Латвія збіраецца ўвесці электронную чаргу на мяжы з Беларуссю, каб паменшыць чэргі


Латвія збіраецца ўвесці электронную чаргу на мяжы з Беларуссю і Расеяй, каб скараціць чэргі. Пра гэта латышскаму тэлебачанню паведаміў міністр фінансаў Арвілс Ашэрадэнс.

Чэргі цяжкавікоў на мяжы Латвіі. Скрыншот з відэа: «LTV Ziņu dienests» / YouTube

Міністр фінансаў Латвіі Арвілс Ашэрадэнс паведаміў, што на ліквідацыю чэргаў на мяжы з Беларуссю і Расеяй вылучаныя сродкі. Чэргі збіраюцца паменшыць  увядзеннем электроннай рэгістрацыі, што дасць магчымасць кіроўцам фураў прыязджаць на мяжу ў прызначаны кампʼютарнай сістэмай час. Пакуль жа чэргі на латышскай мяжы займаюць два-тры дні.

«Мы працуем цяпер над увядзеннем электронных чэргаў на мяжы. Іншымі словамі, кіроўца будзе ведаць, калі яму трэба ехаць на мяжу, рэгіструючы сваю чаргу ў загадзя вызначаным парадку ў кампʼютарнай сістэме», – адзначыў Ашэрадэнс.

Пры гэтым адзначаецца, што прыярытэтам для латышскіх мытнікаў цяпер ёсць не спрыянне гандлю, а кантроль за выкананнем санкцыяў. Паводле дырэктара Мытнай управы Службы дзяржаўных даходаў Латвіі Раймандса Зукулса, цяпер каля 70 % правяранняў ажыццяўляюцца дзеля непасрэднага кантролю санкцыйных тавараў. Латышскія мытнікі абмяжоўваюць таксама і рух некаторых тавараў транзітам праз тэрыторыю Расеі, тавараў, прызначаных для Цэнтральнай Азіі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў