Суд над пенсіянеркай, затрыманне кандыдата навук, галадоўка Гундара. Рэпрэсіі супраць беларусаў 1 ліпеня


Затрыманні, суды і здзекі ў калоніях – у сучаснай Беларусі гэта адбываецца штодзень. Пенсіянерку ў Кобрыне судзяць за адно слова, у Горадні затрымліваюць кандыдата навук, у Полацку – вядомую музыку. Рэпрэсіі супраць беларускага народу не спыняюцца.

У Кобрыне хацелі асудзіць 70-гадовую жанчыну Антаніну Мартыненку за абразу сумна вядомага ў Беларусі супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча. Жанчына – два гады таму! – напісала пад фота Вольніча адно слова: «мразь». Крымінальную справу за гэты каментар пачалі разглядаць у кобрынскім судзе. Але ў першы дзень паседжання аказалася, што позву жанчына атрымала менш чым за 5 сутак да суду. Спачатку адклалі паседжанне, а потым – спынілі справу ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўніны.

  • Палітвязень і фігурант «справы Аўтуховіча» Уладзімір Гундар трымае сухую галадоўку ў карцары. Ягоная жонка паведаміла журналістам, што для мужа гэта вельмі небяспечна, бо праз гіпертанію яму трэба рэгулярна прымаць лекі, а без вады гэта немагчыма. У карцар Гундара кінулі на 10 содняў. Ён абвясціў галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагуе на ягоныя патрабаванні, а таксама як адказ на прымусовае распрананне перад працэсам

Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага паставілі на прафулік як «схільнага да ўцёкаў» – цяпер у яго чырвоная бірка. Акрамя гэтага, яго пазбавілі працяглага спаткання. Прысуджаны яму тэрмін (18 гадоў зняволення) Дубоўскі адбывае ў калоніі «Віцьба-3» пад Віцебскам.

У Полацку 30 чэрвеня затрымалі салістку гурта «Варган» Ксенію Глот. 1 ліпеня стала вядома, што ёй прысудзілі 15 содняў адміністрацыйнага арышту.

Абноўлена
Салістку гурта «Варган» Ксенію Глот кінулі за краты на 15 содняў
2022.07.01 19:07

У Горадні затрымалі Алега Сягодніка. Ён бацька траіх дзяцей і сябра ліквідаванай арганізацыі «ВелаГродна».

  • Таксама ў Горадні затрымалі 38-гадовага кандыдата навук, хірурга Віктара Русіна. Мужчына двойчы быў стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта РБ.

У Маладзечне на год «хатняй хіміі» асудзілі 24-гадовага Арцемія Картавенкава. У якасці пацярпелага ў справе праходзіў начальнік менскага АМАПу Дзмітрый Балаба, фота якога пракаментаваў Картавенкаў. Ён напісаў:

«Трэба нагадаць яму, хто ён – кавалак ..!»

Асуджаны мусіць таксама выплаціць Балабе маральную кампенсацыю – у суме 1500 рублёў.

  • Стала вядома, што палітвязня Андрэя Новікава чатыры месяцы ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры. За якія парушэнні палітвязня карала адміністрацыя бабруйскай калоніі, пакуль невядома. У сакавіку 2022 году Андрэя Новікава змяшчалі ў карцар на 39 дзён. Андрэй Новікаў – грамадзянін Расеі.

Па стане на 1 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1234 чалавекі.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў