«Калі сыдуць пенсіянеры – школы вымруць». 1 верасня ў беларускіх школах бракавала педагогаў і «ваенрукоў»


На Дзень ведаў мы зазірнулі ў агульнарэспубліканскі банк вакансіяў, каб спраўдзіць, ці цалкам укамплектавалі свае шэрагі беларускія ўстановы адукацыі. Высветлілася, што далёка не ўсе. У беларускіх школах бракуе 1250 педагогаў, 760 выхавальнікаў, 650 настаўнікаў і некалькіх соцень «ваенрукоў».

Вучні старэйшых класаў выносяць дзяржаўны сцяг на ўрачыстай лінейцы ў адной са школаў. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

У агульнарэспубліканскай базе вакансіяў мы знайшлі 654 гарачыя прапановы для настаўнікаў, датаваныя апошнімі днямі жніўня ды 1 верасня. Што праўда, за некалькі гадзінаў, цягам якіх пісаўся гэты тэкст, 13 вакансіяў закрыліся.

Заробкі для педагогаў – 500700 рублёў

Гімназія № 5 Менску шукала чатырох настаўнікаў, педагога-псіхолага, інжынера-праграміста і аператара ЭВМ. Сярод дадатковых патрабаванняў да кандыдата пазначаная «адсутнасць судзімасці». Настаўніка фізкультуры шукаюць на поўную стаўку – заробак ад 700 да 1000 рублёў. Настаўніку музыкі (клас ударных інструментаў) абяцаюць 500 рублёў на палову стаўкі. Настаўніку пачатковых класаў – ад 700 рублёў (на стаўку). А педагогу-псіхолагу – да 300 рублёў (паўстаўкі).

У берасцейскай СШ № 7 на 1 верасня бракуе аднаго настаўніка (шукаюць працавіка) ды «іншых спецыялістаў-прафесіяналаў у галіне адукацыі»: педагога-арганізатара, педагога-псіхолага, сацыяльнага педагога, кіраўніка фізічнага выхавання і рабочага для комплекснага абслугоўвання будынкаў. Заробкі ўсім – ад 500 да 700 рублёў на поўную стаўку.

Зусім свежыя вакансіі – з Кастрычніцкай СШ Віцебскага раёну. Тут у аператыўным парадку патрэбны настаўнік англійскай мовы на 0,75 стаўкі з заробкам 700–900 рублёў. Пазначана, што могуць узяць і спецыяліста з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, вышэйшая – неабавязковая. Колькі заробіць? Толькі на 200 рублёў больш за прыбіральніка (шукаюць двух), рабочага комплекснага абслугоўвання (таксама бракуе двух) або вартаўніка.

Hавiны
Кіраўнік дзяржавы, ідэолагі і ваенрукі: як Гітлер рабіў нямецкія школы нацысцкімі
2021.09.05 11:42

У сярэдняй школе ў Верцялішках (Гарадзенская вобласць) да 1 верасня так і не знайшлі кіраўніка ў сферы вайскова-патрыятычнага выхавання найвышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. За 0,75 стаўкі абяцаюць усяго 435 рублёў. Калі ўладкавацца ў тую ж школу вартаўніком (а яны таксама патрэбныя), будзеш зарабляць на 100 рублёў больш. Ёсць у школе і вакансія настаўніка англійскай мовы: 0,65 стаўкі, заробак 330 рублёў.

Кадравыя праблемы з «ваенрукамі»

Што да кіраўнікоў у вайскова-патрыятычным выхаванні, то ў базе вакансіяў мы знайшлі каля 200 адкрытых прапановаў, якія з’явіліся ў апошнія дні лета і 1 верасня. Заробкі ў сярэднім ад 400 рублёў на палову стаўкі і ад 650 – на поўную стаўку. Прыкладам, «ваенрук» у СШ № 208 Менску зможа зарабіць 800 рублёў (шасцідзённы працоўны тыдзень), а ў гімназіі № 1 Мастоў (Гарадзеншчына) спецыялісту абяцаюць усяго ад 500 рублёў заробку на стаўку.

Кіраўнікі ў вайскова-патрыятычным выхаванні пачалі працу ва ўстановах адукацыі Беларусі 1 верасня 2021 года. Малюнак Дэ Лёс

«Ваенрукоў» бракуе паўсюль – у Горадні, Магілёве, Жодзіне, Воршы, Бабруйску, Стоўбцах, Шклове ды іншых гарадах. Нават у Менску 25 вакансіяў.

Дарэчы, «ваенрукоў» шукаюць і ў дзіцячых садках. Прыкладам, у Залессі і Карабах Глыбоцкага раёну (Віцебшчына), Выверах Маладзечанскага раёну ды ў іншых мясцінах.

Новая штатная адзінка кіраўніка ў вайскова-патрыятычным выхаванні была ўведзеная ў беларускіх школах з пачатку навучальнага года 2021/2022. На пасаду бяруць спецыялістаў з вайсковай адукацыяй. У іхныя задачы ўваходзяць рыхтаванне старэйшых школьнікаў да службы ў войску, арганізацыя выправаў у вайсковыя часткі, гульняў і конкурсаў, а таксама правядзенне заняткаў вайсковай падрыхтоўкі.

Дзе найбольш бракуе настаўнікаў

Найбольшы дэфіцыт настаўнікаў, калі зыходзіць з інфармацыі агульнарэспубліканскай базы вакансіяў, адчуваюць Менск і Гарадзеншчына:

  • Менск: 241
  • Гарадзенская вобласць: 133
  • Менская вобласць: 94
  • Магілёўская вобласць: 74
  • Віцебская вобласць: 54
  • Гомельская вобласць: 36
  • Берасцейская вобласць: 23.

Самыя прывабныя вакансіі для настаўнікаў

Сярод самых «дарагіх» вакансіяў – прапанова для настаўніка матэматыкі ў СШ № 208 Менску з заробкам да 1700 рублёў (поўная стаўка, шасцідзённы працоўны тыдзень). Але такія прывабныя заробкі фігуруюць толькі ў дзвюх заяўках на ўсю краіну. Другая – таксама для настаўніка матэматыкі ў гімназіі № 36 Менску.

Сярод больш як 650 вакансіяў настаўнікаў толькі 56 – з прапановай заробкаў 1200 рублёў і вышэй (то бок прыблізна  знакамітыя «папіццот»).

Шукаюць педагогаў

Проста на Дзень ведаў установы адукацыі шукалі 1250 педагогаў, якія падпадаюць пад катэгорыю «іншыя спецыялісты ў галіне адукацыі».

1 верасня былі незакрытыя вакансіі для:

  • 411 педагогаў-псіхолагаў (толькі 6 вакансіяў з абяцаннем 1000 рублёў);
  • 304 педагогаў дадатковай адукацыі;
  • 180 педагогаў-арганізатараў (сярэдні заробак 500–600 рублёў);
  • 252 сацыяльных педагогаў (толькі 7 вакансіяў з заробкам 1000 рублёў).

Не хапае ў Беларусі на старце новага навучальнага года і выхавальнікаў: у базе вакансіяў 764 прапановы, 523 з іх – гэта працоўныя месцы для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. Прапанаваныя заробкі не нашмат перавышаюць пражытковы мінімум (на сёння складае 328,50 рублёў). Напрыклад, выхавальніцы ў бабруйскіх яслях № 8 прапаноўваюць плаціць 250 рублёў (паўстаўкі). Заробкі на стаўку ў сярэднім ад 500 да 700 рублёў.

Былы дырэктар школы: «Ваенрукі»? Спакойна абыходзіліся і без іх»

Былы дырэктар адной з беларускіх школаў, які папрасіў аб ананімнасці, мяркуе, што вялікі недахоп педагогаў у беларускіх установах адукацыі на пачатку навучальнага года звязаны найперш з малымі заробкамі пры вялікіх нагрузках, а таксама з «дыскрэдытацыяй школы».

«Калі чалавек атрымлівае 600 рублёў, а за гэтыя 600 рублёў мае выконваць цэлую гару службовых абавязкаў – то хто туды пойдзе?

У сацыяльнага педагога наагул праца няўдзячная. І з семʼямі ў сацыяльна небяспечным стане працуеш, і ўсе цябе дзяўбуць, і на камісіі хадзі. Шмат, вядома, залежыць ад таго, у якім раёне школа. Але нават калі яна месціцца ў цэнтры гораду, як гэта было ў маім выпадку, кадравыя праблемы могуць узнікнуць», – расказвае мужчына.

Пачатак навучальнага года ў Беларусі. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Кадравыя праблемы з педагогамі-псіхолагамі, якія самі часам зазнаюць велізарную псіхалагічную нагрузку, і педагогамі-арганізатарамі, якіх выкарыстоўваюць у школах хто як хоча, таксама зразумелыя, лічыць былы дырэктар. Пакуль людзям за іхную пякельную працу будуць плаціць 500 рублёў – ніхто туды не пойдзе.

Каментуючы заяву міністра адукацыі Андрэя Іванца пра тое, што 9,5 % настаўнікаў у школах Беларусі складаюць пенсіянеры, наш суразмоўца заўважае, што толькі на гэтых людзях беларуская школа і трымаецца.

«Калі яны сыдуць, гэтыя настаўнікі пенсійнага ўзросту, то школы проста вымруць – практычна ўва ўсёй Беларусі. Бо яна трымаецца за кошт старой гвардыі. Бо ў педагагічныя ВНУ цяпер набіраюць усіх запар і абы-каго», – кажа былы кіраўнік установы адукацыі.

Выказваецца ён і таксама наконт «ваенрукоў» у беларускіх школах. Увядзенне такой пасады ён называе «абсалютнай бязглуздзіцай».

«Ваенрукі?» Спакойна раней абыходзіліся і без іх. Лішняе ў школе. Нейкая бязглуздзіца з савецкага часу, абсалютная бязглуздзіца. Да чаго рыхтавацца? Да вайны? Трызненне нейкае. Не мусіць такога быць. Хіба – у Паўночнай Карэі…» – мяркуе суразмоўца «Белсату».

Паводле справаздачы Нацыянальнага статыстычнага камітэту РБ, у 2020 годзе ў Беларусі працавалі 198,3 тыс. педагагічных работнікаў і 84,6 тыс. настаўнікаў. Сярэдні заробак настаўнікаў на той момант складаў 1042,3 рубля. Міністэрства адукацыі падае за 2020 год іншую статыстыку. Паводле ведамства, у 2020 годзе ў краіне працавалі 117,3 тыс. настаўнікаў (магчыма, улічылі настаўнікаў-сумяшчальнікаў). У 2021-м налічылі 106,7 тыс. То бок за год (з 2020-га да 2021-га) колькасць настаўнікаў паменела на 10,5 тыс. чалавек. Статыстыкі, датычнай колькасці настаўнікаў і педагогаў перад навучальным годам 2022/2023, міністэрства не публікуе. Пакуль што гэта таямніца.

Фота
Першы раз у першы клас. У Беларусі пачаўся навучальны год
2022.09.01 17:53

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў