Дзяды як магчымасць асэнсаваць сваё месца ў гісторыі


У Варшаве прайшло святочнае шэсце на Дзяды. Гэта даніна памяці продкам і адначасова пацвярджэнне, што беларускія палітычныя актывісты нават у вымушанай эміграцыі не забываюцца пра свае карані. Як дайсці да новай Беларусі? Як знайсці ў ёй сваё месца і што рабіць дзеля гэтага? На такія няпростыя тэмы паразмаўлялі з суарганізатарам шэсця ў Варшаве Яўгенам Дудкіным, кіраўніком варшаўскай суполкі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД).

В центре Варшавы прошла акция «Дзяды»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. У польскай сталіцы адбылося святочнае шэсце на Дзяды. Беларусы сабраліся каля помніку Тадэвушу Касцюшку і прайшліся вуліцамі сталіцы Польшчы. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

– Яўгене, якое значэнне мае святкаванне Дзядоў для сучасных беларусаў? 

Гістарычна беларуская дзяржава будавалася ў хрысціянскай традыцыі. Успамінаючы князёў полацкіх і тураўскіх, вялікіх князёў ВКЛ, мы згадваем, як дзеля легітымізацыі яны прымалі хрысціянства, атрымлівалі добраславенне на сваё кіраванне. Успамінаючы Кастуся Каліноўскага, успамінаючы паўстанцаў ХІХ стагоддзя, мы памятаем, што заўсёды з імі былі святары і неслі наперадзе крыж.

Сёння вельмі важна ўспамінаць і разумець, на якім падмурку нашыя гераічныя продкі будавалі сваё жыццё. Тады мы зможам зразумець прычыны перамог. Мы зможам зразумець і прычыны паразаў, зразумець, што не трэба рабіць. Трэба таксама глядзець на нашых суседзяў, што і чаму атрымалася ў іх. Бо яны таксама нашчадкі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Святкаваць Дзяды ў наш час гэта не толькі ўспомніць памерлых і паставіць зніч. Гэта, перш за ўсё, размова пра нас, пра нашую свабоду.

– У найноўшай гісторыі Беларусі ёсць дзве знакавыя падзеі: перазахаванне Кастуся Каліноўскага ў 2019 годзе і ўздым народнага палітычнага супраціву 2020 года. Тады здавалася, што яшчэ трохі – і зрушым. Якое цяпер адчуванне, у 2022-м?

– Сапраўды, Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў вельмі годна перапахавалі ў 2019-м. Мноства людзей тады прыехала ў Вільню з Беларусі, увесь свет убачыў, што Беларусь жыве. Але гэта была не толькі знешняя маніфестацыя. Многія тады пачалі наводзіць парадак у сваёй галаве, задаваць самому сабе пытанні і знаходзіць адказы. Многія ў 2019 годзе пачалі разумець, што трэба змагацца не за поўныя халадзільнікі, трэба змагацца за свабоду, за права быць свабодным чалавекам. Каб самому быць гаспадаром на сваё зямлі, мець годнасць. Людзі тады адчулі гонар, што ў іх ёсць гісторыя змагання за волю і годнасць, змагання супраць прыгнёту, змагання за незалежнасць.

Яўген Дудкін, кіраўнік суполкі БХД у Варшаве. Фота з уласнага архіву суразмоўцы

Сёння шмат хто зʼехаў, і гучаць галасы, маўляў, дзе цёпла і сыта, там і Радзіма. Але Радзіма там, дзе твае карані. Цяпер кожны беларус рэпрэзентую гэтую Радзіму там, дзе ён ёсць. Таму трэба памятаць пра свае карані і пра сваю годнасць.

– Што за этап цяпер у грамадска-палітычным жыцці? З’явіліся новыя палітычныя цэнтры і структуры. Пры гэтым працягваюць дзеяць ранейшыя партыі, у тым ліку БХД. Якія можам зрабіць падсумаванні сёння, амаль у канцы палітычнага года?

– Трэба прыглядацца да ўсіх палітычных структураў і бачыць, якія метады яны выкарыстоўваюць, якія задачы ставяць для дасягнення мэтаў. Калі задачы і мэты такія ж, як у рэжыму Лукашэнкі, калі ёсць пагарда нейкая ці шавінізм, маргіналізацыя з поўным адрывам ад каранёў, то гэта пагражае нам зноўку паўтарэннем таго, што было апошнія 28 гадоў. Рэжым, заснаваны на сіле і гвалце. Разумным людзям трэба перш за ўсё асэнсаваць сваё жыццё і знайсці для сябе адказ на важныя пытанні. Хто я ёсць? Куды я іду? З кім? У чым маё шчасце? Адказаўшы на гэтыя пытанні, людзі пачынаюць задумвацца, што рабіць, каб прыйсці да гэтага шчасця. Тады пачынаюцца пытанні іншага ўзроўню. Што такое свабода? Якою будзе новая Беларусь, якую я хачу пабудаваць? Пакуль што ўсе мы ў пошуках. І ёсць вельмі шмат тузаніны без мэты. Трэба мець мэты, мець план і выконваць яго. Трэба мець смеласць спыніцца і зразумець, што атрымалася, а што не. Зразумець, што трэба рабіць, каб атрымалася. Прызнаваць памылкі і рухацца наперад, распрацаваўшы новы план. Не варта, на маю думку, нешта рабіць абы было. Але варта мець план, ставіць перад сабою рэальныя мэты і ісці разам да іх, у супрацы.

– Я так разумею, што хрысціянская дэмакратыя, якую вы рэпрэзентуеце, ведае, што рабіць?

БХД пераглядае мінулы час, час страчаных магчымасцяў, калі не здолелі скарыстаць і накіраваць народны ўздым. Вывучае таксама лёс лідараў хрысціянскай дэмакратыі ў міжваенны час: што яны рабілі, якія мелі перамогі і паразы, дзе паддаліся эмоцыям замест дакладнага разліку, дзе пайшлі за агульнаю плынню, а дзе засталіся сабой і якім чынам яны захавалі свае каштоўнасці. Канечне, усе мы людзі, але эмоцыям не трэба паддавацца.

В центре Варшавы прошла акция «Дзяды»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. У польскай сталіцы адбылося святочнае шэсце на Дзяды. Беларусы сабраліся каля помніку Тадэвушу Касцюшку і прайшліся вуліцамі сталіцы Польшчы. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

У снежні ў Варшаве будзе выніковы зʼезд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Там мы падвядзём пэўную рысу, каб зразумець, гатовыя мы як палітычная сілы расці далей ці яшчэ ранавата і трэба папрацаваць на райнейшым узроўні.

– Сёлетнія Дзяды ў Варшаве праводзяцца па маршруце, падобным да мінулагодняга. Чаму абраны такі маршрут?

– Арганізатарамі Дзядоў у Варшаве ёсць сябры БХД, і задумаю было зрабіць святкаванне тут падобным на тое, што было ў Беларусі. Прайшлі мітынгі ў трох месцах, прайшло шэсце. Перад пачаткам прайшло набажэнства ў каталіцкім касцёле Святога Аляксандра на плошчы Трох крыжоў, на завяршэнні адбыліся малебен і памінальная вячэра ў грэка-каталіцкай царкве на вуліцы Мядовай. Сёлетні маршрут трохі меншы. Але мы па-ранейшаму пройдзем ад крыжа да крыжа.

Крыж у пачатку – гэта крыж Яна Паўла II на плошчы Юзэфа Пілсудскага. У 1979 годзе першы Папа-славянін прыехаў у Варшаву і сказаў народу Польшчы знакавыя словы: «Не бойцеся!» Нам таксама трэба не баяцца. Бо людзям уласціва баяцца. Баімся нешта мяняць, баімся змагацца, баімся памылак урэшце. Але я ўспамінаю яшчэ адну знакавую сустрэчу Яна Паўла ІІ. 1 снежня 1989 года ён сустракаўся ў Ватыкане з прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым. Царква існуе і дасюль, а СССР няма. Сёння робяцца спробы СССР аднавіць, гэта адна з прычынаў вайны ва Украіне. Але царква ёсць, бо заснаваная на іншым разуменні ўлады, чымся было ў СССР і ёсць у таталітарных дзяржавах. Сапраўдная ўлада заснаваная не на прыгнёце людзей, а на служэнні людзям. Калі мы імкнемся падтрымліваць адно аднаго, верачы, што Бог робіць сваю справу, а мы робім сваю, то страх праходзіць.

Апошняя кропка маршруту шэсця – Замкавая плошча ў Варшаве, дзе стаіць помнік нашаму агульнаму каралю Жыгімонту ІІІ Вазу, войскі якога некалі ўвайшлі ў Маскву. Гэта быў кароль палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў. Памятаць пра гэта вельмі вельмі важна ў кантэксце вайны Расеі ва Украіне. Цёмны час пройдзе. І ўсё, што некалі не дарабілі, даробім.

Запісаў Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў