Іван Баранчык – адзін з самых значных беларускіх спартоўцаў, хоць яго мала ведаюць на радзіме.
Найлепшы бой 2020 года ў сусветным боксе быў з удзелам Баранчыка. Да таго ж, што важна для адэкватных заўзятараў, наш баец мае грамадзянскую пазіцыю. Пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў ён публічна ўзняў бел-чырвона-белы сцяг і выказаў пратэст супраць гвалту.
Іван Баранчык (28 гадоў) рос у Салігорску, а ў поўнагадовым узросце паехаў шукаць спартовага шчасця ў ЗША. Сёння трэнуецца ў Маямі, у знакамітага кубінскага спецыяліста Пэдра Дыяса.
Беларус здолеў імкліва дарасці да топ-узроўню. У 2018–2019 гадах Іван валодаў поясам чэмпіёна свету ў версіі IBF, але страціў яго.
Сакрэт запатрабаванасці просты. Двубоі Баранчыка нагадваюць бескампрамісныя рубкі на мяжы здаровага сэнсу. Беларус прэ на супернікаў, як танк, і навязвае размены, як апошні раз у жыцці. Такі стыль, безумоўна, захапляе фанатаў, але небяспечны як для апанентаў, так і для Баранчыка.
Напрыклад, у 2020 годзе беларус сустрэўся з амерыканцам Хасэ Сэпэдам. Вайна на рынгу абярнулася тым, што супернікі пабывалі ў накдаўнах па чатыры разы кожны. Перамог амерыканец. Самы аўтарытэтны баксёрскі часопіс «The Ring» і Амерыканская асацыяцыя журналістаў (BWAA) назвалі зарубу Баранчыка і Сэпэда «Боем 2020 года». Так беларус чарговы раз стварыў гісторыю, хоць і не выйшаў з рынгу пераможцам.
Пасля выбараў-2020 некаторых уразіла, што беларусы гатовыя класціся на амбразуру ў імя свабоды. Спецназ, кулі, гранаты, турмы не спынялі герояў.
Байцоўскі стыль Івана Баранчыка ў нечым падобны. Але, налятаючы на апанента, як дзік на палясоўшчыка, баксёр моцна рызыкуе і наторкваецца на небяспечныя сустрэчныя ўдары.
Так, 30 жніўня ў Кліўлендзе на вачах у дзясяткаў мільёнаў гледачоў Баранчык навязаў неабгрунтаваную рубку нябітаму амерыканцу Мантану Лаву. Напрыканцы 6-га раўнду Іван праваліўся падчас атакі і наткнуўся на cустрэчны левы апэркот. І хоць беларус здолеў падняцца і рваўся ў бой, ягоны трэнер Пэдра Дыяс адмовіўся працягваць.
Каментатары раяць Баранчыку не працягваць кар’еру на топ-узроўні, каб не падарваць здароўе. Якое ж рашэнне прыме Іван, даведаемся неўзабаве.
Belsat.eu