе беларусаў. Можа быць і міжнародная – з украінцамі, палякамі. Што нам трэба зрабіць, ці ёсць сімвалічны жэст, які можна выканаць? Груба кажучы, пайсці ў Крэмль, каб перахіліць канфлікт на нашую карысць і карысць украінцаў. Ці, хутчэй, гэта руцінная ваенная праца, якую мы цяпер бачым на франтах?

На жаль, на маё разуменне, Расея мусіць нарабіць яшчэ такую шкоду, каб увесь свет зразумеў, што яе нельга пакідаць. І менавіта міжнародная кааліцыя разам мусіць увесці свае войскі, у тым ліку, я так разумею, што і кітайцы з другога боку, каб падзяліць Расею. Пасля гэтага магчымыя іншыя варыянты. Сімвалізм – Берлін 1945-га разам з тымі людзьмі, якія былі там увасобленыя, перабраўся ўсім кагалам у Маскву, які стане аналагам Берліну 1945-га – не ведаю, дзве тысячы дваццаць якога.

То бок Масква – гэта не трэці Рым, як яны любяць казаць, а другі Берлін.

Сёння яны нарываюцца на такі сцэнар.

Вы распавялі цікавую гісторыю пра зікурат, маўзалей Леніна, які дасюль стаіць, і Ленін там ляжыць, яго не прыбралі. У тыя ж самыя дні ўкраінцы прыбіраюць імперскія сімвалы – помнікі ў Адэсе, выклікаючы жудаснае ныццё ў расейскім інтэрнэце. Я маю на ўвазе помнік імператрыцы Кацярыне ІІ, помнік Сувораву. У Беларусі застаецца Сувораў, у маім родным Кобрыне некалькі помнікаў, музей Суворава, стаяць Леніны. Беларусам у будучыні трэба цалкам знесці гэтых Суворавых і Леніных і пакінуць пустое месца ці нам трэба паставіць сваё ў замен і што?

Натуральна, нам ёсць што паставіць. У нас свая традыцыя вялікая. Нам галоўнае цяпер прыжывіць да беларускага, нашай дзяржаўнасці, якую Лукашэнка любіць асэнсоўваць, але часам і ён згадвае, што беларускі народ сфармаваўся менавіта ў ВКЛ. Але ж у нас ёсць традыцыі і глыбейшыя. Народнае веча, Полацк, Віцебск, Смаленск. Сюды ж можна аднесці і Ноўгарад са Псковам. Прычым Ноўгарад – гэта чацвёртая ўсходнеславянская мова, якая найбольш блізкая была да беларускай. Расейцы знішчылі адмыслова, бо яна не ўпісвалася ў ніякія канцэпцыі.

Масква цалкам знішчыла наўгародскую цывілізацыю. Фізічна.

У Цверы першы герб – Пагоня. Гэта ўжо пасля таго, як Іван Грозны яе выразаў і засяліў новым насельніцтвам, ім далі іншы герб.

Ізноў жа сімвалізм, што дэмакратычныя расейцы – антываенныя, антыпуцінскія – узялі сваім сімвалам негістарычны сімвал Вялікага Ноўгараду. Ён фактычна не існуе, гэта быў мядзведзь, але сцяга няма. Але сучасны сімвал Ноўгараду, сімвал таго, што ў расейскай гісторыі была дэмакратыя і воля, яны ўзялі бела-блакітны-белы сцяг, які зноў жа нагадвае наш бел-чырвона-белы сцяг.

Вейшнорцаў пакрыўдзілі.

Вейшнорцы – гэта ўжо выдумка іншай фірмы. Пра гэта іншым разам.

Гэта зразумела.

Вялікі дзякуй за размову.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 29.12.22

belsat.eu

 

Стужка навінаў