Два гады таму пачаўся суд над Сцяпанам Латыпавым


1 чэрвеня 2021 года ў судзе Савецкага раёну Менску пачаўся суд над жыхаром «плошчы Пераменаў» Сцяпанам Латыпавым. Падчас разгляду справы Сцяпан паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

Сцяпан Латыпаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Перад тым, як зрабіць такі адчайны ўчынак, палітзняволены звярнуўся да бацькі: «Пасля спаткання да мяне прыйшоў ГУБАЗ. Паабяцаў, што калі я не прызнаю віны, у мяне будзе прэс-хата, крымінальныя справы супраць родных і суседзяў. Прэс-хата ў мяне была – 51 дзень. Так што ты рыхтуйся». Пасля Сцяпан Латыпаў праткнуў сабе горла шарыкавай асадкай.

Пакуль медыкі спрабавалі трапіць за краты ў зале суда, мужчына ўжо страціў прытомнасць. Яго адвезлі ў лякарню і зрабілі аперацыю.

Прэс-хатай у зняволенні называецца камера, дзе адміністрацыя калоніі чыніць ціск на неўпадабаных вязняў з дапамогай іншых зняволеных, каб дэмаралізаваць іх і выбіць паказанні. Прысутныя ў судзе звярнулі ўвагу, што Латыпаў кульгаў, меў апухлы твар і сіняк пад вокам. Сам ён таксама намякаў, што зазнаваў збіццё падчас утрымання пад вартай.

Абвінавачвалі Сцяпана Латыпава паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: «Арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 і 2 арт. 342), «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных справаў» (ч. 2 арт. 363) і «Махлярства ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 ). Пракурор запатрабаваў для Латыпава 8,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў.

16 жніўня 2021 года суд вынес менавіта такі прысуд. Латыпаў не прызнаў віны ні ў адным з выстаўленых яму абвінавачанняў.

Затрыманне Сцяпана Латыпава.
Фота: Tut.by

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў сталічнай «плошчы Пераменаў» падчас таго, як ён спрабаваў абараніць мурал з «дыджэямі пераменаў», намаляваны ў цэнтры жылога кварталу. Латыпава жорстка затрымалі і ўчынілі ператрус у кватэры. 9 месяцаў да пачатку суда мужчына заставаўся ў СІЗА.

Вядома, што пры адбыцці пакарання Сцяпан Латыпаў глытаў лязо і рэзаў вены на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі калоніі № 22 у Івацэвічах. У верасні 2022 года палітзняволенаму замянілі рэжым на больш жорсткі і перавялі з калоніі ў магілёўскую турму № 4.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў