Брытанія хоча паслаць вайсковых інструктараў ва Украіну. Румынія набліжае да мяжы СПА


Урад Вялікай Брытаніі хоча скіраваць ва Украіну вайсковых інструктараў для навучання мясцовых вайскоўцаў. Пра гэта заявіў міністр абароны Грант Шапс у інтэрв’ю The Telegraph.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трэнаванні ўкраінскіх вайскоўцаў з інструктарамі NATO ў Злучаным Каралеўстве. 17 красавіка 2023 года.
Фота: NATO / Facebook

Цяпер украінцаў навучаюць на тэрыторыі заходніх краін, у тым ліку і ў Брытаніі. І гэтыя краіны пазбягалі фармальнай вайсковай прысутнасці ва Украіне з прычыны рызык уступлення ў прамы канфлікт з Расеяй.

Як распавёў Грант Шапс, 29 верасня ён правёў з начальнікам генштабу брытанскіх збройных сілаў Патрыкам Сандэрсам нараду, вынікам якой стаў план навучаць украінскіх жаўнераў і афіцэраў на тэрыторыі іх жа краіны.

«У рэшце навучанне будзе перанесена бліжэй і фактычна непасрэдна ва Украіну», – сказаў міністр.

За апошні год Вялікая Брытанія ўжо падрыхтавала 26,5 тыс. украінскіх вайскоўцаў, а да канца года іх колькасць павінна скласці каля 30 тысяч.

Руманія бароніцца ад дронаў

Тым часам Reuters паведамляе, што Румынія перамяшчае супрацьпаветраную абарону бліжэй да мяжы з Украінай, дзе расейскія беспілотнікі атакуюць збожжавыя абʼекты, і дадае ў гэты раён больш вайсковых назіральных пунктаў і патрулёў. Раней стала вядома, што ў краіне размяшчаюць чатыры дадатковыя амерыканскія знішчальнікі F-16 і каля 100 амерыканскіх вайскоўцаў, а таксама пашыраюць беспалётную зону.

Як піша Reuters, усё гэта зʼяўляецца прыкметай росту занепакоенасці Румыніі і NATO у тым, што вайна на Украіне можа перакінуцца на яе тэрыторыю. Раней на румынскую тэрыторыю ўжо неаднаразова падалі рэшткі расейскіх дронаў.

Таксама з прычыны небяспекі з боку РФ вайскоўцы пабудавалі два бамбасховішчы ў невялікім паселішчы Плаўру, што ў некалькіх сотнях метраў ад украінскага Ізмаілу, а жыхарам рассылаюць абвесткі па мабільных тэлефонах пра магчымыя атакі беспілотнікаў.

30 верасня Міністэрства абароны Румыніі паведаміла, што ўначы паветраную прастору краіны, імаверна, парушылі расейскія дроны, якія атакавалі Украіну. Апавяшчэнне пра пагрозу атрымалі жыхары двух паветаў на мяжы з Украінаю: Тулча і Галац. Там па трывозе паднялі ратавальнікаў, паліцэйскіх і памежную службу.

Hавiны
Румынія заявіла пра імавернае парушэнне сваёй паветранай прасторы расейскімі дронамі
2023.09.30 12:06

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў